Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пераадолець сэзонную дэпрэсію?


Іна Студзінская, Менск Звычайна “восеньская дэпрэсія” у людзей з тонкай псыхічнай арганізацыяй доўжыцца месяц – паўтара, пачынаючы з кастрычніка, калі сонейка няма, неба шэрае, хмары, дождж. Як толькі выпадае сьнег, прыходзіць зіма, настрой у людзей мяняецца, самаадчуваньне паляпшаецца. Але сёлета прырода паднесла сюрпрыз: нават у навагоднюю ноч ішоў дожджык, а тэрмомэтар паказваў +5. Сэзонная дэпрэсія: што гэта такое і як зь ёй змагацца?

Сэзонныя ваганьні настрою бываюць у людзей з “тонкай” псыхічнай арганізацыяй, а таксама аслабленых стрэсамі, незадаволеных жыцьцём, не зусім здаровых фізычна й псыхічна. А гэта – амаль палова насельніцтва плянэты.

Вызначана, што “хвароба веку” залежыць ад працягласьці сьветлавога дня. Менавіта з адсутнасьцю сонечнага сьвятла зьвязваюць захворваньне, якое называюць “сэзоннай дэпрэсіяй” альбо сэзонным эмацыйным захворваньнем (Seasonal Affective Disorder, SAD). Кажа псыхоляг Жанна Міцкевіч.

(Міцкевіч: ) “Зіма, не падобная да іншых зім, якая нагадвае восень, унесла ў настрой людзей вельмі цяжкае самаадчуваньне. Асабліва людзі, якая маюць залежнасьць ад мэтэаўмоваў, адчуваюць сябе дрэнна. Гэта не дэпрэсія, а такая крытычная дэзадаптацыя”.

Першае, што чалавек павінен зразумець – гэта стан часовы, сьцьвярджаюць псыхолягі. Калі дазваляюць фінансы, можна паехаць у цёплыя краіны. Але самы просты спосаб лячэньня – сьвятлом. Замяніце лямпачкі ў кватэры на больш моцныя, здыміце цёмныя шторы, павесьце яркія фіранкі. Паляпшаюць настрой фізычная актыўнасьць, спорт, людзкія кантакты, сустрэчы зь сябрамі. Жанчынам вельмі добра дапамагае шопінг. Але калі ўсё гэта не дае эфэкту, трэба зьвяртацца да адмыслоўцаў, кажа псыхіятар Ігар Сарокін.

(Сарокін: ) “Лекаў–антыдэпрэсантаў цяпер багата, можна падабраць даступныя ва ўсіх адносінах прэпараты. Адносна іншых спосабаў стымуляваньня – прыкладам, кавы ці моцнай гарбаты, яны шкодзяць у тым сэнсе, што павялічваецца ўзровень трывогі, а трывога таксама спрыяе паглыбленьню дэпрэсіі. Тое самае з алькаголем: пасьля ўжываньня нават невялікіх дозаў алькаголю нібыта спачатку лягчэй робіцца, а пазьней чалавек адчувае сябе горш”.

Дапамагае таксама хроматэрапія (лекаваньне колерамі), асабліва чырвоным і жоўтым. Добры эфэкт даюць зёлкі, асабліва зьверабой. Вядома, што горкі шакаляд узмацняе выпрацоўку гармону радасьці сэратаніну. А яшчэ мэдыкі кажуць, што першы вораг прыгнечанаму настрою – усё тое, што прыносіць вам задавальненьне: кіно й вечарынка зь сябрамі, сэкс, новая фрызура, абноўкі й нават рамонт у кватэры. Проста рабіце прыемнае для сябе, раіць псыхоляг Жанна Міцкевіч.

(Міцкевіч: ) “Усе людзі павінны кінуцца да басэйна, да вады, бо вада – гэта ачышчэньне. Лазьня – раз на тыдзень, а тое й часьцей. Ня можаш пайсьці – ванна. Цяпер солі прадаюцца розныя, валяр’янавыя могуць быць ванны. Затым – абавязкова пераключыць сябе на забаўляльную тэрапію: музычныя вясёлыя творы, фільмы ні ў якім разе не глядзець агрэсіўныя, купіць касэты ці дыскі зь вясёлымі камэдыямі, і падняць тым самым настрой. Не кідацца да многіх спраў, сказаць сабе: ты вырашыў дзьве справы – і дзякуй Богу, ты малайчына. Не прымушаць сябе перасільваць ды ісьці працаваць, калі ты адчуваеш сябе дрэнна. Паляжы крыху, дай сабе час адпачыць. І яшчэ самае асноўнае – гэта падмацоўваць за кожны маленькі посьпех, зрабіў ты нешта па хаце – малайчына, сказаў нешта добрае – малайчына, забыў штосьці – малайчына. Адным словам, ты самарэгулюеш сябе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG