Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Тамара Цулукідзе (19.12.1903 — 9.2.1991)


Уладзімер Арлоў, Менск Кажуць, лёс дапамагае моцным. Яна і была такой — падобнай сваім характарам да дрэваў у яе родных гарах, якія ўпарта, насуперак вятрам і лавінам, растуць на самай строме.

Талент Тамары Цулукідзе прыкмецілі яшчэ калі яна была студэнткай Тбіліскага тэатральнага інстытуту. Юная акторка атрымала запрашэньне ў славуты тэатар імя Шата Руставэлі, дзе выходзіла на сцэну ў ролях шэкспіраўскай Афеліі й шылераўскай Амаліі. Кветкі й авацыі не закружылі ёй галаву. У перапынках паміж рэпэтыцыямі і спэктаклямі яна пісала тэатральныя рэцэнзіі й артыкулы, якія таксама выклікалі часам калі не авацыі, дык гарачыя спрэчкі. У 1934-м Тамара стала заслужанай артысткай Грузінскай ССР. Ёй споўнілася ўсяго трыццаць.

Празь безьліч гадоў, у Менску, Тамара Рыгораўна скажа аднойчы: “Шчасьця было гэтак многа, што сэрца сьціскалася ад прадчуваньня бяды”. Сэрца ня хлусіла. Неўзабаве арыштавалі й расстралялі мужа. У тэатры ёй паказалі на дзьверы. У 1936-м прыйшлі па саму жонку “ворага народу”.

Заслужаную артыстку чакалі страшныя п’есы пад назвамі “Турма”, “Катоўня”, “Лесапавал”... Яна годна сыграла наканаваныя ёй ролі і нават, да велізарнага зьдзіўленьня гулагаўскіх “пастаноўшчыкаў”, прыдумала сабе іншую: цягнучы тэрмін у Комі АССР, стварыла там лялечны тэатар.

Пасьля вызваленьня шлях у Грузію ёй быў закрыты. Працу рэжысэрам Курскага тэатру лялек перапыніў новы арышт у 1950-м. Эшалён з закратаванымі вокнамі павёз яе ў высылку ў Краснаярскі край. Яна ня ведала, што едзе насустрач свайму новаму шчасьцю.

У тых самых мясьцінах апынуўся яшчэ адзін высланец — беларускі пісьменьнік Алесь Пальчэўскі, таксама паўторна арыштаваны, зь лягерным досьведам і нечакана блізкай душой.

Іхні шлюб ня быў лёгкім. Пасьля рэабілітацыі ў 1956-м Тамару зноў паклікалі ў Руставэлеўскі тэатар. Яна дала згоду і тры гады выконвала там галоўныя ролі, сустракалася з ацалелымі ў жорнах рэпрэсіяў сябрамі, наноў прывыкала да Тбілісі.

Але ў 1959-м Тамара Цулукідзе зрабіла свой выбар і пераехала ў Менск. Яна вывучыла нашу мову: пісала на ёй дзіцячыя п’есы й апавяданьні, шмат перакладала з грузінскай на беларускую і наадварот.

Днямі мне патэлефанаваў знаёмы журналіст, які шукаў якраз такога перакладчыка. Але Тамара Рыгораўна ўжо даўно вярнулася ў Тбілісі. Вярнулася паводле свайго запавету.
XS
SM
MD
LG