Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жэнэве дамовіліся ўстрымацца ад гвалту ва Ўкраіне


Расейскі міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў паведаміў, што ў выніку чатырохбаковай сустрэчы ў Жэнэве дасягнутая дамоўленасьць аб дээскаляцыі ва Ўкраіне. «Мы дамовіліся, што ўсе бакі павінны ўстрымлівацца ад любога гвалту», — падкрэсьліў Лаўроў.

Паводле міністра, бакі пагадзіліся з неабходнасьцю нацыянальнага дыялёгу.

Галоўныя з умоваў: незаконныя ўзброеныя фармаваньні павінны быць раззброеныя, а захопленыя адміністрацыйныя будынкі вызваленыя, павінна быць таксама гарантаваная амністыя ўсім пратэстоўцам, за выключэньнем тых, хто зьдзейсьніў цяжкія злачынствы.

Удзельнікі жэнэўскай сустрэчы прызналі, што крызіс павінны ўрэгуляваць самі ўкраінцы. Паводле Лаўрова, Расея будзе падтрымліваць працу місіі АБСЭ ва Ўкраіне па наладжваньні дыялёгу паміж бакамі.

«У Расеі няма намеру ўводзіць войскі на тэрыторыю сяброўскай Украіны,» — заявіў Сяргей Лаўроў.

Тэрміны, якія апісваюць дзяржаўны лад, могуць быць рознымі, галоўнае — рэальныя правы рэгіёнаў, заявіў Сяргей Лаўроў. «Мы не ўжывалі якіх-небудзь тэрмінаў, яны могуць быць самыя розныя. Можа быць фэдэрацыя, дзе правы суб’ектаў усечаныя, можа быць унітарная дзяржава толькі па назьве, з шырокімі правамі рэгіёнаў», — сказаў ён.

Зьмена пазаблёкавага статусу Ўкраіны падарве намаганьні па ўрэгуляваньні цяперашняга крызісу, упэўнены Лаўроў.

Перамовы ў Жэнэве былі арганізаваныя з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Расеі, ЗША і Эўрапейскага Зьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG