Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анджэй Вайда здымае фільм пра Катынскую трагедыю


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Адной з найвялікшых падзеяў у культурным жыцьці Польшчы сёлета будзе прэм’ера мастацкага фільму выбітнага польскага рэжысэра Анджэя Вайды, прысьвечанага Катынскай трагедыі. Катынская трагедыя - гэта агульны назоў расстрэлаў у 1940-м годзе супрацоўнікамі НКВД 22 тысячаў польскіх афіцэраў, паліцыянтаў, навукоўцаў у тым ліку і ў Курапатах. Сярод расстраляных быў і бацька Анджэя Вайды.

Анджэй Вайда – выбітны рэжысэр, ляўрэат Оскара і вышэйшых узнагародаў Канскага, Бэрлінскага, Гдыньскага кінафэстываляў, кажа, што вельмі даўно хацеў зьняць фільм пра Катынь, але адчуваў, што ніяк ня можа знайсьці адпаведны падыход каб паказаць тыя падзеі.

Нягледзячы на багаты досьвед - больш за 50 фільмаў, некаторыя зь якіх трапілі ў скарбонку сусьветнага кіно - спадар Вайда не хавае свайго хваляваньня.

Вайда: “Гэта адзін з самых цяжкіх праектаў у маім жыцьці. Сярод забітых у Катыні быў і мой бацька, гэта яшчэ павялічвае адказнасьць”.

У фільме “Post mortem. Катынская аповесьць” распавядаецца перадусім пра лёсы сваякоў забітых польскіх афіцэраў, якіх камуністычныя ўлады шмат гадоў падманвалі, гаворачы што гэта злачынства фашыстаў.

Вайда: “Пасьля шматгадовых разважаньняў і спробаў я зразумеў, што фільм пра Катынь ня можа быць проста хрэстаматыйным пералікам гістарычных фактаў – гэтыя факты і так вядомыя. Мой фільм будзе пра асабістыя лёсы людзей, якія страцілі сваіх братоў, бацькоў у выніку гэтага злачнства. Гэта расповед пра тое, як іх падманвалі. Былі адважныя людзі, якія спрабавалі казаць праўду - ім таксама прысьвечаны мой фільм”

Галоўныя сцэны фільму здымаліся ў Кракаве - там, паводле сцэнару, у часе ІІ Сусьветнай вайны і адразу пасьля яе завяршэньня, жывуць сваякі расстралянага ў Катыні афіцэра. Цяпер здымачная група працуе каля Варшавы – там пабудаваныя дэкарацыі лягэру для палонных.

Прадзюсар фільму Мацей Квяціньскі кажа: “Post mortem...” гэта для мяне самы важны фільм у жыцьці – маю сям’ю таксама закранула Катынь. Спадар Вайда знайшоў адзіны правільны шлях, каб паказаць памеры гэтай трагедыі. Атмасфэра на здымачнай пляцоўцы фантастычная – мне падаецца, што гэты фільм усе чакаюць зь вялікай надзеяй”.

Перад пачаткам здымкаў, а у фільме бяруць удзел амаль выключна зоркі польскага кіно, стваральнікі “Катынскай гісторыі” напісалі: “У адной з тэлепраграмаў гімназіст на пытаньне, што азначае дата 17 верасьня адказаў: напэўна нейкае царкоўнае сьвята. Спадзяемся, што пасьля фільму “Post mortem. Катынская аповесьць” на пытаньне “што такое Катынь” шмат хто скажа значна больш, чым толькі “мясцовасьць каля Смаленску”.

Прэм’ера фільму заплянаваная на 17 верасьня 2007 году.



Кадр зь фільму “Post mortem. Катынская аповесьць”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG