Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Вярцінскі: «Васіль Быкаў як фэномэн...»


Думаючы і гаворачы пра спадчыну Васіля Быкава, міжволі задумваесься пра фэномэн яго — як чалавека, творцы, грамадзяніна, пра фэномэн у нечым загадкавы, яшчэ не зусім намі асэнсаваны. Задумваесься пра няпростую, але арганічна абумоўленую сувязь творчасьці пісьменьніка зь ягоным лёсам.

Невыпадкова, што панятак «лёс» — адзін з ключавых у яго выступах і некаторых публікацыях. Памятаю, як у сваёй яркай, глыбока вынашанай прамове на пленуме праўленьня Саюзу пісьменьнікаў, прысьвечаным тэме «Гісторыя народу і мастацкая літаратура» (травень 1988 году), ён, гаворачы пра неабходнасьць гуманістычнага чыньніка ў жыцьці грамадзтва, падкрэсьліў: «Кожны, хто нарадзіўся чалавекам, ужо ад факту свайго нараджэньня мае права на высокі чалавечы лёс».

Анатоль Вярцінскі
Анатоль Вярцінскі
У адным са сваіх артыкулаў ён такую якасьць, як нязьменная вернасьць, кажучы яго словамі, «вызначальным у мастацтве катэгорыям, як праўда, прастата і чалавечнасьць», называе абавязковай умовай і сынонімам шчасьлівага літаратурнага (пісьменьніцкага), зноў-такі, лёсу.

Запомнілася, што слова «лёс» выразна гучала ў выступе Васіля Быкава на кангрэсе беларусістаў. Гэта — калі ён гаварыў, што «зь нейкага капрызу гісторыі мы... пазбаўленыя прыстойнага лёсу (...мы ўпусьцілі свой нацыянальны цягнік і апынуліся ў ролі вечных паяжджан, пазбаўленыя прыстойнага лёсу»). У тым яго выступе слова «лёс» падаецца з эпітэтам «бязьлітасны», а слова «гісторыя» — з азначэньнем «жорсткая».

Паказальна, што кніга «Доўгая дарога дадому» завяршаецца радкамі наступнага горкага прызнаньня: «Мабыць, кожнаму свой шлях да свабоды наканавана прайсьці асобна... Што да мяне, дык пэўне, мой логас (чытаем: лёс) пэсымістычны, хаця мая душа прагне аптымізму. Як некалі пісала вялікая Леся Ўкраінка: «Без надзеі такі спадзяюся».

Так, яго жыцьцё, яго лёс ва ўсіх сэнсах, у тым ліку, зразумела, і ў творчым, — драматычныя. Але... мне тут згадваецца пранікнёны рэдакцыйны нэкралёг — дзесяцігадовай даўнасьці — зьмешчаны ў адным аўтарытэтным расейскім выданьні. У ім, — помню амаль даслоўна, — сьцьвярджалася, што, нягледзячы на драматызм лёсу, на трагічнае сьветаадчуваньне, Васіль Быкаў уяўляе сабой прыклад шчасьлівага чалавека, шчасьлівай, сумленнай асобы, незалежна пражытага жыцьця. Шчасьлівай таму, што бачыў далей, чым яго народ, быў мудрэйшы за сваіх уладатрымальнікаў і быў мацнейшы за ўласны лёс.

І ява існая, і цуд!
Не, ён ня там, ён тут,
Ён недзе тут.
Ён недзе тут, ён з намі,
Такі, якім яго мы зналі.

Я вам кажу, што тут ён
На гэтым сьвеце
І ў гэтым леце,
На беразе жывой ракі.
Цяпер, заўсёды і на ўсе вякі...

Чэрвень з Быкавым

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG