Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якіх зьменаў чакаеце ў cваім жыцьці пасьля газавых дамоўленасьцяў Беларусі й Расеі?


Радыё Свабода На гэтае пытаньне нашаму карэспандэнту адказваюць жыхары Мар’інай Горкі.

Спадарыня: “Газ падаражэе, камунальныя паслугі падаражэюць. Вось у маёй дачкі трохпакаёвая кватэра — дык цяпер што рабіць? Яна адна настаўніцай робіць, дык хіба яна пракорміць на адну зарплату, а ў яе дзяўчынка вучыцца? І як жыць? Нічога не дзешавее, а ўсё даражэе”.

Спадарыня: “Вядома, падаражэе. Дзяржаве ж трэба армія. А ў нас няма ні газу, ні нафты, ні вугалю. З чаго ж браць грошы? Я думаю, што падаражэе газ. Усё падаражэе”.

Спадар: “Горш станем жыць, яшчэ бядней”.

Спадарыня: “Накінулі сябры цану на газ. Хіба мы задаволеныя такімі сябрамі? Яшчэ дзякуй Лукашэнку, што ён не пагадзіўся жыць разам. А, каб разам, то прапала б Беларусь. Расейцы б нас зьелі”.

Спадарыня: “Вельмі абураюся. Хіба так можна па-сяброўску? Было што на мяжы стаялі палкі, а Лукашэнка іх прыбраў. А цяпер вось газ нам даюць дарагі. Я лічу, што так нельга”.

Спадарыня: “Я вельмі злая на гэты “Газпром”. Там сядзяць такія акулы бізнэсу, якія хочуць праглынуць усё”.

Спадар: “Што зьменіцца? Я ня ведаю, якія будуць да людзей падыходы, якія Лукашэнка зробіць камунальныя паслугі. Але, думаю, што добрага чакаць ня трэба. Напрыклад, у нас, у Мар’інай Горцы, можна па тэлебачаньні паглядзець “Эўраньюс”. Там відаць, што Эўропа зацікаўленая, каб падзеі ў Беларусі, якая ёсьць транзытнай краінай, на іх не адбіліся. Але гэта абавязкова адаб’ецца на нас”.

Спадарыня: “Усе кошты падымуцца. Таму што цана на газ павялічылася, на сьвятло вырасьце, на харчаваньне”.

Спадар: “Я думаю, што будзе так, як і было. Калі й вырастуць кошты, то на 1—2%. Ня больш. Нічога страшнага ня будзе, бо заробкі павялічацца, пэнсіі”.

Спадарыня: “Цяжкавата будзе. Але ж будзем неяк выкручвацца. Сабекошт газу вельмі высокі. 100 даляраў будзем плаціць, і нідзе ніхто ня дзенецца”.

Спадарыня: “Перажылі вайну, голад — перажывём і гэта”.

Спадар: “Нічога асаблівага ня будзе. Цэны, як заўжды, павялічацца. Але гэта было б і бяз гэтых дамоўленасьцяў. Яны рана ці позна павялічваюцца — так бывае ў любой краіне. Гэта прагматычнае рашэньне. Мы й яны навучымся працаваць так, як гэта адбываецца ва ўсім сьвеце. А пакуль давядзецца змагацца кожнаму са сваімі праблемамі. Вось і ўсё”.
XS
SM
MD
LG