Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежны друк – пра беларуска-расейскае газавае пагадненьне


Юры Дракахруст, Прага У сваіх сёньняшніх выпусках заходнія выданьні аналізуюць наступствы беларуска-расейскага газавага пагадненьня для Беларусі, рэгіёну і Эўропы.

Брытанская “Guardian” друкуе аналіз амэрыканскага дасьледнага цэнтру “Stratfor”, які падкрэсьлівае, што пагадненьне, заключаная ў апошні дзень мінулага году – гэта, магчыма, не апошняе слова, бо адпаведнае пагадненьне, заключанае з Украінай у выніку леташняга крызысу, на працягу году пераглядалася некалькі разоў. Экспэрты “Stratfor” робяць акцэнт на тым, што Беларусь усё ж такі пагадзілася прадаць “Белтрансгаз”. Паводле іх, шмат у якіх пастсавецкіх дзяржавах газа- і нафтатранспартныя сеткі зьяўляюцца самымі каштоўнымі актывамі: ва Ўкраіне лічаць, што продаж іх “Газпрому” можна разглядаць як эканамічнае самазабойства і палітычнае нявольніцтва.

У публікацыі ў “Guardian” адзначаецца, што саюзьніцкія адносіны Беларусі з Расеяй у значнай ступені грунтаваліся на пастаўках танных расейскіх энэрганосьбітаў. Зараз, калі гэтая дапамога зьнікае, можна чакаць зьмены стаўленьня Беларусі да Расеі, у тым ліку і да ідэі саюзнай дзяржавы – лічаць экспэрты “Stratfor”.

“New York Times” нагадвае, што Лукашэнка – кіраўнік савецкага гатунку і ня мае сяброў на Захадзе. Але, паводле выданьня, менавіта гэты чыньнік даказвае, што Крэмль не дазваляе нічому – ані асабістай ляяльнасьці, ані закону, – перашкодзіць узмацненьню яго энэргетычнай моцы. Гэта, паводле “New York Times”, таксама напамін Захаду, вялікаму спажыўцу расейскай энэргіі, што ён моцна залежыць ад прыхамацяў Уладзіміра Пуціна.

“New York Times” мяркуе, што эўрапейскія пакупнікі расейскага газу маглі б узмацніць свае пазыцыі ў гандлі з Расеяй, калі б у перамовах з “Газпромам” выступалі адзіным фронтам. Паводле выданьня, эўрапейскім урадам варта было б папярэдзіць Маскву, што яе ціск мае межы. Расея зацікаўленая ў экспэртызе і капітале для распрацоўкі сваіх прыродных рэсурсаў, а з хуліганам ніхто не захоча займацца бізнэсам”, – піша “New York Times”.

“Washington Post” адзначае, што падчас беларуска-расейскіх спрэчак Менск, як і раней Кіеў, заяўляў, што Масква ў сваіх патрабаваньнях кіруецца палітычнымі матывамі, у той час як Крэмль сьцьвярджаў, што проста скарачае субсыдыі, якія ёсьць спадчынай Савецкага Саюзу. Фактычна, праўду гавораць абодва бакі, піша газэта. Выданьне адзначае, што Аляксандар Лукашэнка вядомы як апошні дыктатар Эўропы. Аднак менш вядома, працягвае выданьне, што ён супраціўляўся расейскаму ціску, скіраванаму на тое, каб захапіць ягоную краіну. Лукашэнка, які калісьці марыў, што саюз з Расеяй дазволіць яму стаць кіраўніком аб’яднанай дзяржавы, перадумаў, калі зразумеў, што быў на шляху ператварэньня адно ў правінцыйнага губэрнатара, піша “Washington Post”.

Газэта цытуе словы Лукашэнкі з навагодняга звароту: “Мы ізноў знаходзімся пад пагрозай санкцый і ізаляцыі. Прычына простая – наша жаданьне быць незалежнымі”. “Washington Post” мяркуе, што расчараваньне Лукашэнкі ў Расеі магло б прымусіць яго шукаць лепшых адносінаў з Захадам. Але Эўразьвяз нядаўна паўтарыў, што ўмовай гэтага зьяўляецца дэмакратызацыя, чаго моцны чалавек у Менску катэгарычна ня хоча рабіць – піша “Washington Post” і працягвае: аднак калі Беларусь сапраўды хоча застацца незалежнай побач з Расеяй, ёй непазьбежна прыйдзецца пайсьці на значна большы крок, чым проста плацёж за газ па рынкавых цэнах.

Нарэшце, “Wall Street Journal” у артыкуле пад назвай “Ізноў газавы шантаж” піша, што “Захад, магчыма, і не жадаў уступацца за “апошняга дыктатара Эўропы”, аднак кінуць яго на вырак лёсу азначае толькі спрыяць узмацненьню ўплыву расейцаў у Беларусі. А выціснуць іх зь Менску будзе куды складаней, чым Лукашэнку”, – мяркуе выданьне.

Газэта падкрэсьлівае што манапольны статус “Газпрома” падрывае веру ў заявы з боку гэтага канцэрну і Крамля, што сытуацыя ў Беларусі – выключна пытаньне ўвядзеньня рынкавых цэнаў у гандлі з былымі савецкімі рэспублікамі. Але справа ў тым, што выразнай рынкавай цаны на гэты газ ня існуе. У “Газпрома” няма канкурэнтаў, якія маглі б накіраваць расейскі газ у Беларусь па больш нізкай цане.

На думку выданьня, беларуска-расейскі газавы крызыс – яшчэ адна падстава для Брусэлю паскорыць свае пляны па лібэралізацыі газавага рынку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG