Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазырскі НПЗ працуе на леташніх запасах нафты


Радыё Свабода Адмова Беларусі ад закупу расейскай нафты пасьля таго, як урад Расеі ўвёў экспартнае мыта, пакуль істотна не паўплывала на працу Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Аднак там чакаюць канчатковага пагадненьня пра пакупку й перапрацоўку нафты.

З пачаткам студзеня перагонка нафты на бэнзін і дызэльнае паліва працягваецца ў рэжыме леташняга сьнежня — за суткі на заводзе перапрацоўваюць 25 тысяч тон сыравіны.

Пра гэта паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Сяргей Саладоўнікаў, які адказвае за забесьпячэньне сыравінай:

Саладоўнікаў: “Паводле пляну працуем, як і працавалі. Загрузка на ўзроўні 25 тысяч тон у суткі”.

На прадпрыемстве не ўдакладняюць, на які час хопіць наяўнай рэзэрвавай сыравіны. У Мазыры чакаюць канчатковага пагадненьня паміж урадамі Беларусі й Расеі.

Саладоўнікаў: “Мы чакаем інфармацыі ад урадаў і канцэрну “Белнафтахім” наконт магчымай пакупкі й перапрацоўкі нафты. Мы цяпер у чаканьні. Пераходных запасаў пакуль дастаткова, каб працаваць нармалёва”, — сказаў Сяргей Саладоўнікаў.

Расейскі ўрад у сьнежні прыняў пастанову пра ўвядзеньне экспартных мытных пошлінаў — больш за 180 даляраў за тону нафты. Гэта падвысіла кошт нафты да 400 даляраў і зрабіла нявыгаднай перапрацоўку на беларускіх заводах. Таму Беларусь і аб’явіла пра адмову купляць расейскую нафту.

Паводле тлумачэньня віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі, Беларусь гатовая аддаваць Расеі палову сваіх прыбыткаў ад уласных экспартных пошлін на нафтапрадукты з тым разьлікам, што Расея адменіць экспартныя пошліны на нафту.

У адказ расейскі прэм’ер нібыта паабяцаў вярнуцца да абмеркаваньня гэтай праблемы пасьля навагодніх вакацыяў. Навагоднія сьвяты працягнуцца ў Расеі да 9 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG