Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыгоннае права ў дрэваапрацоўчай галіне?


http://embed.bambuser.com/broadcast/3217536 Запіс жывога эфіру

Алясандар Лукашэнка запатрабаваў ад новага кіраўніка канцэрну «Беллесбумпром» штурмам завяршыць мадэрнізацыю дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Навошта кіраўнік дзяржавы прыняў дэкрэт № 9? Як можна ацаніць прававыя аспэкты гэтага дакумэнту? Якія наступствы ён можа мець?

Удзельнікі: юрыст Сяргей Балыкін і старшыня незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч.


Прававы аспэкт дэкрэту


Валер Карбалевіч: «Скандальны прэзыдэнцкі дэкрэт № 9 ужо выклікаў гучны рэзананс у незалежных мэдыях, сярод грамадзкасьці. Найперш пагаворым пра прававы аспэкт гэтага дакумэнту. Што новага ён унёс у працоўныя адносіны? Наколькі ён адпавядае Канстытуцыі Беларусі, міжнародным дакумэнтам у галіне правоў чалавека, якія падпісала Беларусь?»

Сяргей Балыкін: «Дэкрэт забараняе звальняцца супрацоўнікам дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў па ўласным жаданьні. Акрамя заробкаў, яны будуць атрымліваць яшчэ нейкія выплаты. І калі супрацоўнік нейкім чынам звальняецца, то гэтыя выплаты (не заробак, а менавіта гэтыя дадатковыя выплаты) зь яго потым спагоняць. Невядома, якія будуць гэтыя даплаты. На кожным прадпрыемстве яны будуць розныя ў залежнасьці ад эканамічных магчымасьцяў.

Затым, гэты дэкрэт распаўсюджваецца ня толькі на дзевяць прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай галіны, але і на іншыя структуры, якія зьвязаныя дамовамі з гэтымі прадпрыемствамі. Напрыклад, на праектныя арганізацыі».

Генадзь Фядыніч: «Адным росчыркам пяра адкідваецца Працоўны кодэкс, Канстытуцыя, міжнародныя канвэнцыі, якія падпісала і ратыфікавала Беларусь. Як гэта можна забараніць чалавеку шукаць сабе лепшае месца працы, лепшае жыцьцё? Хто даў такое права прэзыдэнту? Што, ён будзе карміць сем’і рабочых? Такіх законаў ня ведае найноўшая гісторыя постсавецкіх краін, ня кажучы ўжо пра Эўропу.

Фактычна адкідваюцца суды як мэханізм вырашэньня спрэчак паміж наймальнікам і найманым працаўніком. Скардзіцца можна толькі губэрнатару. Няўжо ў яго няма іншых спраў?

Гэтая страшылка ня будзе працаваць. Сярэдні заробак у дрэваапрацоўчай галіне — каля 3 млн рублёў у месяц. Гэта невялікія грошы. Таму людзі будуць зьяжджаць.

Што да гэтых незразумелых выплат звыш заробкаў. Прэзыдэнт жа шмат разоў казаў, што нельга выплачваць незаробленыя грошы. Дык гэта што — крэдыт на маўчаньне? Даплата за ляяльнасьць?»
У СССР перад вайной выйшаў падобны дакумэнт за подпісам Сталіна. Там таксама было забаронена звальняцца работнікам на ўласнае жаданьне


Балыкін: «Хачу нагадаць, што ў СССР перад вайной выйшаў падобны дакумэнт за подпісам Сталіна. Там таксама было забаронена звальняцца работнікам на ўласнае жаданьне. Вось мы вяртаемся ў сталінскія часы, у ваенную эканоміку».

Карбалевіч: «І калгас нельга было пакідаць на ўласнае жаданьне ў сталінскія часы».

Балыкін: «Ня першы раз парушаецца і Працоўны кодэкс, і Канстытуцыя. Але паводле 137 артыкула Канстытуцыі Беларусі прэзыдэнцкія дэкрэты маюць большую сілу, чым законы і кодэксы».


Эканамічны сэнс дэкрэту


Карбалевіч: «У чым эканамічны сэнс гэтага дэкрэту? Дрэваапрацоўчая галіна — не стратэгічная для беларускай эканомікі. Гэта не нафтаперапрацоўка, якая дае 40% даходаў ад экспарту краіны. Чаго раптам дзеля яе мадэрнізацыі Лукашэнка ідзе на такія іміджавыя ахвяры? Вось падчас прызначэньня новага кіраўніка канцэрну „Беллесбумпром“ кіраўнік дзяржавы прызнаў, што даводзіцца ісьці на непапулярныя захады. То бок ён сам разумее, што гэта непапулярна. Тады навошта, дзеля чаго гэта робіцца?»

Фядыніч: «Тут зусім ніякай лёгікі няма. Былі выдзеленыя на мадэрнізацыю гэтых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў дзяржаўныя грошы. І кіраўнікі заводаў іх прафукалі. Але пры чым тут працоўныя?

Хачу заўважыць, што мадэрнізацыя прадугледжвае новыя тэхналёгіі. І ёй звычайна спадарожнічае скарачэньне працоўных месцаў. Тады нашто цяпер сілком трымаць тут работнікаў?
Прычына такіх захадаў у іншым. Пачаўся масавы ад’езд людзей на заробкі ў Расею


Прычына такіх захадаў у іншым. Пачаўся масавы ад’езд людзей на заробкі ў Расею. Паводле нашых разьлікаў, хутка іх будзе каля 1 млн чалавек. І вось з дапамогай такога дэкрэту ўлады імкнуцца спыніць гэты працэс».

Балыкін: «Сапраўды, цякучасьць кадраў у дрэваапрацоўчай галіне вялікая. Бо заробкі малыя, умовы працы шкодныя для здароўя. Некалькі гадоў таму на „Пінскдрэве“ падчас аварыі загінулі людзі. А гэта ж флягман нашай дрэваапрацоўчай прамысловасьці.

Магчыма, Лукашэнка разьлічвае зрабіць дрэваапрацоўку стратэгічнай галіной, як у Фінляндыі. Яму даводзяць, што гэтая галіна страчвае рынкі, канкурэнты мадэрнізуюцца, нам таксама трэба гэта рабіць. Але Лукашэнка імкнецца ажыцьцявіць мадэрнізацыю самым неэфэктыўным чынам — адміністратыўнымі мэтадамі, „штурмам“, як ён казаў.

Я таксама лічу, што гэтая галіна можа стаць адным зь лякаматываў нашай эканомікі. Але ў іншых краінах мадэрнізацыю ладзіць прыватны інвэстар за свае грошы, ён арганізуе эфэктыўны мэнэджмэнт, шукае рынкі і інш.»

Фядыніч: «Так, і нічога лепшага ўсясьветная эканоміка не прыдумала. Але няма сёньня ў Беларусі ўмоваў, каб прыйшоў прыватны інвэстар. З улікам вялікай колькасьці лясоў у Беларусі гэтую галіну можна было б паставіць на высокі ўзровень. А ў нас гэта робіцца на падставе загадаў.

Вось падчас візыту Лукашэнкі на „Барысаўдрэў“ віцэ-прэм’ер Сямашка выказаў сумнеў, што мадэрнізацыю ўдасца скончыць да 7 лістапада 2013 году. Але Лукашэнка адказаў, што гэта мой загад, і ўсё. І што атрымаецца? Нешта пабудуюць мэтадам штурму. А ці будзе яно працаваць?»

Балыкін: «Каб прыйшлі інвэстары, патрэбная лібэральная эканоміка. Улады шмат гавораць пра лібэралізацыю. Але робяць адваротныя крокі, як вось гэты дэкрэт. Ён напужае інвэстараў. Бо калі робяцца нярынкавыя крокі адносна найманых работнікаў, то яны лёгка могуць быць зробленыя і адносна наймальніка, інвэстара».


Якія наступствы можа мець гэты дэкрэт?


Карбалевіч: «Якія наступствы прыняцьця гэтага дэкрэту? Маю на ўвазе ня толькі рэакцыю працоўных. Ці будуць распаўсюджаныя гэтыя нормы на іншыя галіны эканомікі, на ўсю краіну?»

Фядыніч: «Афіцыйныя прафсаюзы будуць маўчаць. А да саміх працоўных галіны інфармацыя пра новыя ўмовы не дайшла яшчэ. Ураду даручана цягам месяца падрыхтавацца да практычнай рэалізацыі гэтага дэкрэту. Гэта нялёгка будзе зрабіць.

Наш прафсаюз ня мае на гэтых прадпрыемствах сваіх арганізацый. Але мы на кожным з гэтых прадпрыемстваў распаўсюдзім улёткі, у якіх растлумачым рабочым іх правы і дамо нашы парады».
Што тычыцца рэакцыі насельніцтва, то беларусы сьцерпяць, як заўсёды


Балыкін: «Нормы дэкрэту могуць быць распаўсюджаныя на іншыя галіны эканомікі. У нашай краіне можа быць усё. Калі справы ў эканоміцы будуць ісьці ўсё горш, шмат людзей будзе зьяжджаць з краіны, то нормы дэкрэту могуць распаўсюдзіць на будаўніцтва, мэдыцыну. Што тычыцца рэакцыі насельніцтва, то беларусы сьцерпяць, як заўсёды».

Фядыніч: «Вось у Новалукомлі быў выпадак, калі работнікаў не адпускалі звольніцца з працы, яны былі на кантракце. Дык людзі кінулі працоўныя кніжкі і ўсё роўна паехалі. Таму і гэтым дэкрэтам народ не ўтрымаюць на прадпрыемствах. Калі людзі захочуць, то знойдуць лазейкі, як абыйсьці гэты дэкрэт. Чалавек зьедзе ў Расею — як вы яго там знойдзеце, каб прымусіць яго вярнуць гэтыя выплаты?»

Балыкін: «Магчыма пазоў прад’явіць на маёмасьць гэтага работніка, які зьехаў і парушыў нормы дэкрэту. Можна стварыць сьпісы невыязных, квіткі на цягнікі не прадаваць, паставіць памежнікаў на мяжы з Расеяй. У маразму няма рамак».

Карбалевіч: «Гэта цяжка ўявіць у ХХІ стагодзьдзі».

Фядыніч: «Замест таго каб стварыць такія ўмовы, каб людзі не зьяжджалі, улады спрабуюць закручваць гайкі, сілай прымусіць людзей не зьяжджаць. Думаю, улады праводзяць экспэрымэнт. Калі пратэстаў на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах ня будзе, то такім чынам можна будзе распаўсюдзіць гэтую „мадэрнізацыю“ на ўсю Беларусь».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG