Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сытна ня будзе, але й з голаду не памрэм”


Радыё Свабода Якіх зьменаў вы чакаеце ў cваім жыцьці па рэзкім падвышэньні коштаў на газ і нафту? На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.

Спадар: “Адназначна зьменіцца жыцьцё. Нашы беларускія тавары стануць неканкурэнтаздольнымі. Гэта моцна ўдарыць па эканоміцы Беларусі. Тут ужо каса на камень наскочыла. Будзе зьніжэньне жыцьцёвага ўзроўню ў простых людзей. У начальства — ня ведаю, магчыма, яны сабе штосьці выкруцяць. Простыя людзі адназначна згубяць”.

Спадарыня: “У нас вельмі добры прэзыдэнт. Я думаю, што ён пакіне ранейшыя цэны, незалежна ад таго, што Расея падняла кошты на газ”.

Пэнсіянэр: “Горш будзе, газ даражэйшы пойдзе — за сто даляраў. Нядобра гэта для Беларусі, эканоміка ў нас слабая”.

Спадар: “У нас ёсьць залаты запас!”

Спадарыня: “Я ўпэўненая, што на сто працэнтаў стану жыць горш”.

Спадарыня: “Пакуль у мяне добры заробак, мяне гэта не хвалюе”.

Пэнсіянэр: “Для мяне нічога ня зьменіцца. Усё будзе нармалёва. Мне пэнсіі хапае. Нічога цяжкага мяне не чакае”.

Спадарыня: “Будзем цярпець, калі будзе патрэбна. Яшчэ ж нічога страшнага не адбылося. Мы ж яшчэ ня бачылі нашых новых цэнаў”.

Пэнсіянэр: “Маё жыцьцё як пэнсіянэра назаўсёды зьменіцца. Даражэйшыя стануць камунальныя і ўсе іншыя плацяжы. Мілер — шулер”.

Спадар: “Больш будзем плаціць за камуналку. У нас у доме газавыя калёнкі стаяць. Мы наагул больш плацім за газ, чым тыя, у каго гарачая вада падаецца праз трубы”.

Спадарыня: “Я думаю, жыцьцё зьменіцца — цяжэй будзе жыць. Цэны падвысяцца ў крамах, квартплата”.

Спадарыня: “Спадзяемся на наш урад, што нам чымсьці дапамогуць. Я думаю, што для насельніцтва цэны на газ нашмат не падвысяцца. Калі ўжо там на якую трыццатку тысяч рублёў падвысяцца, то, можа, вытрымаем. Сытна ня будзе, але й з голаду не памрэм”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG