Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Яны лічылі, што сыр у пастцы бясплатны, то бок газ будзе для іх вельмі танны…”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за сераду, 3 студзеня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22.

Мікола Канановіч: “Паважанае беларускае Радыё Свабода, я, як і значная большасьць нашых суайчыньнікаў, разглядаем так званае навагодняе віншаваньне грамадзянінам Лукашэнкам на чужой мове як зьнявагу нашых нацыянальных пачуцьцяў, як зьдзек над намі. Гэта было не віншаваньне, а абраза беларускага народа. Мы ня ведаем ніводнай краіны сьвету, дзе б нават крывавыя дыктатары віншавалі свае народы на чужых мовах. І па-другое, аб якім такім векавым братэрстве паміж намі, беларусамі і расейцамі, згадвае Лукашэнка?! Гэта нахабная хлусьня! Бо спачатку 16 стагодзьдзе, а потым расейскія крумкачы натапілі нас у нашай крыві, ператварыўшы Беларусь у сваю калёнію, выкарыстоўвалі нас як рабоў і граматнае мяса ў сваіх імпэрскіх мэтах. Будзем жа шчырымі й аб’ектыўнымі, не баяцца праўды, бо з праўдай Бог”.

Спадар: “Добры вечар! Цяпер вось 18.24, дзесьці так… Вось толькі што пачуў, даведаўся ад Вашай вядучай, што Садам Хусэйн быў пакараны праз павешаньне паводле рашэньня Міжнароднага суду ў Гаазе! Разьбярыцеся там, калі ласка. Няўжо можна быць такімі прафанамі ў гэтай справе?! Жадаю выпраўляць гэтыя памылкі”.

“Дарагая “Свабода,” дзякую, нарэшце задаволілі мяне. Ваш Зьміцер Бартосік усё-ткі патрапіў у сваіх вандроўках на нейкага слухача “Свабоды”. І аб гэтым ужо й гаворыць. Дагэтуль нідзе не паведамлялася, што ў Вашых вандроўках па нашых вёсках дзе-небудзь нехта ўспамінаў пра існаваньне Вашай радыёстанцыі. Цяпер у гэтым годзе, як кажуць “лёд зрушыўся”. Дзякуй”.

Ларыса, Менск: “Хачу павіншаваць усіх супрацоўнікаў Радыё Свабода, а таксама карэспандэнтаў з новым 2007 годам, пажадаць усім добрага здароўя й творчых посьпехаў у жыцьці й працы, а таксама віншую слухачоў “Свабоды,” асабліва віншую Галіну Аляксандраўну й Семяновіча. Пажаданьне, каб у новым годзе колькасьць слухачоў павялічылася, каб у нашым “палку прыбыла”. Цікава слухаць выступы як прыхільнікаў, так і праціўнікаў апазыцыі, а праўда недзе пасярэдзіне. У наступным годзе абавязкова прыйдзецца афіцыйнаму ўраду прыслухацца да голасу апазыцыі, бяз гэтага няма кроку наперад. Гэта відавочна. Мы, пэнсіянэры, павінны таксама выказваць свае пажаданьні і да нас таксама афіцыйны Менск павінен прыслухацца. Большасьць з нас не павінна казаць, што наша хата з краю, бо мы жывем у гэтай краіне”.

“Момант ісьціны надышоў напрыканцы 2006 году. А ісьціна ў тым, што Расея лічыла нас беднымі родзічамі й дапамагала нам, даючы танныя энэрганосьбіты. І мы пляскалі ў далоні, што мы такія заможныя. А зараз высьвятляецца са словаў Сідорскага, што ў нас няма карысных выкапняў, і таму нам давядзецца цяжка. У нашай Беларусі такая цудоўная прырода, у нас цудоўны народ, але за апошнія гады, асабліва маладое пакаленьне, не змаглі арганізаваць. Працоўнай дысцыпліны няма, многія не працуюць, а проста бадзяюцца бяз справы. Гэта відавочна, калі пройдзеш па горадзе, ды ў кожным двары гэта назіраецца. Зьбіраюць бутэлькі, корпаюцца на сьметніках, а п’янства квітнее. Вось на каго трэба зьвярнуць увагу, а ня весьці барацьбу з апазыцыяй. Зрабілі нейкі канвэер: адных садзяць, адпраўляюць на “хімію,” іншых выпускаюць… Трэба зьвярнуць увагу нашаму ўраду й прыслухацца да апазыцыі, прыслухацца да разумных людзей і узяць тое карыснае, што яны прапануюць”.

Спадар: “Дзень добры, Радыё Свабода! Кожны вечар наркаманы па адрасе пр-т Ракасоўскага 41-464 вараць з макавай саломкі ды з распушчальнікам “зелень” і прадаюць на ўсіх дыскатэках, але ні ў кога не хапае на гэта часу. Дапамажыце разабрацца. Дзякуй”.

Спадар: “Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін абвесьціў 2007 год Годам расейскай мовы. Верагодна тое, што з чарговым узростам кошту на газ, а гэта будзе ў 2008 годзе, магільшчык беларускай мовы Аляксандр Лукашэнка абвесьціць 2008 год Годам беларускай мовы, а, можа, на гэты момант такое абвяшчэньне зробіць нехта іншы? Дзякуй за ўвагу”.

“У свой час БНФ прапанаваў пабудову Чарнаморска-Балтыйскага нафтавага калектара, але ж гэты праект быў адхілены. І, як паказаў час, дарэмна й бяздумна. Па-першае, гэта была б галоўная аорта таго горла, аб якім казаў Лукашэнка на сустрэчы з украінскімі журналістамі. Па-другое, Лукашэнка не разьлічыў той сытуацыі, якая цяпер склалася. Уявіце сабе: прыплывае ў Чорнае альбо Балтыйскае мора танкер з нафтавым падарункам ад вэнэсуэльскага дыктатара Чавэса альбо зь Ірану. Пампуй сабе нафту ў гэты калектар і не глядзі на Расею. Але пра гэта Лукашэнка можа толькі марыць і шкадаваць ня менш, чым ад вываду зь Беларусі атамнай зброі. Дзякуй”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Добры дзень. Масква нанесла вельмі балючы ўдар. Кошт газу падвышаны не на столькі, каб вызваць хуткі эканамічны і палітычны крызыс, які мог бы прывесьці да зьмены рэжыму, але дастаткова, каб паставіць беларускую эканоміку на мяжы рэнтабэльнасьці. Я магу прапанаваць ураду, як можна кампэнсаваць некалькі мільярдаў страчаных даляраў. Па-першае, трэба адмяніць вайсковы абавязак прэзыдэнцкім указам, таму што так званыя ворагі, ад якіх жаўнеры павінны абараняць радзіму, гэта плён нечага хворага ўяўленьня, хутчэй за ўсё, таго ж Лукашэнкі. Па-другое, трэба скасаваць прымусовую бясплатную адукацыю, таму што ўсё бясплатнае вельмі дорага каштуе, пры чым ня толькі для падаткаплатнікаў, але і для бацькоў, у дадзеным выпадку непасрэдна. І, па-трэцяе, трэба адмяніць нарэшце калгасы. Прабачце, калі мае няспраўджаныя прадказаньні накіроўваюць Вашы думкі ў непэрспэктыўнае рэчышча”.

Спадар: “Свабода,” добры дзень. Учора мяне вельмі зьдзівіў таварыш Сідорскі, гэты чыгуначны прэм’ер беларускі, які заявіў, што ў рэжыму Лукашэнкі ёсьць нейкія эўрапейскія партнэры. Што з партнэры ёсьць у гэтага рэжыму, які ганяе АМАПам апазыцыю на плошчы Кастуся Каліноўскага? Дзякуй”.

Слухач: “Па-першае. Хачу павіншаваць супрацоўнікаў “Свабоды” з новым годам за іх нялёгкую працу, пажадаць моцнага здароўя. А зараз хачу сказаць наконт капітальнага рамонту і як кіраўнік дзяржавы і яго вэртыкаль працуюць у гэтым кірунку. Зьдзекваюцца зь людзей, год зьдзекваюцца з нашага дому й нічога ня робяць. У брудзе сядзім па вушы. Вось такі прыклад. Замяніць газавую паўмэтровую трубу ў кватэры – паўтара месяцы мы бяз газу. Замяніць стаяк для халоднай вады – мы тры месяцы без вады гарачай і халоднай. Вось такая сістэма. І няхай у новым годзе Бог іх усіх пакарае ад прэзыдэнта да простага працаўніка ЖЭСу. Якія кіруюць гэтымі працамі. Ці высяляйце людзей і не зьдзеквайцеся. Ці рабіце па аднаму пад’езду. А то атрымліваецца, што ўвесь дом пакутуе. Бруд паўсюль – на вуліцах, у пад’ездах, у кватэрах. Прыйдуць, сьвідравіну зрабілі й пайшлі. І тыдзень іх няма. Я хацеў бы, каб прыйшоў карэспандэнт Вашай “Свабоды” па адрасу Рыбалка, 2 кв. 17. І мы ўсё Вам раскажам, як гэта ўсё робіцца ў нашай Беларусі. Клопат пра чалавека!”

Анастас Семяновіч: “Добры дзень, паважанае спадарства Радыё Свабода! Што можна сказаць наконт падвышэньня кошту на газ і на нафту. Для нашай эканомікі, асабліва для маленькіх прадпрыемстваў, – гэта сьмяротны ўдар. Цягам апошніх дзесяці год да гэтага не рыхтаваліся. Яны лічылі, што сыр у пастцы бясплатны, то бок газ будзе для іх вельмі танны. У жыцьці нічога не бывае так. Расейскі мафіёзныя структуры даўно разьлічваюць праглынуць родную Беларусь. Выхад з дадзенай сытуацыі адзін. Трэба таварышу Лукашэнка пакінуць пасаду й адпачываць, правесьці нармальныя дэмакратычныя выбары. Новае кіраўніцтва будуць усебакова падтрымліваць і Эўропа, і Амэрыка. З Расеяй трэба заканчваць гуляць у ката й мышку. Зь імі трэба сябраваць, весьці выгадны гандаль, палічыць, што яны нам вінаватыя па многім пытаньням і выставіць рахунак, як Казахстан за Байканур. Дзякую за ўвагу”.

Спадарыня: “Маё вельмі любімае радыё Свабода! З новым годам цябе. І я сьпяшаюся табе паведаміць, што жыхары вёскі Навагрудскага раёна Малыя Карнышы сустрэлі новы год вельмі бедна. Яны ня маюць нават цукру да гарбаты. Звароты гэтых людзей да аўталаўкі і старшыні гарадскога выканкаму Кулаку засталіся без увагі. І ўжо два месяцы, жадаючы нешта ўкрасьці, невядомыя асобы позьнімі начамі прабіраюцца ў дом нумар 8, бо днём там жыве шматдзетная маці Мазура, якая ня можа спакойна глядзець, як улады і іх чыноўнікі зьдзекваюцца з простых людзей. Міліцыя пра гэта вельмі добра ведае і весела сьмяецца. Як жыць, расьціць дзяцей у такіх нечалавечых умовах?! Дарагое Радыё Свабода, яшчэ раз з новым годам цябе!”

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Чула, выбары ідуць, а каго яны выбіраюць? Яны выбіраюць тых самых. Якія былі. Апазыцыю не дапускаюць. Мне так крыўдна, што хочацца плакаць наўзрыд. Што? Расея зноў будзе ўціскаць наш народ, як уціскала. Я думала, яны ўжо адмовяцца ад газу, возьмуць у Туркмэністану. Суседзі, Украіна, бяруць адтуль газ. Але ж Расея не адпусьціць. А для нас гэта боль. Мы ня хочам ні газу, ні іх, таму што Расея з нас зьдзекуецца. Што ж гэта такое? Апазыцыя павінна вярнуцца на свае крэслы. Бо гэта людзі былі, а тут ня людзі. Дзякую Вам за ўвагу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG