Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэртыза Свабоды: Ці прыпыняецца будаўніцтва саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі?


Алесь Дашчынскі, Менск Удзельнікі: расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў і палітоляг зь Беларусі Андрэй Фёдараў.

Алесь Дашчынскі: “Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі Расея прынцыпова паставіла пытаньне пра падвышэньне цэнаў на газ. Ці гэта пачатак новай палітыкі Масквы да Беларусі? Ці пойдзе расейскі бок на тое, каб вывесьці на першы плян сапраўдныя прагматычныя эканамічныя стасункі паміж дзьвюма сувэрэннымі дзяржавамі?”

Андрэй Суздальцаў: “За гады расейска-беларускага інтэграцыйнага праекту паўстала вялікая праблема: адставаньне эканамічнай інтэграцыі ад палітычнай. Гэта прывяло да таго, што і палітычная інтэграцыя апынулася ў тупіку, у стадыі стагнацыі. Расейскае кіраўніцтва прыйшло да высновы, што сучасная Беларусь ня здольная да рэальнай інтэграцыі. Каб яна набыла нармальны стан, неабходна правесьці структурныя рэформы беларускай эканомікі.

Улады Беларусі ня маюць палітычнай волі да правядзеньня такіх рэформаў, асьцерагаючыся за сваю палітычную будучыню. Таму паўстала пытаньне — гэтыя рэформы пачаць, скарыстаўшы залежнасьць беларускай эканомікі ад расейскай”.

Андрэй Фёдараў: “Сапраўды, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў дачыненьні паміж дзьвюма краінамі істотна памяняліся. Расейскі бок быў ня вельмі задаволены тым, што Аляксандар Лукашэнка пайшоў на трэці тэрмін і фактычна прымусіў Расею прызнаць вынікі выбараў — адрозна ад Захаду. Таму было вырашана пэўным чынам падагнаць гэтую палітычную інтэграцыю, коштам эканамічнага ціску.

Даўно трэба было б пераходзіць на сапраўдныя рынкавыя дачыненьні, але тое, што гэта пачало адбывацца менавіта пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, наводзіць на думку, што тут у асноўным палітычны падтэкст. Цяпер падзеі разьвіваюцца вельмі хутка. Зьявілася інфармацыя ў “Коммерсанте” — Расея ўсё ж настойвае на правядзеньні ў наступным годзе аб’яднаўчага рэфэрэндуму. Таму зусім верагодна, што вось гэты газавы, нафтавы ды іншы эканамічны ціск вядзецца менавіта дзеля таго, каб падштурхнуць Беларусь да большай палітычнай інтэграцыі”.

Дашчынскі: “І афіцыйны Менск нібы ўвязвае гэтыя эканамічныя пытаньні з палітычнымі. Паводле прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, пераход на эўрапейскія цэны супярэчыць саюзным дамоўленасьцям. Кіраўнік Беларусі, да прыкладу, сказаў, што калі няма роўных умоваў, то такі саюз нам не патрэбны. Ці сапраўды афіцыйны Менск гатовы пазбавіцца ад таго, што стваралася апошнія амаль дзесяць гадоў?”

Суздальцаў: “Зьвярніце ўвагу, што на саюзныя пагадненьні напірае якраз Менск. А Масква іх дэнансуе — адно за адным. На справе саюзныя дачыненьні разбурае найперш Расея. Яна нібы кажа Менску, што саюзная дзяржава была для вас, спадар Лукашэнка. Вы яе ўспрымалі аднабакова, і мы цяпер будзем яе разбураць з боку Масквы. Так, вы хочаце атрымаць цэны па Смаленскай вобласьці, але Смаленск знаходзіцца ў складзе Расеі, а вы сувэрэнная краіна. Адбываецца такое разьмежаваньне.

Я бачыў паведамленьне з Цэнтарвыбаркаму Расеі, што пакуль умоваў для рэфэрэндуму ў 2007 годзе няма. Але я не выключаю, што Масква можа пайсьці й на рэфэрэндум. Для таго, каб праект канчаткова зьняць”.

Фёдараў: “Масква спрабуе ўсё ж падціснуць Менск да інтэграцыі палітычнай. Толькі робіцца гэта ня гучнымі заявамі й не ў адзіны момант, а павольна… Я цалкам згодны, што дагэтуль усе перавагі ад саюзнай дзяржавы атрымлівала толькі Беларусь. Ну, калі не лічыць прысутнасьць вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі…

Цяпер Маскве гэта надакучыла, і яна спрабуе паставіць справу так, каб атрымаць нешта. Нешта — гэта менавіта палітычнае аб’яднаньне. Бо мы ведаем, Масква ад гэтага не адмаўляецца. Калі б яна ад гэтага адмаўлялася, яна проста заявіла б. Калі яна падвышае кошт газу для Ўкраіны ці Грузіі, там няма альбо — альбо: альбо ўваходзьце ў склад Расеі — альбо атрымлівайце дарагі газ. Тут ставіцца гэта пытаньне — альбо. Таму, я думаю, што палітычная падкладка тут усё ж зьяўляецца галоўнай”.

Дашчынскі: “Асноўнае пытаньне — гэта ўзровень датацыяў існага ў Беларусі рэжыму. Ці пойдзе Расея на поўнае спыненьне гэтых датацыяў?”

Суздальцаў: “Наагул, гэты працэс разбурэньня саюзнай дзяржавы вельмі супярэчлівы. На нейкім участку ідзе вяртаньне, пытаньні сацыяльныя вырашаюцца, з другога боку ідзе поўная дэстабілізацыя. Але рашэньне Масквы пазбавіць Менск палітычна-эканамічнай падтрымкі ёсьць. І да лета 2007 году канчаткова многія пытаньні будуць закрытыя. І прэфэрэнцыі, ільготы для беларускага боку скончацца. Тут рашэньне беспаваротнае.

Для Менску гэта складана, бо пры захаваньні цяперашняй бязглуздай палітыкі Менск рызыкуе ў наступныя год-два апынуцца ў стане дзяржаваў, якія не адбыліся. Беларуская эканоміка вельмі слабая: капейка заробленая — капейка праедзеная. Я думаю, беларускае кіраўнцітва гэта разумее, але зрабіць нічога ня можа. З другога боку, раздражненьне Масквы вельмі вялікае, бо беларускае кіраўніцтва карыстала расейскую дапамогу для палітычных мэтаў. Для дэманстрацыі нейкага вэктару палітычнага й эканамічнага разьвіцьця на постсавецкай прасторы, альтэрнатыўнай рынкавай”.

Дашчынскі: “А калі браць палітычныя падзеі ў самой жа Расеі, наколькі верагодна, што будаўніцтва саюзу працягнецца й тут будуць значныя зрухі? Які можа быць прагноз? У Расеі будуць выбары — ці магчыма, што да іх прывяжуць гэты саюзны рэфэрэндум?”

Суздальцаў: “Ня думаю. Беларуская тэма знаходзіцца ў трэцім дзясятку на ўнутрыпалітычным полі Расеі. Давер паміж элітамі дзьвюх краінаў зьнік. Лукашэнка ня ёсьць тварам, зь якім Масква можа падпісаць нейкія пагадненьні ці вырашаць нейкія пытаньні. З гэтым беларускім кіраўніцтвам інтэграцыйны праект будзе паступова разбурацца. Зь ім ніхто ніякіх рэфэрэндумаў праводзіць ня будзе. Галоўнай перашкодай для саюзнага будаўніцтва ёсьць Аляксандар Лукашэнка. Гэта пазыцыя Масквы.

Іншае будзе кіраўніцтва — можа, іншыя будуць погляды на інтэграцыйны праект. Ніхто ж ня супраць эканамічнай інтэграцыі. Палітычнае ж пытаньне — сур’ёзнае. Не, ніхто рэфэрэндуму ладзіць ня будзе. За мінулы 2006 год тэма рэфэрэндуму Расеі й Беларусі паўставала толькі ў Паўла Барадзіна. Расейскія ўлады гэтага пытаньня ніколі ня ставілі. Усе размовы пра інтэграцыйныя рэфэрэндумы — менскія справы. Правядзеньне немагчымае — і выкарыстоўваць яго для выбараў сьмешна. Тут ёсьць больш сур’ёзныя ўнутраныя праблемы…

А калі рэфэрэндум ня ўдасца… Каб яго карыстаць для ўнутрыпалітычнай барацьбы ў Расеі, трэба мець цесны кантакт менавіта з Лукашэнкам. А калі ён скарыстае яго супраць Расеі — а гэта элемэнтарна робіцца? Гэта вялікая рызыка”.

Фёдараў: “Я амаль цалкам згодны з калегам. Адзінае, усе гэтыя праблемы, якія для Масквы стварае Аляксандар Лукашэнка, тэарэтычна могуць быць разьвязаныя простым спосабам — правесьці аб’яднаўчы рэфэрэндум і задушыць яго ў сваіх абдымках.

Таму на сто працэнтаў я не выключаў бы гэткай магчымасьці. У той жа час,я згодны, што гэта малаверагодна, але зноў падкрэсьлю: калі ёсьць малая верагоднасьць, можа нулявая, трэба рабіць усё, каб яна не рэалізавалася. Я думаю, што гэта не патрэбна ні Маскве, ні Менску”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG