Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Барыс Рагуля<br><br>1.1.1920, м. Турэц (цяпер Карэліцкі раён) — 22.4.2005, Лёндан, Канада.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Ён вучыўся ў Наваградзкай беларускай гімназіі, а пасьля яе закрыцьця мусіў давучвацца ў польскай. Успамінаючы створаную там дыскрымінацыйную атмасфэру, Барыс Рагуля пазьней пісаў: “У беларускай гімназіі я ведаў, што я беларус, а ў польскай адчуў сябе беларусам”.

За год да пачатку Другой сусьветнай вайны ён здаў экзамэны на факультэт мэдыцыны Віленскага ўнівэрсытэту, але замест аўдыторыяў яго чакалі казармы: у абход закону патрыятычна настроенага юнака забралі ў польскае войска. Потым быў нямецкі палон і ўцёкі ў жніўні 1940-га на “вызваленую” Чырвонай Арміяй радзіму, дзе Барыса напаткалі арышт, катавальні НКВД і сьмяротны прысуд, ад выкананьня якога ўратаваў толькі напад Нямеччыны на СССР.

Увосень 1943 году акупацыйныя ўлады прынялі пастанову пра стварэньне новага беларускага добраахвотніцкага фармаваньня — Наваградзкага кавалерыйскага эскадрону. Камандаваць ім прапанавалі выкладчыку нямецкай мовы і вайсковай падрыхтоўкі Наваградзкай настаўніцкай сэмінарыі Барысу Рагулю. Гітлераўцы ня ведалі, што ён быў у ліку заснавальнікаў Беларускай незалежніцкай партыі, якая зьбіралася змагацца і з бальшавікамі, і зь немцамі. Рагуля даў згоду, паставіўшы, апрача ўсяго іншага, цьвёрдую ўмову поўнай незалежнасьці эскадрону ад мясцовай нямецкай адміністрацыі. Гэта быў ці не адзіны выпадак, калі акупанты выканалі абяцаньне. Дзякуючы камандзіру эскадрон быў выняткам і ў іншых аспэктах. Ён меў добрае ўзбраеньне і амуніцыю, а таксама свой штандар з Пагоняй і гэрбам Наваградку.

25 сакавіка 1944 году кавалерысты Рагулі прынялі прысягу на вернасьць беларускаму народу. Розныя аўтары, прычым і тыя, якіх не западозрыш у сымпатыях да нацыянальнага незалежніцкага руху, адзначаюць умелыя й пасьпяховыя дзеяньні эскадрону як супроць савецкіх, так і супроць польскіх партызанаў з Арміі Краёвай, што забівалі беларускіх актывістаў. Гэты тэрор на Наваградчыне быў спынены пасьля атрыманага “краёўцамі” ўльтыматуму — ужыць адпаведныя захады супроць палякаў.

Аўтар успамінаў пра байцоў Барыса Рагулі пісаў, што ў тых умовах “беларускаму народу не было на каго спадзявацца. Заставалася адна надзея — вера ўва ўласныя сілы. Гэта быў адзіны момант, які дамінаваў у Наваградзкім эскадроне. Яго маладыя жаўнеры былі люстэркам народных пачуцьцяў”. Гісторык тых падзеяў Алег Раманько падкрэсьлівае, што, “калі адкінуць мэмуарную рыторыку, у прынцыпе ўсё так і было. Паводзінамі свайго асабовага складу і стаўленьнем да мірнага насельніцтва эскадрон Рагулі выгодна адрозьніваўся і ад немцаў, і ад шмат якіх беларускіх частак”.

Пасьля вайны зьдзейсьніць яшчэ дзіцячую мару стаць лекарам Барысу Рагулю дапамог мэдычны факультэт Лювэнскай alma mater у Бэльгіі. Жывучы ад 1954 году ў Канадзе, ён стаў адным з найаўтарытэтнейшых у краіне спэцыялістаў у галіне анкалёгіі. Аднак прыватная практыка і навуковыя дасьледаваньні ніколі не заміналі яму працаваць на беларускую справу: у Згуртаваньні беларусаў Канады, у Радзе БНР (дзе ён доўгі час быў заступнікам прэзыдэнта), у Камітэце дапамогі дзецям — ахвярам Чарнобылю.

Мы сустрэліся зь ім дзесяць гадоў таму на сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Кліўлэндзе. Энэргічны поціск моцнай і чуйнай рукі мэдыка, глыбокі дапытлівы позірк, аўтограф на толькі што выдадзенай на эміграцыі ягонай кнізе “Беларускае студэнцтва на чужыне” (Лёндан, Канада — Нью-Ёрк, 1996)... Нашая размова была нядоўгай, але ўражаньні ад яе самі сабою склаліся ў ляканічную выснову: гэтаму чалавеку можна даверыць сваё здароўе, а паваяваць пад яго камандаваньнем я таксама б згадзіўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG