Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палёт савы Мінэрвы над Беларусьсю


Расейскі палітоляг Дзьмітрый Фурман прапанаваў іранічную формулу пра “карупцыю, якая перарастае ў лібэралізм” для апісаньня мэханізму пераходу ад брэжнеўскага “застою” да перабудовы і наступнага краху камунізму.


Гэтая формула мае наўпроставае дачыненьне да цяперашніх спрэчак пра тое, ці мяняецца сёньняшняя палітычная, сацыяльная і эканамічная сыстэма ў Беларусі, а калі мяняецца, то ў які бок.

Прыхільнікі меркаваньня, што зьмены адбываюцца, зьвяртаюць увагу на негалосны пачатак маштабнай прыватызацыі, на новую палітыку крэдытаў, на засваеньне афіцыйнай ідэалёгіяй некаторых элемэнтаў ідэалягічнага крэда апазыцыі.

Тыя, хто ніяк зьменаў ня бачаць, адзначаюць, што гэтыя падзеі і працэсы ніяк не мяняюць прыроды сыстэмы і не ляжаць ані ў рэчышчы дэмакратызацыі, ані нават у рэчышчы эканамічнай лібэралізацыі a la Піначэт ці Дэн Сяо Пін: апошнія выспачкі свабоды нішчацца, бізнэс – апірышча лібэралізацыі – зьнішчаецца, словам, дыктататура мацнее, і пра якія перамены можна весьці гаворку.
Георг Вільгельм Фрыдрых Гегель: "Сава Мінэрвы вылятае толькі ў прыцемках"

Але, як казаў Гегель, “сава Мінэўры вылятае толькі ў прыцемках”. Гэта значыць, што сэнс тых ці іншых гістарычных падзеяў робіцца зразумелым толькі пазьней, калі яны прыводзяць да пэўных наступстваў. У гэтым сэнсе брэжнеўскі “застой” ня быў пэрыядам больш лібэральным, чым хрушчоўская “адліга”. Але менавіта ў брэжнеўскі час канчаткова сканала камуністычная вера: карупцыя і цынізм зьелі яе, – і менавіта таму атрымалася, што камуністычнае панаваньне ўласна камуністычная эліта і скінула – як форму, што ўжо не адпавядала яе новым уяўленьням і памкненьням.

Летась Леанід Заіка ў “Праскім акцэнце” вельмі добра апісаў, як гэты механізм пачынае дзейнічаць і будзе дзейнічаць далей у сучаснай Беларусі: “Беларусь засталася апошняй краінай, дзе не падзялілі маёмасьці. (…) І Аляксандар Рыгоравіч, якіх бы талентаў ён ні меў і як бы ні любіў яго народ, урэшце паўстане перад праблемай, калі і дзеці яго пачнуць яму падказваць: трэба прыватызаваць краіну. Ёсьць буйныя камбінаты – калійныя, мэталюргічныя, – няўжо пакідаць іх гэтай апазыцыі і яе дзецям? Я мяркую, што ўступленьне ў гэтую фазу маральнага цыклю і маральнага пералому наперадзе. А беларускае грамадзтва будзе ставіцца да гэтага вельмі хваравіта. Бо застацца ў дурнях ніхто ня хоча, асабліва ў сытуацыі, калі будуць дзяліцца мільярды. Лукашэнка гэтай праблемы баіцца, ён ня ведае, як яе добра вырашыць – ці то аддаваць расейцам, ці заходнікам, ці арабам. Але намэнклятура гэтага чакае, дзеці чакаюць. Усе ўжо бачаць, што нельга так далей жыць – бязь яхтаў, без уласных самалётаў, без катэджаў на Лязурным беразе”.
Леанід Заіка: "Усе ўжо бачаць, што нельга так далей жыць – бязь яхтаў, без уласных самалётаў, без катэджаў на Лязурным беразе"


Вось нядаўна расейскае выданьне “Твой день” апублікавала фота, як расейскі алігарх №1 Раман Абрамовіч на адпачынку кусае сваю girlfriend за… ну паглядзіце, самі даведаецеся, за што. Але ня ў тым сэнс, што кусае (такую асалоду і ў якіх-небудзь Рыжкавічах атрымаць можна), а дзе – на сваёй уласнай яхце, каля райскай выспы Сьвятога Варфаламея на Карыбах. А чым нашы горшыя? Ну, чым горшыя канкрэтна за Абрамовіча? Зразумела, у яго грошай больш, але ёсьць і іншыя ўзоры: пра забавы расейскай бізнэсовай і чынавенскай эліты ў Куршавэлі пагалоска ня хлусіць, сынок нябожчыка Туркмэнбашы прагульваў мільёны ў казіно ў Гішпаніі за адну ноч. А нашым – што, на Нарач ці на Менскае мора зьезьдзіць? І ўсё? І нават ня ў тым рэч, што ў Эўропу не пускаюць, а што і сам ня рады будзеш, сыстэма такая: грошай ужо маюць, можа, і ня менш, чым у расейскіх, украінскіх ды іншых постсавецкіх калегаў, а правілы патрабуюць паказваць сябе “камісарам у пыльным шлеме”.

У гэтым сэнсе і Эўропа – гэта ж ня толькі край выдатных маральных і палітычных прынцыпаў, ня толькі край эканамічнай эфэктыўнасьці (на што асабліва робяць націск адны), але ж і край спакусаў і глямуру, у прынцыпе недасягальнага ў Раўбічах ці Стайках.

Вось у калегі Сіліцкага душа баліць глядзець на айчынныя імітацыі Эўропы. А ўявіце, як яна баліць у людзей сыстэмы, якія пра сапраўдную Эўропу таксама сёе-тое ведаюць, але грошай маюць значна больш, чым мой паважаны калега.

З маральнага пункту гледжаньня намэнклятурнікі брэжнеўскага часу выглядалі пачварамі ў параўнаньні з сапраўднымі камісарамі ў пыльных шлемах, услаўленымі Акуджавам. Аднак наступствам дзеяньняў апошніх стала жахлівая крыважэрная дыктатура, а наступствам дзеяньняў першых у перабудову стала пахаваньне гэтай сыстэмы і трансфармацыя яе ў менш крыважэрную і жахлівую. Такая вось сава Мінэрвы.
Віталь Сіліцкі: "Калі вас ня верне ад ружова-нябесных інтэр’ераў (Божа, ці бачыў я іх калі ў сапраўднай Эўропе!), то сардэчна запрашаем"


На чыйсьці погляд такі шлях пераходу – брыдкі і амаральны. Дадам, што ён і не гарантуе пераходу як такога, па меншай меры ў кароткатэрміновай пэрспэктыве. У прынцыпе карупцыйная кругавая парука можа быць нават дадатковым сродкам умацаваньня сыстэмы. На пэўны час.

А потым якраз і адбываецца “каляровая рэвалюцыя” – калі, можа, і ня менш цынічныя, чым іх калегі, прадстаўнікі ўладнай эліты накіроўваюць народнае абурэньне несправядлівасьцю на сваіх менш разумных калегаў.

Чытач, магчыма, ужо падрыхтаваўся да таго, каб закляйміць мяне за мой цынізм. І дарма. Я да такога шляху не заклікаю, грошы зарабляюць і нават крадуць, а таксама спакушаюцца салодкім жыцьцём і без маіх парадаў. Адзінае, што хацелася б рахмана заўважыць, дык гэта тое, што такі шлях пераходу грунтуецца на пачуцьцях і памкненьнях, распаўсюджаных куды шырэй, чым гераізм і самаахвярнасьць.

А, дарэчы, калі жаданы пераход і адбудзецца, то на ўласных яхтах на Карыбах урэшце будуць плаваць зусім не абавязкова тыя, каго цяперашняя сыстэма раздражняе, бо не дае ім такой магчымасьці. Тут ужо як карта ляжа. Больш за тое, атрымаецца ўсё роўна няправільна, што і зразумела: падзяліць па справядлівасьці хлеб, чарку і шкварку ў прынцыпе магчыма, падзяліць яхты на Карыбах па справядлівасьці немагчыма ў прынцыпе. Усё роўна будуць на іх плаваць ня тыя, хто гэтага на наш погляд заслугоўвае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG