Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя гучных адставак


У атачэньні Аляксандра Лукашэнкі асобныя фігуры літаральна мяняліся пасадамі ў розныя пэрыяды — гэта Віктар Шэйман, Генадзь Нявыглас, Урал Латыпаў.


Апошні ў 2004 годзе пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму быў адпраўлены ў адстаўку. Спадар Латыпаў адпрацаваў у Беларусі амаль дзесяць гадоў на розных пасадах. Апошняя — кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта. Гэтую пасаду пасьля яго аддалі Віктару Шэйману. Цяпер Урал Латыпаў працуе ў замежным прадпрыемстве “Лукойл — Беларусь”. Ад камэнтароў наконт апошніх гучных адставак ён адмовіўся. А ці не зьбіраецца вярнуцца ў адміністрацыю?

“Напэўна, не. Ва ўсякім разе, са мной ніхто не размаўляў. Я ня думаю, што гэта рэальна. І ці трэба гэта? Патрэбныя маладыя людзі”.

Віктар Шэйман перажыў на службе і былога кіраўніка спраў прэзыдэнта, прэзыдэнцкага “загадчыка гаспадаркі” Івана Ціцянкова. Той страціў сваю пасаду ў 1999 годзе. Лукашэнка зьвінаваціў яго ў “поўнай службовай неадпаведнасьці”. Пасьля адстаўкі Ціцянкоў працаваў на адной з кіраўнічых пасадаў у нафтагазавай кампаніі “Ітэра”. Цяпер ён у Расеі. Яго і былога генпракурора Алега Бажэлку Лукашэнка згадваў у зьвязку з расьсьледаваньнем крымінальных справаў пра нанесены краіне ўрон у 42 мільёны даляраў. Аднак ніякіх прыкметных нэгатыўных наступстваў Іван Ціцянкоў пасьля гэтага не зазнаў.

Адносна далейшага лёсу Віктара Шэймана шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна выказала меркаваньне, што Лукашэнка далёка яго не адпусьціць:

“Гэта менавіта тая асоба, пад кіраўніцтвам якой былі ўсе сілавыя структуры і генэральная пракуратура. Гэта і расьсьледаваньне гучных спраў. Гэта і так званыя чамаданы з кампраматам амаль на кожнага, пра што ўжо Мікалай Чаргінец пасьпяшаўся заявіць. Таму я думаю, што Шэйман — не такая простая фігура. Гэта ня проста той чалавек, які зарабляў для прэзыдэнта грошы. Гэта -- чалавек, які мае большае багацьце — інфармацыю”.

Сярод гучных адставак апошніх гадоў — звальненьне Сьцяпана Сухарэнкі з пасады шэфа КДБ. Разам зь ім звольнілі і ягонага першага намесьніка генэрал-маёра Васіля Дземянцея з фармулёўкай “у сувязі зь пераводам на іншую працу”. Аляксандар Лукашэнка зьвінаваціў іх у зьніжэньні прафэсіяналізму і ў пэўных правалах. Маўляў, у КДБ няма месца тым, хто “крышуе” камэрцыйныя структуры. Разам з адстаўкай зьявілася інфармацыя пра напад у Магілёве супрацоўнікоў спэцслужбаў на старшыню Камітэту дзяржкантролю Зянона Ломаця. Сухарэнка стаў вядомы, між іншым, сваімі сцэнарамі разьвіцьця падзеяў пасьля выбараў, паводле якіх апазыцыя зьбіралася ўзарваць у натоўпе выбуховае прыстасаваньне і атруціць ваду дохлымі пацукамі. Пасьля адстаўкі цягам некалькіх дзён месцазнаходжаньне Сухарэнкі не было вядомае, зьяўляліся нават вэрсіі пра яго затрыманьне. Дзе ён цяпер працуе, у прэс-цэнтры КДБ не паведамілі.

Сваёй кар’ерай Сьцяпан Сухарэнка шмат у чым быў абавязаны старшыні Рады бясьпекі Віктару Шэйману. На Сухарэнкава месца прыйшоў Юры Жадобін. У зьвязку з гэтым загаварылі пра ўзмацненьне пазыцый Віктара Лукашэнкі.

Адстаўка Шэймана, паводле Сьвятланы Калінкінкай, сьведчыць пра вельмі жорсткую барацьбу кланаў у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі.

“Прамой лёгікі гэтыя адстаўкі ня маюць, бо ў першую чаргу павінны былі панесьці адказнасьць — калі гэта менавіта з-за выбуху — міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў і кіраўнік службы аховы Лукашэнкі Андрэй Уцюрын. Але мы бачым, што зусім іншыя асобы пакінулі свае пасады”.

Пасьля адстаўкі Віктара Шэймана засталіся пры сваіх пасадах двое з чатырох фігурантаў вядомага дакладу эўрапейскага парлямэнтара Хрыстаса Пургурыдэса аб палітычных зьнікненьнях апанэнтаў улады. Раней пайшоў у адстаўку Юры Сівакоў: спачатку з пасады міністра ўнутраных справаў, потым — намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, і, нарэшце, — міністра спорту. Цяпер ён прарэктар Менскага інстытуту кіраваньня. Юры Сівакоў параўноўвае сваю адстаўку і адстаўку Шэймана:

“Зь ім, магчыма, хоць пагаварылі. А мне ж ні прычыны, нічога не патлумачылі. Я даведаўся зь іншых крыніцаў, што замест мяне прызначаны чалавек, і ніякіх размоваў са мной не было. Дагэтуль ня ведаю, што было падставай для маёй адстаўкі, у тым ліку апошняй”.

Спадар Сівакоў сказаў, што ня бачыць лёгікі ў адстаўках Шэймана і Нявыгласа ў сувязі з падзеямі 4 ліпеня. Ён мяркуе, што тут цэлы шэраг іншых фактараў.

“Нічога звышнатуральнага, што б не адпавядала той мадэлі кіраваньня, якая сёньня склалася ў нашай рэспубліцы, я ня бачу. Уся ўлада ў адных руках. Тут свая каманда, і тое, што ў гэтай камандзе нейкія ракіроўкі адбываюцца, — нічога страшнага”.

Ня ўсім у гэтай камандзе шэнціць. Так, былая кіраўніца спраў прэзыдэнта Галіна Жураўкова асуджана да чатырох гадоў пазбаўленьня волі за крадзеж у асабліва буйных памерах. Аднак гэтага тэрміну яна не адседзела: Аляксандар Лукашэнка яе памілаваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG