Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевы актывіст звольнены па ўласным жаданьні?


Любоў Лунёва, Менск Актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Алега Корбана звольнілі з працы. Алег працаваў шліфоўшчыкам на Менскім заводзе шасьцерняў. Ён лічыць, што звальненьне — гэта перасьлед за апазыцыйную дзейнасьць. Актывіст зарэгістраваны кандыдатам на дэпутата Менскага гарсавету ў 23-й выбарчай акрузе.

Алег Корбан ад сёньняшняга дня лічыцца беспрацоўным. Ён распавёў “Свабодзе”, што напрыканцы году пайшоў у аддзел кадраў заводу шасьцерняў і папрасіў даць яму двухтыднёвы адпачынак для агітацыйнай працы. Алег спаслаўся на тое, што зьяўляецца кандыдатам у дэпутаты гарадзкога савету.



Корбан: “Прыйшоў майстар, начальнік цэху. Яны ўсё мне падпісалі й накіравалі да начальніка аддзелу кадраў Федаровіча. Ён там сабраў намесьніка ў ідэалягічнай працы ды іншых. Яны мне паведамілі, што не падпішуць. Казалі, што яны як наймальнікі маюць права не падпісаць. Так што яны мяне не адпускаюць. У той дзень, пакуль я зьбіраў подпісы ды хадзіў да іх, прайшло каля трох гадзінаў. Яны мне потым казалі, што могуць аформіць мяне па артыкуле, бо гэта лічыцца як прагул. Тады я сказаў, што буду звальняцца на ўласнае жаданьне”.

Начальнік цэху, дзе Алег працаваў шліфоўшчыкам, пагадзіўся даць яму магчымасьць звольніцца на ўласнае жаданьне. Гаворыць Алег Корбан:

Корбан: “Я не хачу, каб мяне звольнілі паводле артыкулу, бо потым вельмі цяжка знайсьці працу, калі ў працоўнай кніжцы ёсьць такі запіс. Намесьнік дырэктара ў ідэалёгіі быў вельмі абураны тым, што я зарэгістраваўся кандыдатам на дэпутата. Ён пачаў выказваць свой сьветапогляд. Казаў, што Рэспубліка Беларусь зьявілася дзякуючы таварышу Леніну і ўсё, што мы робім, гэта няправільна. Я лічу, што быў звольнены менавіта з палітычных матываў, найперш за маю апазыцыйную дзейнасьць”.

Кіраўнік аддзелу кадраў заводу Сяргей Федаровіч абвяргае выказваньні Алега Корбана пра тое, што звальненьне зьвязанае з апазыцыйнай дзейнасьцю.

Федаровіч: “Я яго наагул не зьбіраўся адпускаць. Я хацеў, каб яго прыцягнулі да адказнасьці як трэба. Спачатку была прапанова звольніць за прагулы. Я ня стаў гэтага рабіць толькі дзеля таго, каб не было потым такіх размоваў — маўляў, мяне толькі таму й звальняюць”.

Алег Корбан паведаміў, што звальненьне не паўплывае на ягоны намер удзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Алег Корбан у 2006 годзе тройчы адбываў адміністрацыйныя арышты ў турме на вуліцы Акрэсьціна. Спачатку адседзеў 10 сутак за ўдзел у акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў на Кастрычніцкай плошчы 16 лютага. 19 сакавіка, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, яго затрымалі раніцай у кватэры й пасадзілі на 5 сутак.

Яшчэ 15 сутак маладафронтавец правёў за кратамі за ўдзел у акцыі апазыцыі, прысьвечанай Дню правоў чалавека 10 сьнежня. Летась ягонае прозьвішча было ў сьпісе актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, супраць якіх КДБ распачаў крымінальныя справы.
XS
SM
MD
LG