Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З. Пазьняк: “Ёсьць дастаткова аргумэнтаў, каб адмяніць гэтыя незаконныя пагадненьні”


Сяргей Навумчык, Прага Падпісанае ў Маскве пагадненьне, паводле якога 50 адсоткаў акцыяў ”Белтрансгазу” пяройдзе расейскаму “Газпрому”, па тэлефоне з Варшавы камэнтуе старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

Пазьняк: “Пагадненьне паказвае, што Расея накінула на шыю Беларусі ўдаўку і будзе паціху яе зацягваць. Не адным махам, а крок за крокам будзе душыць, каб забраць наш край. Пра гэта абсалютна цынічна і адкрыта сказаў маскоўскі палітоляг Сяргей Маркаў. І што тут можна казаць, калі канфлікт адбываецца паміж двума сіламі, якія вырашаюць свае інтарэсы за кошт народаў, у першую чаргу -- за кошт беларускага народу.

Найперш, Лукашэнка -- нелегітымны прэзыдэнт, ён не прызнаны і не прызнаны яго ўрад. Але самае істотнае тое, што ён распарадзіўся чужой маёмасьцю. "Белтрансгаз" ня ёсьць маёмасьць ні Лукашэнкі, ні дзяржавы. Палова "Белтрансгазу" належыць па чэках "Маёмасьць", па прыватызацыйных чэках, беларускаму народу. І Лукашэнка ня меў аніякага права распараджацца гэтай маёмасьцю. І яшчэ ёсьць шэраг аспэктаў нелегальных, антызаконных у падпісаньні гэтага пагадненьня. І як толькі гэты рэжым абрынецца, гэтыя ўсе пытаньні будуць ўзьнятыя.

І хай Расея не спадзяецца, што яна такім чынам задушыць Беларусь і будзе карыстацца нашай маёмасьцю. І на ўзроўні палітычным, і на ўзроўні юрыдычным, і міжнародным, у нас ёсьць дастаткова фактаў і аргумэнтаў, каб даказаць права на сваю маёмасьць і адмяніць, ліквідаваць ўсе гэтыя незаконныя пагадненьні паміж двума дыктатарамі."
XS
SM
MD
LG