Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славянскі базар: перамога ці каляпс?


Юры Дракахруст Кожны, хто хоць калі-небудзь наведваў усходні базар, добра ведае звычкі тамтэйшых гандляроў. Напачатку такі гандляр прапаноўвае абсалютна завоблачную цану, потым, калі пакупнік аказваецца ўпартым, пакрысе зьніжае яе, енчачы, што абкрадае сам сабе і ставіць сваіх малых дзяцей пад пагрозу пакутлівай галоднай сьмерці. Максімуму енк дасягае, калі бакі ўсё ж прыходзяць да згоды. Пасьля таго, як пакупнік сыходзіць з таварам, гандляр усьміхаецца ў вусы – цана, па якой ён прадаў свой тавар, была насамрэч для яго цалкам прымальнай і, як правіла, значна вышэйшай за тую, па якой ён быў гатовы тавар прадаць.

Аб’ектыўнай ацэнцы пераднавагодняй газавай зьдзелцы паміж Беларусьсю і Расеяй замінае тое, што абодва бакі гандляваліся паводле канону усходняга базару: зь енкамі, запэўніваньнямі, што адаюць апошняе, што партнэр іх проста рабуе. Пры гэтым калі стратэгія ўсходняга ганляра скіраваная адно на цэнавы фактар, абодва бакі беларуска-расейскага гандлю прадаюць яшчэ і ўласнаму насельніцтву свой вобраз нязломнага барацьбіта за народныя інтарэсы і адначасна - ахвяры хцівасьці партнэра. Дык хто ж выйграў, а хто прайграў?

Пачнем з канца

За што беларуская дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэм’ерам Ўладзімерам Сямашкам білася з “Газпромам” 12 гадзінаў, ажно да моманту бою курантаў? Тыдзень таму “Газпром” агучыў прапанаваныя камэрцыйныя ўмовы зьдзелкі – 105 даляраў за тысячу кубамэтраў газу. Перамовы 31 сьнежня далі вынік – 100 даляраў за тое ж самае. Паколькі Беларусь купляе каля 20 мільрдаў кубамэтраў газу ў год, нескладана палічыць цану спрэчкі - 5* 20000000=100 мілёнаў даляраў. Адначасна цана за транзыт была паднятая з 0.75 центаў за пракачку тысячы кубамэтраў на 100 кіламетраў да 1.45 даляра. Паколькі “Газпром” перапампоўвае праз Беларусь прыкладна 30 мільярдаў даляраў, гэта яшчэ каля 120 мільёнаў даляраў.

Разам сумма атрымліваецца ўнушальная і можна было б гаварыць сапраўды пра бліскучую перамогу, але ўнушальная ў параўнаньні з чым? Тут варта прыгадаць, што тыдзень таму, калі “Газпром” агучыў цану ў 100 даляраў за тысячу кубоў, той жа Ўладзімер Сямашка заявіў, што прыняцьцё гэтых умоваў азначае каляпс беларускай эканомікі. Валавы ўнутраны прадукт Беларусі складае 30 мільярдаў даляраў. 220 мільёнаў – гэта менш аднаго адсотка ад гэтай суммы. Калі ўмовы “Газпрома” тыднёвай даўніны азначалі каляпс, то наўрад ці такі нязначны выйгрыш можа цудадзейным чынам ператварыць гэта ў росквіт і перамогу.

Каляпс і кантэкст

Магчыма, ніякага каляпсу Беларусі не пагражала і не пагражае, а проста спадар Сямашка цалкам увайшоў у роль ўсходняга гандляра. Але чаму тады толькі ён? Так, “Газпром” з красавіка ўпарта назваў лічбу – 200 даляраў за тысячу кубамэтраў. А колькі насамрэч хацеў, колькі гатовы быў саступіць? Праўда, менавіта па такой цане ён і прадае газ у Заходнюю Эўропу, менавіта на такую цану ён прымусіў пагадзіцца Грузію. Але ж Малдова атрымала цану 170 даляраў, Армэнія – 110.

Дарэчы, у 2005 годзе падчас падобнага украіна-расейскага канфлікту “Ггазпром” таксама выстаўляў Кіеву цану спачатку 160 даляраў, потым 230, напачатку 2006 году бакі сышліся на цане 95 даляраў. Заўважым, нават танней , чым сёлетняя “пераможная” цана для Беларусі. Праўда, у абарону Ўкраіны выступілі тады і Эўразьзяз, і ЗША, а Беларусь ніхто асабліва абараняць не зьбіраўся. Але ж і адносіны Беларусі і Расеі – крыху іншыя , чым былі паміж Расеяй і “аранжавай” Украінай.

Газпрам плоціць двойчы

Важнай адметнасьцю селетняй газавай зьдзелкі з’яўляецца тое, што на таргі ўсё ж такі пайшоў “Белтрансгаз”. Праўда, “Газпром” нарэшце пагадзіўся заплаціць за яго тую цану, за якую Лукашэнка выказваў гатоўнасьць прадаць “Белтрансгаз” яшчэ некалькі гадоў таму, пасьля падпісаньня ў 2002 годзе адпаведнага пагадненьня “танны газ за “Белтрансгаз”. Ці сапраўды быў гатовы, ці таксама дзейнічаў паводле альгарытму гандляра на ўсходнім базары? Магчыма, і апошняе, бо такія стурктураўтваральныя аб’екты эканомікі, як “Белтрансгаз”, у пэўным сэнсе маюць немалую цану, якая наўпрост не вымяраецца грашыма. Продаж такого аб’екту азначае пэўнае абмежаваньне магчымасьцяў нацыянальнага ўраду кіраваць эканомікай, а папросту кажучы, абмежаваньне націянальнага сувэрэнітэту. Напрыклад, тая ж Украіна ўпарта адмаўлялася і адмаўляецца прадаваць “Газпрому” свае газатранспартныя сеткі.

Але менавіта гэты аспэкт і быў улічаны ў здзелцы Сямашкі-Міллера. У пэўным сэнсе “Газпром” пагадзіўся заплаціць за “Белтрансгаз” двойчы, па-першае, выкладваючы 2.5 мільярды даляраў за 50% акцыяў, а па-другое, калі б Беларусь не прадала “Белтрансгаз”, пра 100 даляраў за тысячу кубамэтраў не было б нават і гаворкі.

Цана і кошт

Усе гэта гаворыцца не дзеля таго, каб абвінаваціць беларускія ўлады у “продажы Радзімы”. Саступка сувэрэнных правоў у дадзеным выпадку ня мае крытычнага характару, такім жа шляхам пайшла, напрыклад, Малдова. Магчыма, беларускай эканоміцы наступіў бы каляпс, калі б цана склала 150-200 даляраў за тысячу кубамэтраў, і магчыма, такая цана была б непазьбежнай , калі б “Белтрансгаз” ня быў прададзены. За мільёнаў 200 даляраў можна было і пазмагацца (што і было зроблена), каб захаваць твар, а вось дасягнуць прынцыпова большага – вялікае пытаньне. Але трэба разумець цану, заплачаную за выхад з безвыходнага становішча.

Цікава параўнасць умовы пагадненьня ад 31.12.2006 з прыгаданым пагадненьнем 2002 году. Тады меркавалася, что Беларусь будзе атрымліваць газ па цане Смаленскай вобласьці, а за гэта ў 2003 годзе прадасьць палову “Белтрансгазу”. Так атрымалася, што спачатку пагадненьне выконваў толькі расейскі бок, зараз нарэшце яго са спазьненьнем на 3 гады выканаў беларускі бок, але спыніў выконваць расейскі. Цана у 100 даляраў за тысячу кубамэтраў – істотна вышэй за смаленскую.

Канец веры

Цяперашні газавы кантракт цяжка трактаваць, як перамогу. Але гэта і не параза. Беларуская эканоміка атрымала чатырохгадовы перыяд адаптацыі да рынкавых цэнаў, што насамрэч – вялікая раскоша.

Хутчэй за ўсё 31.12.2006 памерла вера, якую падзялялі ня толькі зацятыя прыхільнікі Лукашэнкі, што ён у любым выпадку выкруціцца, што-небудзь прыдумае, надзьме нейкі інтэграцыйны балёнік – словам , абдурыць расейцаў у чарговы раз і ўсё будзе па-ранейшаму. Ня будзе.

Магчыма, цана за наступствы ранейшай палітыкі, за разьвітаньне з гэтай верай сапраўды аказалася не сама вялікай з магчымых. Пытаньне, ці стане гэтае разьвітаньне незваротным, пакуль застаецца без адказу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG