Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У перамовах па газу беларускі бок пайшоў на шэраг саступак


Валер Каліноўскі, Менск Пасьля вырашэньня складанай газавай праблемы ў дачыненьнях з Расеяй у беларускага боку засталася ня менш вострая праблема падаражаньня расейскай нафты. Беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі сёньня хоча абмеркаваць у Маскве са сваім расейскім калегам Міхаілам Фрадковым праблему скасаваньня экспартнага мыта на нафту, якая прадаецца ў Беларусь.

Сяргей Сідорскі адмыслова прыбыў у Маскву ўчора ўвечары на падпісаньне газавых кантрактаў. Паводле іх Беларусь сёлета атрымае газ па 100 даляраў за 1000 кубамэтраў, а да 2011 года выйдзе на эўрапейскія кошты газу ( з адлічэньнем затрат на транзыт і дастаўку газу ў Заходнюю Эўропу).

Кантракты былі падпісаныя ў апошнюю хвіліну. Беларускі бок ў ходзе ўчарашніх перамоваў на 20 цэнтаў саступіў у сваёй папярэдняй пазыцыі наконт тарыфу на транзыт расейскага газу – з 1,65 да 1,45 даляра за перапампоўваньне тысячы кубамэтраў газу на 100 кілямэтраў. Прычым стаўка транзыту зафіксаваная на 5 гадоў, у адрозьненьне ад цаны на газ, якая штогод будзе расьці.

Менск таксама настойваў на адначасовай аплаце “Газпромам” 2,5 мільярдаў даляраў за 50 адсоткаў акцыяў “Белтрансгазу”, але вымушаны быў пагадзіцца, што гэтыя грошы будуць выплачаныя цягам 4 гадоў.

Сяргей Сідорскі пасьля падпісаньня газавых кантрактаў заявіў, што згода на павелічэньне кошту газу да 100 даляраў – нявыгаднае для Беларусі рашэньне, якое супольна ўхвалілі ўрад і Рада Бясьпекі з мэтай давесьці, што Беларусь з’яўляецца надзейным партнэрам для Расеі і Эўразьвязу.

(Сідорскі: ) “Гэты кошт для нашай эканомікі вельмі складаны, можна сказаць непад’ёмны. Ураду і ўсім, хто сёньня працуе ў рэальнай эканоміцы, прыйдзецца шмат працаваць, каб забясьпечыць патрэбную рэнтабэльнасьць… Прыйдзецца шукаць рэзэрвы, каб разьвіваць нашу эканомікі ў адпаведнасьці з зададзенымі тэмпамі. Мы йдзем на гэтыя 100 даляраў, складаны кошт для нас, і будзе вырашаць усе пытаньні самастойна”.

Кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер сказаў, што кошт газу для Беларусі -- самы льготны на постсавецкай прасторы, і што “Газпром” пагадзіўся з максымальнай ацэнкай кошту акцый “Белтрангазу” – 5 мільярдаў даляраў. 1 студзеня спадар Сідорскі разам з расейскім прэм’ерам Міхаілам Фрадковым паспрабуе вырашыць не менш вострую нафтавую праблему. А менавіта пра скасаваньне экспартнага мыта ў 180 даляраў, якое было ўведзенае ўрадам Расеі з-за стратаў свайго бюджэту ад перапродажу Беларусьсю нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай сыравіны, пры якім мытныя плацяжы заставаліся толькі ў беларускім бюджэце. Агульныя страты Расеі ацэньваліся каля 2 мільярдаў даляраў.

Спадар Сідорскі ў якасьці кампрамісу прапанаваў расейскаму ўраду падзяліць мыта, якое бярэцца з продажу на Захад сьветлых нафтапрадуктаў, вырабленых беларускімі НПЗ з расейскай сыравіны, пароўну паміж бюджэтамі Беларусі і Расеі. Расейскі бок раней настойваў на формуле 85 % -- 15 % на сваю карысьць.

Перад новым годам “Белнафтахім” увогуле адмовіўся расейскай нафты з улікам 180 даляраў мыта, якое пачало дзейнічаць 1 студзеня. Кошт нафты больш за 400 даляраў непад’ёмны для беларускай эканомікі,– прызнаў спадар Сідорскі.
XS
SM
MD
LG