Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Washington Post: Менск пагадзіўся з большасьцю ўмоваў “Газпрому”


Юры Дракахруст, Прага Заходні друк камэнтуе беларуска-расейскую дамову аб газе, заключаную напярэдадні Новага году.

Брытанская Financial Times у сваім рэдакцыйным артыкуле адзначае добрыя і кепскія аспэкты расейскай палітыкі. Добрая навіна – што за дзьве хвіліны да Новага году было заключанае пагадненьне паміж “Газпромам” і беларускім урадам, якое прадухіліла чарговую трывожную і непатрэбную газавую вайну. Кепская навіна – расейскія пагрозы спыніць пасярод зімы газавыя пастаўкі беднаму суседу, гэтыя пагрозы нагадваюць паводзіны агрэсіўнага хулігана – піша Financial Times.

Разам з тым выданьне адзначае, што беларуска-расейскае пагадненьне дае Беларусі лепшыя ўмовы, чым тыя, якія атрымалі Ўкраіна і Грузія – краіны, якія Пуцін лічыць неляяльнымі з-за іх арыентацыі на Захад і НАТА.

“Здавалася , што Беларусь сустрэне новы год у холадзе, пакуль незадоўга да поўначы яна не пагадзілася з большасьцю ўмоваў, якія “Газпром” вылучаў для працягу паставак” – піша Washington Post. Паводле газэты, кантракт зь Беларусьсю – прыклад таго, як жорстка “Газпром” абыходзіцца са сваімі суседзямі. Выданьне прыгадвае, як год таму былі спыненыя пастаўкі ва Ўкраіну і Кіеў пагадзіўся на падвышэньне цэнаў да 95 даляраў за тысячу кубамэтраў. Цяпер Украіна была вымушаная пагадзіцца на яшчэ большае падвышэньне – да 130 даляраў за тысячу кубамэтраў. Гэтая цана тым ня менш застаецца ніжэйшай за сярэднеэўрапейскую – 230 даляраў, але, паводле Washington Post, Кіеў, як і Менск, пагадзіўся на перадачу “Газпрому” часткі акцыяў сваёй газатранспартнай сыстэмы.

Выданьне піша, што падвышэньне цэнаў для Беларусі, кіраванай аўтарытарным прамаскоўскім урадам, прымушае ў пэўнай ступені паверыць заявам “Газпрому”, што ён кіруецца не палітычнымі, а эканамічнымі матывамі.

Аднак газэта цытуе брытанскага адмыслоўца ў пытаньнях энэргетыкі Джонатана Стэрна, які нагадвае, што Беларусі ў новым годзе ўсё ж давядзецца плаціць за газ удвая меней, чым Грузіі. Але адмысловец лічыць, што гэта зьвязана ня столькі з розьніцай палітычных курсаў Тбілісі і Менску, колькі з тым , што празь Беларусь ідзе значная частка паставак расейскага газу ў Эўропу, што ўзмацняе перамоўныя пазыцыі Менску.

Washington Post адзначае, што газавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй выклікаў занепакоенасьць у Заходняй Эўропе, у якой расейскія пастаўкі забясьпечваюць чвэрць патрэбаў у газе. І хаця канфлікт паміж Менскам і Масквой вырашыўся без закрыцьця крана, гэта дае дадатковы імпульс для пошуку альтэрнатываў Расеі.

Washington Post падкрэсьлівае, што “Газпром” імкнецца набыць долі акцыяў у трубаправодных сыстэмах такіх краінаў, як Італія, Францыя і Нямеччына. Аднак гэтыя краіны не жадаюць аддаваць гэтыя сыстэмы пад кантроль расейскай дзяржаўнай кампаніі.

Дарэчы, учора прэсавы сакратар Эўракамісіі Эма Удвін заявіла, што Эўразьвяз вітае беларуска-расейскае газавае пагадненьне і тое, што ня будзе спыненьня паставак газу у краіны Зьвязу. Нямецкі міністар эканомікі Міхаэль Глёс таксама ўхваліў пагадненьне, аднак, паводле яго, “канфлікт паказаў, што Эўропа не павінна рабіцца закладніцай паставак газу з Усходу”. “Неабходна збалянсаванае забесьпячэньне нафтай, газам , вугалем, атамнай энэргіяй і альтэрнатыўнымі крыніцамі энэргіі” – заявіў нямецкі міністар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG