Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя кандыдаты застаюцца без улётак


Радыё Свабода, Менск Праз тыдзень пачынаецца датэрміновае галасаваньне на выбарах у мясцовыя саветы. А 14 студзеня - асноўны дзень галасаваньня, якое сёлета ўпершыню пройдзе за адзін тур. Між тым, нават у сталіцы, дзе адрозна ад рэгіёнаў на адзін мандат прэтэндуюць у сярэднім тры асобы, не відаць прыкметаў выбараў. Апазыцыйныя кандыдаты тлумачаць гэта адсутнасьцю агітацыйных матэрыялаў.

Кандыдат у дэпутаты ў Мірашнічэнкаўскай выбарчай акрузе кіраўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка кажа, што і яму асабіста, і іншым кандыдатам ад Фронту пакуль не ўдалося надрукаваць улёткі.

Раней заканадаўства дазваляла вырабляць агітацыйную прадукцыю за межамі Беларусі. Цяпер закон гэта забараняе.

Вячорка: “Усе менскія і падменскія друкарні адмаўляюцца друкаваць. Я на пачатку свайго кандыдацкага статусу, калі атрымліваў пасьведчаньне, зьвярнуўся да камісіі з просьбай падказаць мне друкарню. На што мне ў даволі няветлівай форме заявілі, што гэта - “вашыя праблемы”. Я рэзонна заўважыў, што паводле заканадаўства выбарчая камісія павінна спрыяць кандыдатам у выкананьні іхных законных і канстытуцыйных правоў. Воз і дагэтуль там, дзе ён ёсьць. І такім чынам, у мяне афіцыйнай друкаванай прадукцыі на руках няма. Як і ў бальшыні нашых кандыдатаў па Менску”.

З даручэньня выбарчага штабу аб’яднаных дэмакратычных сілаў гэтай праблемай займаўся Сяргей Альфер, які, дарэчы, і сам балятуецца ў сталічны гарсавет. Пасьля зваротаў у гарадзкую і Цэнтральную выбарчую камісіі й размовы зь першым намесьнікам міністра інфармацыі Ліліяй Ананіч спадар Альфер робіць пэсымістычныя высновы:

Альфер: “Пакуль матэрыялы надрукуюць, дык ужо пачнецца датэрміновае галасаваньне. І толку ад іх ужо ніякага ня будзе”.

Сяргей Альфер лічыць, што ісьці да патэнцыйных выбарнікаў без улётак няма ніякага сэнсу. Паводле яго назіраньняў, у такіх выпадках 90% выбарнікаў нават забываюцца прозьвішча кандыдата. На маё пытаньне “А што вы робіце сёньня як зарэгістраваны кандыдат у дэпутаты?”, спадар Альфер адказаў:

Альфер: “Нічога. Пакуль нічога. Як і ўвесь беларускі народ, сустракаю Новы год. Праўда, ня п’ю”.

Палітоляг Вацлаў Арэшка лічыць, што апазыцыя ў такіх умовах павінна рабіць неардынарныя крокі:

Арэшка: “Паколькі апазыцыя, так бы мовіць, не даражыць месцам кандыдата, і ўсё роўна давядзецца альбо здымацца з выбарчай гонкі, альбо нейкім іншым чынам ня ўдзельнічаць у гэтых выбарах, дык можна працаваць нахабна. Прынамсі, карыстацца матэрыяламі, якія выпускаюцца не зусім законна. Я лічу, што ў дадзенай сытуацыі варта спакойна парушаць тыя правілы, якія стварае для апазыцыі рэжым. Паколькі ён гуляе дошкамі, а ня шашкамі, дык таксама трэба браць дошку ў рукі. І калаціць!”
XS
SM
MD
LG