Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў: «Быкаў — гэта нясьцерпная праўда жыцьця»


Пра найважнейшае сёньня ў творчай спадчыне Васіля Быкава разважае паэт і палітык Уладзімер Някляеў.

«У спадчыне Васіля Быкава няма, бадай, нічога, што сёньня не было б важным для нас, але найбольш важнае ў ёй — сам Васіль Быкаў. Важная ня толькі мастацкая моц ягоных твораў, але і ягоная асабістая, чалавечая вартасьць. Важная быкаўская беларускасьць, якая складаецца з мужнасьці, прынцыповасьці, непахіснасьці, што ўсё разам складае характар, які ні ў чым не супадае з тым вобразам рахманага „бульбяша“, якім малюе беларуса сёньняшняя антыбеларуская ўлада, бо менавіта гэтакі беларус патрэбны ёй: на рахманых ваду возяць.

У цяперашняй цынічнай, хамскай, пазбаўленай маралі рэчаіснасьці найважныя тыя быкаўскія творы, у якіх паўстае праблема маральнага выбару, а гэта зноў жа — амаль увесь Быкаў. Гэта і ягоны Сотнікаў з аднайменнай аповесьці, і Сушчэня з аповесьці „Ў тумане“, які па сумленьні жыць болей ня мог, а без сумленьня — не захацеў. І калі нязломны Сотнікаў у нечым літаратурны, прыдуманы, дык „рахманы“ Сушчэня — характар цалкам рэальны. Такі, які ён ёсьць у беларуса. Да ўсяго, Сотнікава зьнішчаюць ворагі, а Сушчэню — праз правакацыю ворагаў — свае. Зьнішчэньне беларусамі беларусаў, зьнішчэньне саміх сябе — гэта хіба не найважнае для нас? Гэта хіба ня тое, што робіцца й сёньня?..

Па нясьцерпнай праўдзе жыцьця аповесьць „У тумане“ — адна з найлепшых у Быкава. Гэтую нясьцерпную быкаўскую праўду здолеў перанесьці ў свой фільм рэжысэр Сяргей Лазьніца — і фільм стаўся найлепшым сярод усіх, якія здымаліся па быкаўскіх аповесьцях.

Няхай нясьцерпная, але праўда — гэта ўрэшце і ёсьць тое, што было самым важным для Быкава і застаецца самым важным для нас».

Чэрвень з Быкавым

Чэрвень з Быкавым


Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому (Аўдыёкніга)

«Быкаў на Свабодзе» (PDF)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG