Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1991-2011. Gorby ў Менску


Міхаіл Гарбачоў, 1990 г.
Міхаіл Гарбачоў, 1990 г.
Ад кулі ў лоб уратаваў мяне, думаю, дэпутацкі значок – ахоўнікі Гарбачова, напэўна, мелі інструкцыі “народных выбраньнікаў” не разглядаць як патэнцыйную пагрозу “аб’екту аховы”. Але, найперш, новыя часы – раней, як сказалі мне потым “кампэтэнтныя “ асобы, такая ініцыятыўнасьць скончылася б для мяне вельмі кепска.

…Гарбачоў прыляцеў у Менск 26 лютага 1991 году і вярнуўся ў Маскву праз тры дні, 28-га – акурат да свайго 60-годзьдзя.

Гэты знакавы юбілей Гарбачоў мог адзначаць на піку ўсясьветнай папулярнасьці – якую да яго ня меў ніводзін крамлёўскі лідэр. Ініцыятар разбраеньня, магільшчык “халоднай вайны”, разбуральнік іміджу СССР як “імпэрыі зла” і пачынальнік мадэрнізацыі гэтай самай імпэрыі (што задумвалася яна касмэтычнай – Захад не асабліва турбавала). Высокая ацэнка Гарбачова ўсясьветнымі лідэрамі, трыюмфальныя візыты ў эўрапейскія сталіцы, сотні людзей з партрэтамі і плякатамі, воклічамі “Gorby!“, “чалавек году”, а затым і “чалавек дзесяцігодзьдзя” па вэрсіі часопісу Time. Нарэшце, за тры месяцы да прыезду ў Менск – ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру – “у знак прызнаньня ягонай вядучай ролі ў мірным працэсе, які сёньня характарызуе важны складнік жыцьця міжнароднай супольнасьці”.

І – мінімальны рэйтынг у самім СССР, які, напэўна, таксама ня меў ніводны з Генсекаў (магчыма, нават ягоны папярэднік Чарненка).

Антыдэмакратычнае атачэньне Гарбачова патрабавала ад яго ўсё больш жорсткага падаўленьня нацыянальных рухаў .
Імпэрыя імкліва развальвалася, і кансэрватыўнае, антыдэмакратычнае атачэньне Гарбачова патрабавала ад яго ўсё больш жорсткага падаўленьня нацыянальных рухаў. Гарбачоў пачынае саступаць. У канцы 1990-га году Гарбачова пакінулі тыя, з кім ён пачынаў перабудову – Якаўлеў, Шэварднадзэ, Петракоў, Бакацін… 13 студзеня пралілася кроў у Вільні, праз тыдзень – у Рызе. У канцы студзеня міністры абароны і ўнутраных спраў выдалі загад аб патруляваньні вуліц узброенымі вайскоўцамі. 25 студзеня Гарбачоў абвясьціў (пакуль у вузкім коле) пра стварэньне Рады бясьпекі (зь дзевяці вызначаных кандыдатур шасьцёра ў жніўні ўтвораць “ГКЧП”. 19 лютага расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын у прамым эфіры абвінавачвае Гарбачова ў кровапраліцьці, у міжнацыянальных канфліктах і патрабуе ягонай адстаўкі.

Вось у такой сытуацыі Гарбачоў прылятае ў Менск. Прылятае нечакана нават для старшыні ВС БССР Мікалая Дземянцея і ягонага першага намесьніка Станіслава Шушкевіча.

Пра гэты візыт у пачатку сакавіка 1990 газэта “Витебский куръер “ надрукавала мой арткул, які перадае атмасфэру таго часу. Праўда, некаторыя дэталі сёньняшнім маладым ня надта зразумелыя (напрыклад, чаму аўтар канцэнтруе ўвагу на добрай вопратцы ахоўнікаў Гарбачова; аднак у дні татальнага дэфіцыту, калі па мыла і лямпачкі былі стомэтровыя чэргі, гэта было натуральным).

Артыкул пра знаходжаньне ў Менску М. Гарбачова, газэта Витебский курьер


“Пра тое, што Гарбачоў едзе ў Беларусь, я даведаўся ад маскоўскіх журналістаў у суботу, 23-га. Раніцай у панядзелак зайшоў да С.Шушкевіча, але той ведаў не нашмат болей.

– Званілі знаёмыя з Акадэміі навук – ён як быццам павінен у іх выступаць. А Вы паспрабуйце распытаць Дземянцея – вось хто, хутчэй за ўсё, валодае інфармацыяй…

Заўважу, што да візыту Гарбачова ў нас, членаў Часовай камісіі па ацэнцы дзеяньняў службовых і іншых асобаў у сувязі зь ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, цікавасьць асаблівая: гутарка з чалавекам, які займаў у 1986 годзе найвышэйшую пасаду, магла б высьветліць вельмі і вельмі шмат. Зь няменшым зацікаўленьнем чакалі прыезду Прэзыдэнта і іншыя дэпутаты: хацелася пачуць з першых вуснаў больш дакладныя зьвесткі і пра падзел функцыяў паміж цэнтрам і рэспублікамі, і пра падатковую палітыку, і пра тое, хто ўсё ж такі будзе расплочвацца за тыя шматмільярдныя крэдыты, якія з такой лёгкасьцю бярэ ў заходніх банкіраў Крэмль…”


Народны Фронт першым пачаў казаць праўду пра Чарнобыль
Камісія, пра якую гаворка, была створаная ў першыя дні дзейнасьці Вярхоўнага Савету 12 скліканьня на патрабаваньне дэпутатаў БНФ. Народны Фронт першым пачаў казаць праўду пра Чарнобыль, падтрымліваў навукоўцаў, якія не маглі прабіцца скрозь сьцяну маўчаньня. Для нас было вельмі важна ня толькі выселіць людзей з забруджаных зонаў, спыніць распаўсюд радыёактыўных прадуктаў, але і дазнацца праўду пра тое, хто канкрэтна ў красавіку-траўні 1986-га аддаваў загад схаваць інфармацыю. Мы ў камісіі даволі хутка апыталі былых і дзейных міністраў, кіраўнікоў ведамстваў, навукоўцаў – і даволі хутка зразумелі, што загад ішоў з самага верху, з Крамля. Але – ці ад самога Гарбачова, які для сусьвету быў увасабленьнем “галоснасьці!?

У жніўні 1990-га на даручэньне камісіі я ўзяўся пісаць ліст Гарбачову. Было зразумела: каб быць прачытаным, тэкст павінен быць кароткім – на дзьве, а лепей — на адну старонку. Зрэшты, па маладосьці не пазьбегнуў публіцыстычнасьці, ужыўшы фразы зусім ужо інфэрнальнага характару, якія б пасавалі для сцэнару фільмаў жахаў, а не да ліста палітыку – кшталту “высмоктваньня крыві ў немаўлят, што яшчэ не нарадзіліся”.
Ліст да прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова, жнівень 1990

Думаю, Гарбачоў прачытаў толькі тое, што падкрэсьліў у лісьце невядомы мне ягоны рэфэрэнт: “Вярхоўны Савет рэспублікі ўтварыў Часовую камісію па ацэнцы дзейнасьці службовых і іншых асобаў у сувязі зь ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС… калі і ў які час Вы маглі б прыняць групу народных дэпутатаў БССР – членаў Камісіі, у складзе 3-4 чалавек?”

19 верасьня Гарбачоў падпісаў рэзалюцыю віцэ-прэм’еру СССР Віталю Дагужыеву і старшыні ВС БССР Мікалаю Дземянцею: “Прашу выказаць Вашы меркаваньні”.

Рэзалюцыя прэзыдэнта СССР М. Гарбачова і адказ старшыні ВС БССР М. Дземянцея


Ня ведаю, якія меркаваньні выказаў Дагужыёў. Да гонару Дземянцея, Мікалай Іванавіч параіў Гарбачову нас прыняць. Але ніякіх сыгналаў з Крамля не было. І вось – Гарбачоў сам прыяжджае ў Менск.

“–Павінен цябе расчараваць: ня будзе ў Міхаіла Сяргеевіча часу, каб Вярхоўны Савет наведаць, – у голасе Мікалая Іванавіча Дземянцея адчувалася засмучэньне. – Праграма і без таго вельмі напружаная…

– Але як жа, – паспрабаваў я запярэчыць, – у міжнароднай практыцы наведваньне кіраўніком дзяржавы парлямэнту лічыцца першапачатковай справай!

Мікалай Іванавіч разьвёў рукамі..

І ўсё ж, параіўшыся раніцай наступнага дня, мы вырашылі дамагацца сустрэчы з Гарбачовым. Расшукалі праграму візыту. Усе гэтыя дні – і пасьля наведваньня атручанай зоны – ён павінен быў вяртацца ў рэзыдэнцыю “Заслаўль” у Менск на вячэру, а затым і адпачынак. Трэба меркаваць, магілёўскія і гомельскія гатэлі высокага госьця не задавальнялі. Затое нас такі расклад задавальняў цалкам: мы згодныя былі ахвяраваць сваім адпачынкам і нават сном дзеля сустрэчы з тым, ад каго ў немалой ступені і цяпер яшчэ залежыць лёс Беларусі. Такі варыянт я і прапанаваў на ранішнім паседжаньні Вярхоўнага Савету".


Як ня дзіўна, але Вярхоўны Савет маю прапанову запрасіць Гарбачова на сэсію ВС – прыняў. І нават былі сабраныя подпісы пад запрашэньнем. Выглядае, што камуністычныя дэпутаты мелі свой інтарэс у сустрэчы з Гарбачовым – яны даўно не любілі яго за распачатыя рэформы і, пэўна, жадалі ўчыніць яму ад “прачуханку” ад мікрафонаў.

"Старшыня нашай “чарнобыльскай” камісіі Г. Вячэрскі наказаў: ты, маўляў, у нас самы малады і шпаркі, так што кроў з носу – прабіся да Гарбачова і дамоўся пра сустрэчу.

Мы ўжо пасьпелі папалуднаваць, калі ў будынак увайшла група моцных франтавата апранутых хлопцаў. Мальцы дзелавіта агледзеліся і, разьбіўшыся па два-тры, растварыліся ў калідорах. У пяць гадзінаў вечара ўсе хады-выхады Дома ўраду былі заблякаваныя міліцыяй, хадзіць дазвалялася толькі дэпутатам. У пяць з хвілінамі ў залі пасяджэньняў расчыніліся дзьверы цэнтральнага ўваходу, які ўвесь час быў зачынены, пайшоў вялікі скразьняк, і ў дзьвярах зьявіліся спачатку ўсё тыя ж хлопцы ў добрых касьцюмах, а потым – Дземянцей з Гарбачовым.

Выступаў Гарбачоў нядоўга. Заявіўшы, што праграмная прамова прызапашаная для сустрэчы ў АН БССР, ён пакінуў прэзыдыюм і накіраваўся да выхаду, але быў спынены рэплікамі дэпутатаў: “Міхаіл Сяргеевіч, а пытаньні?”

-- Напішыце ў пісьмовай форме. Пасьлязаўтра яшчэ раз прыйду і адкажу.

Прыгадаўшы старую журналісцкую прымаўку, што ваўка ногі кормяць, мы з рэдактарам “Народнай газеты” Іосіфам Сярэдзічам выйшлі з залі загадзя – ён пабег да аўтамабіля, а я – да пакоя, у якім звычайна распранаюцца госьці. Разьлік аказаўся дакладным...”


Тут ізноў спыню пераказ дваццацігадовай публікацыі. Стаўшы перад дзьвярыма, я пачаў шукаць Гарбачова – з пакоя чуўся голас Дземянцея, лягічна, што ён быў побач з высокім госьцем. Чалавек, які стаяў перада мной сьпінай і папраўляў шалік, абярнуўся… і аказаўся Гарбачовым. Потым мне патлумачылі, што я рызыкаваў – ахова не павінна была дапусьціць незнаёмага чалавека на такую блізкую адлегласьць і мела поўнае права “дзейнічаць”. Але, думаю, уратаваў дэпутацкі значок ВС, ды і за апошнія гады ахоўнікі прызвычаіліся да “незаплянаваных” суразмоўцаў свайго “аб’екту”.

“Пакуль усе разьбіралі шалікі і паліто, я каротка распавёў Гарбачову пра мэты нашай камісіі. Слухаў ён моўчкі і, як мне падалося, без асаблівай цікавасьці. Але нечакана пагадзіўся:

– А чаму б і не? Давайце. Я гатовы.

Але тут Дземянцей нагадаў, што сустрэча ў АН вось ужо сорак хвілінаў, як павінна была пачацца, і ўсе пасьпяшылі на выхад.

Выйшаўшы на плошчу, я зразумеў, што да рэдакцыйнай машыны ўжо не дабегчы. Адразу за ЗіЛамі стаялі чорныя “Волгі” аховы, але, нягледзячы на тое, што сядзелі ў іх па два чалавекі, атрымліваў ветлівую адмову: “І рады б, ды па інструкцыі забаронена”. Выручыў камандуючы акругай
(генэрал-палкоўнік Канстэнка). Яго я гэтулькі разоў крытыкаваў на сэсіі, што адмова зь ягонага боку азначала б помсту дробную і генэрала зусім ня вартую. Вось так мы з Сярэдзічам апынуліся ў прэзыдэнцкай “сьвіце”.

Картэж рушыў з плошчы з шалёнай хуткасьцю. Было бачна, што рух транспарту па ўсім праспэкце блякаваны, маршрутныя тралейбусы спыненыя і прыціснутыя да тратуару. Праз пару хвілінаў мы ўжо ўздымаліся па лесьвіцы галоўнага корпусу Акадэміі навук. У прыёмнай прэзыдэнта АН выставілі вешалкі, прычым Міхаілу Сяргеевічу прапанавалі “плечыкі”. Астатнія павесілі свае паліто па два-тры на адну вешалку.


З прадстаўнікоў інтэлігенцыі творчай я не пабачыў нікога, хто б быў вядомы сваёй незалежнай пазыцыяй.
У канфэрэнц-залі дарагога госьця ўжо зачакаліся. Ня ведаю, паводле якога прынцыпу падбіралі дзеячоў навукі, але з прадстаўнікоў інтэлігенцыі творчай я не пабачыў нікога, хто б быў вядомы сваёй незалежнай пазыцыяй. Затое літаратары, уведзеныя на апошнім зьезьдзе КПБ у склад ЦК, прысутнічалі ў поўным складзе.

Павінен сказаць, што рэальны воблік Гарбачова не адпавядае таму ўяўленьню, якое склала ў нас па тэлебачаньню імідж мужчыны прадстаўнічага, некалькі нават грузнага. Ён аказаўся невысокага росту і толькі крыху паўнаватым. У Гарбачове відавочна адчуваліся ўсе ягоныя шэсьцьдзесят гадоў, але пры гэтым ён быў ненатуральна для зімовага часу загарэлым, што ўласьціва жыхарам поўдня”.


З кабінэту старшыні АН Платонава ўсе пайшлі ў актавую залю. “Усе” – гэта Гарбачоў, Дземянцей, першы сакратар ЦК КПБ Малафееў і другі сакратар Камай, першы віцэ-прэм’ер Мясьніковіч (Кебіч у тыя дні быў у замежжы), мэр Менску Герасіменка, сам Платонаў і яшчэ некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў. Уся гэтая публіка накіравалася ў прэзыдыюм – дзе, натуральна, месца для мяне не было (цяпер думаю: а варта было б сесьці побач з Міхаілам Сяргеевічам! Ніхто б не сагнаў. А публіка ў залі “запаважала “ б БНФ – беларусы шануюць начальства, акадэмікі і “творчая інтэлігенцыя” – не выключэньне).

Але я ня ведаў, што мне выпадзе роля больш прыкметная.

Усе месцы былі занятыя, людзі стаялі нават каля сьценаў – але першы шэраг крэслаў быў пусты (пэўна, “па інструкцыі” пакінулі для аховы) . Па цэнтры гэтага першага шэрагу сядзеў толькі намесьнік міністра ўнутраных спраў Канстанцін Платонаў, мой віцебскі зямляк і стары знаёмы.

– Сядай побач! – прапанаваў Канстанцін Міхайлавіч, і я пагадзіўся. Нашыя крэслы былі насупраць трыбуны, у якіх-небудзь трох мэтрах.

Хутка генэрал пашкадаваў пра сваю прапанову.

Ужо з першых хвілінаў сваёй прамовы Гарбачоў пачаў разносіць “дэмакратаў”, “нацыяналістаў”, якія “тут нам падкідваюць”, хочуць “дэстабілізаваць абстаноўку” і “разваліць Саюз. Не атрымаецца!” Пры гэтым Міхаіл Сяргеевіч наўпрост паказваў ня мяне. Канешне, ніякай “пэрсаніфікацыі” тут не было, гэта атрымалася абсалютна выпадкова – я сядзеў насупраць, і быў адзіным чалавекам у залі з бел-чырвона-белым значком (побач з дэпутацкім). Што завецца – падвярнуўся пад руку.

У той момант я ня ведаў, што ідзе прамая тэлевізійная трансьляцыя, і ў момант, калі Гарбачоў вымаўляў свае філіпікі, апэратар некалькі разоў “наяжджаў” камэрай буйным плянам на мой бел-чырвона-белы значок. Трансьляцыя была на ўвесь СССР, і яшчэ доўга радня і проста знаёмыя прыгадвалі мне “прачуханку” ад Гарбачова. А цёшча ў Глуску адразу кінулася званіць маёй маці ў Віцебск (хатняга тэлефону ў Менску ў нас яшчэ не было) і пыталася, ці ня могуць мяне пасьля такога арыштаваць.

Канешне, калісьці той, на каго абурана паказваў пальцам генсек, адпраўляўся далёка. Звычайна – туды, адкуль не вяртаюцца. Але час быў іншы (у чым у немалой ступені заслуга і самога Гарбачова).

Ня першы год ЦК КПБ папярэджваў Крэмль пра небясьпеку “дэмакратаў”, і вось, нарэшце, голас пачуты
Платонаў побач са мной сядзеў чырвоны. Дземянцей у прэзыдыюме сьмяяўся і падміргваў, Камай весяліўся і нешта шаптаў суседу, паказваючы на мяне пальцам. Самым задаволеным выглядаў Малафееў – ня першы год ЦК КПБ папярэджваў Крэмль пра небясьпеку “дэмакратаў”, і вось, нарэшце, голас пачуты.

“Падзякаваўшы М. Гарбачову, я, зьвяртаючыся да залі, сказаў, што пасьля гэтай сустрэчы Міхаіл Сяргеевіч зразумеў, як трэба весьці перабудову, каб яна была на карысьць народу, а не служыла нажывай для розных прайдзісьветаў,” – прыгадаў потым Дземянцей у сваіх мэмуарах.

“Выступ Гарбачова, як потым выявілася, трансьляваўся ў прамым эфіры і быў сапраўды “праграмным” Падазраю, што гісторыкі будуць спасылацца на яго ўсялякі раз, калі размова зойдзе пра адмову савецкага кіраўніцтва ад радыкальных дэмакратычных рэформаў. Ад сябе дадам, што ў сэнсе геаграфічным Міхаіл Сяргеевіч патрапіў, што называецца, у “дзясятку”: Ні ў Вільні, ні ў Кіеве, ні тым болей у Маскве падобныя прамовы не сустрэлі б такога піітэту…

Пасьля сустрэчы я ізноў падышоў да Гарбачова.

– Пачакай, – спыніў ён на паўслове. – Дай нам спачатку разабрацца з канцэпцыяй, высьветліць сытуацыю.

– У Міхаіла Сяргеевіча ў Беларусі – усё па хвілінах, мы вам дапаможам правесьці сустрэчу ў Маскве, – дадаў Дземянцей.

– Так, канешне, – пацьвердзіў Гарбачоў. – Ад сустрэчы з дэпутатамі я не адмаўляюся, можаце перадаць сваім калегам.


Дарэмна дэпутаты рыхтавалі свае пытаньні – Прэзыдэнт ў іх, відавочна, не асабліва меў патрэбу
Што я і зрабіў адразу ж. Але дарэмна дэпутаты рыхтавалі свае пытаньні – Прэзыдэнт ў іх, відавочна, не асабліва меў патрэбу. Зрэшты, як і ў прапановах. І сустракаючыся з гамяльчанамі і магілёўцамі, ён заахвочваў узьвядзеньне пасёлкаў у сумнеўных зонах (замест таго, каб будаваць іх на чыстай Віцебшчыне), лаяў маладых лекараў, якія, забыўшыся на клятву Гіпакрата, дэзэрціравалі з зоны (хто ведае, ці не скалоцяць цяпер з выпускнікоў брыгаду ў тыя месцы, адкуль яшчэ пяць гадоў таму варта было б высяляць людзей)…

...28 лютага пяць авіяляйнэраў з узьлётнай паласы пад Быхавым узьняліся ў неба. Чатыры зь іх узялі на борт лімузіны, ахоўнікаў, сыстэму сувязі, а адзін – Прэзыдэнта СССР. Альбо, можа быць, Генэральнага сакратара?”


Такім чынам, Гарбачоў не прыйшоў ізноў (хаця і абяцаў) у Вярхоўны Савет, не сустрэўся з дэпутатамі. У канцы 1991 г. кожны з дэпутатаў ВС былых саюзных рэспублік атрымае ад Гарбачова ліст з ягонымі меркаваньнямі након новага варыянту “саюзу” – але гэтыя меркаваньні ўжо нікога не зацікавяць.

Варта было б наладзіць наўпроставы кантакт зь лідэрамі народных дэмакратычных рухаў, у Беларусі – з Пазьняком, ва Ўкраіне – з Чарнавілам
Праз пяць гадоў у Нью-Ёрку ў мяне зьявілася магчымасьць выказаць Гарбачову меркаваньне, што, замест каб перадаверыцца пракамуністычнаму кіраўніцтву Беларусі і іншых рэспублік, яму варта было б наладзіць наўпроставы кантакт зь лідэрамі народных дэмакратычных рухаў, у Беларусі – з Пазьняком, ва Ўкраіне – з Чарнавілам… Зрэшты, гэта ўжо б мала што зьмяніла ў лёсе імпэрыі — хіба што зрабіла б яе распад больш цывілізаваным. У тыя дні Гарбачоў прэзэнтаваў кнігу сваіх мэмуараў, чарга па яе ў Barnes & Noble на Пятай авэню агібала квартал.

…Калі ацэньваць палітыка паводле прынцыпу”што ён зрабіў” – дык відавочна, што Гарбачоў, жадаючы таго ці не жадаючы, даў першыя глыткі свабоды, і грамадзтва пачало дыхаць (праўда, ўсё часьцей не ва ўнісон генсеку). Калі ж прызнаць, што і невыкарыстаньне магчымасьцяў павінна быць крытэрыям ацэнкі палітыка – дык, бясспрэчна, у 1991 годзе Гарбачоў мог, пры жаданьні, пагадзіцца на прапановы прымяніць усе сілавыя сродкі для ўтрыманьня рэспублік у імпэрыі, і колькасьць ахвяраў была б шматкроць большая, чым на Цянанмэнь альбо ў Югаславіі.

Мог, але не прымяніў.

Гл. таксама:

Васіль Быкаў: “Заслугі Гарбачова бясспрэчныя, як бясспрэчныя і хібы ягонай перабудовы”

Гарбачоў: “Калі Быкаў вымушаны быў зьехаць – гэта шмат пра што казала”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG