Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляднае віншаваньне Старшыні Рады БНР<b/>


Радыё Свабода, Прага Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася з Калядным віншаваньнем да беларускага народу.

“Дарагія Суродзічы Беларусы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую Вас з каляднымі сьвятамі, якія сымбалізуюць ува ўсім сьвеце спакой, радасьць і надзею.

Віншую ўсіх Вас з Вашай мужнасьцю і вытрываласьць у 2006-ым годзе. Вы паказалі сьвету, што Вы заслугоўваеце павагі й падтрымкі.

Віншую Вашых лідэраў. Аляксандра Мілінкевіча - за ягоную выдатную працу на міжнароднай арэне. Ён шмат спрычыніўся да новаздабытай павагі сьвету да беларускага народу. А нам патрэбныя цяпер, як ніколі, павага вольнага сьвету.

Віншую Аляксандра Казуліна за ягоную адвагу і ахвярнасьць у такіх цяжкіх умовах. Дасягнуў ён вельмі шмат. Жадаю яму сілаў вытрываць зьдзек бязьлітаснай улады.

Віншую ўсіх палітвязьняў, якія пакутуюць у турмах і калёніях дзеля свае любові да Бацькаўшчыны.

Віншую нашую дарагую моладзь, якая ўзяла на сябе заданьне вызваліць свой край.

Віншую беларускую дыяспару, якая шмат спрычынілася, каб пакуты Беларусі не былі “крыкам у пустэльні”. Была яна зноў голасам ў сьвеце нашага народу.

Дарагія суродзічы, Вы вярнулі ўсім нам веру ў лепшую будучыню. Віншую Вас і з глыбіні сэрца дзякую Вам.

Застаецца цяпер не дазволіць спалоханаму ўзурпатару прадаць наш край за пару чырвонцаў. Веру, што мы гатовыя! Дык зноў жадаю Вам вытрываласьці, любові і павагі да свайго роднага краю, да свае мовы, да свае культуры, любові і салідарнасьці міжсобку!

Зьяднаныя разам, мы выратуем наш край!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвіла, Старшыня Рады БНР”
XS
SM
MD
LG