Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто перамог у беларуска-расейскім газавым канфлікце?


Валер Карбалевіч, Менск Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Валер Карбалевіч: “Абодва бакі ня сталі даводзіць да прыпыненьня паставак газу ў Беларусь і напярэдадні новага году падпісалі дамовы наконт усіх спрэчных газавых пытаньняў. Гэтую навіну ўспрынялі з палёгкай і беларускія грамадзяне, і грамадзяне эўрапейскіх краінаў. Але калі глядзець беларускія тэлеканалы, то ствараецца ўражаньне вялікай крыўды афіцыйнага Менску на “Газпром”, расейскія ўлады. Як можна ацаніць сам факт падпісаньня газавых дамоваў?”

Тацяна Манёнак: “Ішоў жорсткі гандаль. Хоць беларускія прадстаўнікі казалі, што краіна падрыхтаваная да адключэньня газу, зробленыя запасы мазуту ды іншых відаў паліва, але насамрэч больш за суткі беларуская эканоміка вытрымаць адсутнасьці газу не магла. Таму паўтарэньня сытуацыі лютага 2004 году, калі Расея адключыла газ, быць не магло.

Падпісаўшы кантракт за дзьве хвіліны да новага году, бакі захавалі твар. Прэм’ер Беларусі Сідорскі сказаў, што гэтыя пагадненьні нявыгадныя Беларусі”.

Кірыл Коктыш: “Гандляваліся ня толькі за кошт газу і “Белтрансгазу”. Дванаццаць гадоў на парадку дня спрэчак стаяў сам праект саюзнай дзяржавы.

Цяпер адбыўся важны зрух, палітычны праект быў вынесены за дужкі. Краіны пераходзяць на рынкавыя ўмовы супрацоўніцтва. Гэта азначае, што сёлета Беларусь становіцца ў поўным сэнсе сувэрэннай дзяржавай.

Хоць абодва бакі пужалі, але ні Беларусь, ні Расея не былі падрыхтаваныя да сур’ёзнай канфрантацыі. Калі б Беларусь пачала “несанкцыянаваны забор газу” з газаправоду Ямал—Эўропа, то саюзьніцкія дачыненьні зьмяніліся жорсткай канфрантацыяй.

Умовы, на якіх падпісаныя пагадненьні, у большай ступені прадыктаваныя Расеяй. Але гэтыя цэны выключаюць гандаль сувэрэнітэтам Беларусі — прынамсі на гэты год”.

Карбалевіч: “Наконт умоваў. Падчас доўгіх і жорсткіх спрэчак на працягу году кожны бок настойваў на сваёй цане на газ. Менск патрабаваў, каб кошт газу для Беларусі быў на ўзроўні расейскіх цэнаў для Смаленскай вобласьці, то бок трохі больш 50 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. “Газпром” настойваў на цане 200 даляраў. На мінулым тыдні Менск прапаноўваў 75, а Масква — 105 даляраў. І вось бакі сышліся на цане 100 даляраў. На чыю карысьць гэты кампраміс?”

Манёнак: “На карысьць расейскага боку. За апошнія дні Расея пайшла на саступку толькі на 5 даляраў. У Беларусі не было юрыдычных падставаў, каб патрабаваць роўных цэнаў на газ з расейскімі спажыўцамі. Бо Расея выйшла з пагадненьня аб роўных умовах дзейнасьці для суб’ектаў гаспадараньня.

Цяпер беларускім уладам давядзецца перагледзець усе бюджэтныя паказчыкі, інвэстыцыйныя праграмы. Урад гэтую сытуацыю прадбачыў і каб перажыць гэты пераходны пэрыяд, стварыў Фонд нацыянальнага разьвіцьця, у які прыбытковыя прадпрыемствы павінны былі пералічыць да канца мінулага году каля 600 мільёнаў даляраў”.

Коктыш: “Найперш, гэты кампраміс атрымаўся на карысьць рынкавых дачыненьняў. Што тычыцца юрыдычных падставаў, пра што казала спадарыня Манёнак, то трэба адзначыць, гэтае пагадненьне ад 2002 году не было ратыфікаванае Дзярждумай Расеі. А зь іншага боку, яно ніколі не выконвалася Беларусьсю. Бо напрыклад, Менск так і ня выканаў таго пункту пагадненьня, які прадугледжваў стварэньне сумеснага з Расеяй прадпрыемства на аснове “Белтрансгазу”.

Калі ўлічыць новыя цэны за газ, якія павінна плаціць Беларусь (100 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў), а таксама 625 мільёнаў даляраў, якія павінна пералічыць Расея за акцыі “Белтрансгазу” сёлета, то ў выніку атрымліваецца, што рэальна Беларусь будзе плаціць толькі каля 70 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў”.

Манёнак: “Пачынаецца нейкі пераходны этап. Бо мы не адразу пераходзім да рынкавых цэнаў на газ, а толькі праз чатыры гады. Гэтым годам нам давядзецца заплаціць дадаткова толькі 1 мільярд даляраў, а праз чатыры гады — 4 мільярды даляраў.

Хачу зьвярнуць увагу, што ніводная транзытная дзяржава ня мае дзьвюх нітак газаправоду, як у Беларусі. Адна зь іх (Ямал—Эўропа) цалкам належыць “Газпрому”, а другая — беларускай дзяржаўнай кампаніі “Белтрансгаз”. Гэтыя дзьве газатранспартныя сыстэмы зьяўляюцца нават канкурэнтамі адна адной. І “Газпром” апошнія гады павялічваў пракачку газу праз сваю сыстэму й скарачаў транзыт празь беларускую нітку.

Два-тры гады таму праз сыстэму “Белтрансгазу” перапампоўвалася каля 19—20 мільярдаў кубамэтраў газу, а летась толькі 14,5 мільярда кубамэтраў. А празь нітку Ямал—Эўропа пракачалі каля 33 мільярдаў”.

Карбалевіч: “Важным вынікам перамоваў стала згода кіраўніцтва Беларусі прадаць 50% акцыяў “Белтрансгазу”, хоць шмат экспэртаў казалі, што Лукашэнка не аддасьць гэтай кампаніі ні ў якім разе. Цана 2,5 мільярда даляраў поўнасьцю супадае з той цаной, якую называў Лукашэнка два гады таму. Прычым, плаціць за акцыі “Газпром” будзе ня газам, а жывымі грашыма на працягу чатырох гадоў. Як вы пракамэнтуеце гэтае пагадненьне?”

Манёнак: “З той афіцыйнай інфармацыі, якая прагучала, так і незразумела, калі ж будзе створанае сумеснае прадпрыемства. Відавочна, што аднолькавых умоваў гаспадараньня для Беларусі й Расеі ўжо ня будзе. І калі пачаўся пераход на рынкавыя дачыненьні, то правільна было б, каб кіраўніцтва Беларусі палічыла, колькі каштуе транзыт, вайсковыя аб’екты”.

Коктыш: “Зь беларускага боку стварэньне СП было вымушаным крокам. Абяцаньні трэба выконваць нават калі прайшло пяць гадоў з таго часу, калі іх давалі.

Дасюль мы ня маем афіцыйнай ацэнкі “Белтрансгазу” з боку галяндзкага банку, які быў незалежным ацэншчыкам. Мы маем толькі заявы расейскага і беларускага боку, якія даюць зусім розныя лічбы. “Газпром” заяўляў, што 3,3 мільярда даляраў — гэта завышаная ацэнка, і канчатковая цана — гэта вялікі крок насустрач Беларусі. Беларускія прадстаўнікі сьцьвярджалі, што галяндцы ацанілі кампанію на 5,3 мільярда, і Беларусь зрабіла крок насустрач Расеі.

Здаецца, што ўсё ж бліжэйшыя да ісьціны расейцы. “Газпром” пайшоў на завышаную ацэнку “Белтрансгазу”, каб была падстава прапанаваць Беларусі прымальныя цэны на газ і, такім чынам, пазбавіць беларускую эканоміку ад шоку.

У выніку гэтых пагадненьняў капіталізацыя “Газпрому”, паводле маіх ацэнак, павялічыцца на 40—50 мільярдаў. Хоць “Газпром” і стаў суўласьнікам “Белтрансгазу”, але ўплываць на палітыку гэтай кампаніі ў цяперашніх беларускіх умовах нерэальна”.

Манёнак: “Справядлівая цана за кампанію — гэта тая цана, пра якую дамаўляюцца бакі. Расейскі “Газпром” — гэта ня тая кампанія, якая можа штосьці падарыць Беларусі. Асноўная мэта “Газпрому” — усё ж кантроль над “Белтрансгазам”, каб кантраляваць разьмеркаваньне газу беларускім спажыўцам. У расейцаў ёсьць моцны вагар уплыву — гэта аб’ём газу, які перапампоўваецца празь беларускую нітку. Летась пракачалі 14,5 мільярда кубамэтраў газу, наступным годам можа быць 10 мільярдаў, а потым — яшчэ менш. Такім чынам “Газпром” будзе ціснуць і прапаноўваць прадаць яму больш акцыяў “Белтрансгазу”.

Коктыш: Пасьля таго, яка “Газпром” стаў акцыянэрам нямецкай, францускай газавых кампаніяў, то беларуская газатранспартная сыстэма патрэбная расейскай кампаніі толькі для транзыту. Бо значна большы транзыт газу адбываецца праз Украіну. Акрамя таго, будуецца яшчэ Паўночна-Эўрапейскі газаправод”.

Карбалевіч: “Такім чынам, вельмі канфліктнае газавае пагадненьне, якое пагражала разбурэньню саюзьніцкіх дачыненьняў паміж Беларусьсю і Расеяй, нарэшце падпісанае. Зь ягонага зьместу вынікае, што вельмі спрыяльны пэрыяд вялікіх расейскіх субсыдыяў для Беларусі заканчваецца — насуперак жаданьню афіцыйнага Менску прадухіліць такое разьвіцьцё падзеяў. Але, зь іншага боку, Масква робіць такі пераход паступовым, даволі лагодным для Беларусі — у прыватнасьці, у газавых пытаньнях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG