Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Б.Жаліба: 2007 год будзе выпрабавальным для беларускай эканомікі


Алесь Дашчынскі, Менск Прафэсар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба мяркуе, што Беларусь выгандлявала для сябе выгадныя ўмовы паставак расейскага газу. Яна мае самую нізкую цану на газ сярод іншых краінаў СНД.

Жаліба: “Аднак трэба ўлічыць, што цана мінулага году, 47 даляраў, павялічаная ўсё ж больш як у два разы. І застаецца пытаньне: ці гатовая Беларусь больш-менш лёгка перайсьці на гэтую цану? Вядома, зьмякчае сытуацыю тое, што беларусы будуць плаціць грашыма толькі частку. Але так ці інакш нас чакае падвышэньне сабекошту нашай прадукцыі. Гэта штуршок у бок падвышэньня цэнаў. Гэта ставіць пад пагрозу выкананьне пляну інфляцыі ў гэтым годзе.

Ці зможа выканаць пляны наш Нацыянальны банк у зьніжэньні стаўкі рэфінансаваньня? І ці зможам мы выканаць заданьне нашага ўраду — рост рэальных заробкаў? Гэтыя пытаньні застаюцца, бо цана на газ усё ж вышэйшая больш як у два разы. Таксама пагадненьне пра нафту застаецца такім, як вырашыў расейскі бок і гэта яшчэ адзін удар па беларускай эканоміцы. У пэўным сэнсе 2007 год будзе выпрабавальным для беларускай эканомікі”.
XS
SM
MD
LG