Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: "Час запатрабаваць выкананьня Расеяй сваіх абяцаньняў”


Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка сёньня на ўрадавай нарадзе заявіў аб магчымасьці крокаў у адказ на палітыку Расеі адносна паставак нафты.

“Мы перад Расеяй чыстыя на 100%, мы зрабілі ўсё, што ад нас хацелі, і сёньня прыйшоў час запатрабаваць выкананьня імі сваіх абяцаньняў”, – заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што калі гэтага ня будзе, то і беларускі бок будзе мець поўную свабоду дзеяньняў. “Я маю на ўвазе і пытаньне аб транзыце расейскай нафты праз Беларусь, і аплату гэтага транзыту, аплату за зямлю, якая выкарыстоўваецца пад газавыя і нафтавыя трубы, а таксама паставіць пытаньне аб уласнасьці Расеі ў Беларусі”, – сказаў Лукашэнка.

Ён даручыў ураду ў першым квартале накіраваць Расеі прапановы аб аплаце ўсяго, што яна атрымлівае бясплатна – пачынаючы ад вайсковых аб’ектаў і транзыту.

Беларускі кіраўнік заявіў, што напярэдадні Новага году “Расея ў галіне гандлёвых адносінаў зрабіла надзвычай недружалюбныя крокі”. Кажучы пра рост цэнаў на газ і нафту, Лукашэнка сказаў: “Такая цана нас не задавальняе і такі бізнэс у сьвеце не існуе”.

Ён патлумачыў, што Беларусь пагадзілася на нявыгаднае для яе пагадненьне па газу, атрымаўшы абяцаньне ад расейскага ўраду вырашыць пытаньне пра пастаўкі нафты.

Але, як падкрэсьліў Лукашэнка, гэтае пытаньне дагэтуль ня вырашана. “Аднак там сёньня і заўтра няма з кім вырашаць пытаньні, там усе адпачываюць. Але гэта ня значыць, што мы будзем адпачываць”, – заявіў Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG