Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Берасьцейшчына: апазыцыйныя кандыдаты ня могуць надрукаваць улёткі


Вячаслаў Кулік, Менск На сёньня на Берасьцейшчыне ніхто з кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя саветы ад партыі БСДП (Грамада) ня мае агітацыйных матэрыялаў. Пра прычыны гэтага паведамляе.

Старшыня Берасьцейскай філіі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі паведаміў, што абласная друкарня затрымлівае выраб агітацыйных улётак:

Маслоўскі: “У нас дзевяць кандыдатаў у дэпутаты Берасьцейскага гарадзкога савету й два кандыдаты ў абласны савет. Таксама мы замаўляем улёткі для нашых кандыдатаў у Лунінцы і Янава. І ў абласной друкарні паабяцалі, што дакладна ўлёткі будуць гатовыя да новага году. На жаль, пасьля тэлефануюць і паведамляюць, што нібыта знойдзеныя памылкі. Да прыкладу, “Дорогие Брестчане...” — напісана зь вялікай літары, а трэба з маленькай. Вымушаныя былі тэрмінова выпраўляць макеты. Але мы яшчэ і цяпер ня маем прадукцыі на руках”.

Са словаў Ігара Маслоўскага, адзінаццаць узораў улётак кандыдатаў БСДП (Грамада) Берасьцейская абласная друкарня затрымлівае ўжо другі тыдзень. Зьвяртаюся на гэтае прадпрыемства. Гутарым з супрацоўніцай аддзелу заказаў Галінай Коваль:

Карэспандэнт: “Калі вы першыя ўлёткі зрабілі?”

Коваль: “На тым тыдні. Хто раней здаў, таму й зрабілі”.

Карэспандэнт: “А чаму гэтыя апошнія? Няўжо яны горшыя, чым іншыя?”

Коваль: “Каманда Маслоўскага, так?”

Карэспандэнт: “І Маслоўскага таксама”.

Коваль: “Праблемы былі...”

Якія яшчэ праблемы замінаюць больш як пяцідзесяці апазыцыйным кандыдатам на Берасьцейшчыне атрымаць агітацыйныя матэрыялы? Сытуацыю камэнтуе рэгіянальны каардынатар Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Юрась Губарэвіч:

Губарэвіч: “Недзяржаўным друкарням альбо прыватным прадпрымальнікам, якія маюць ліцэнзіі на выраб друкаванай прадукцыі, забаронена друкаваць прадукцыю, што мае дачыненьне да выбараў у мясцовыя саветы. А ў дзяржаўных друкарнях выглядае, што ёсьць загад усяляк зацягваць тэрміны выдачы гатовай прадукцыі. У Берасьці здарылася нават, што кандыдату з Кобрына цалкам сапсавалі наклад ягоных улётак. Зацягваецца час. Сыходзяць дні, якіх і так недастаткова для правядзеньня агітацыі”.

Нагадаю, што паводле Цэнтравыбаркаму Беларусі, агітацыйная кампанія кандыдатаў будзе працягвацца да 13 студзеня. Але ўжо з 9 студзеня ў Беларусі пачнецца датэрміновае галасаваньне.
XS
SM
MD
LG