Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад і Нацбанк зьбіраюцца легалізаваць "ценявы" абменны курс рубля


Урад і Нацбанк дамовіліся легалізаваць "ценявы" абменны курс беларускага рубля, які склаўся ва ўмовах дэфіцыту замежнай валюты. Рынкавы курс будзе фармавацца на альтэрнатыўнай гандлёвай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы.

"Урад і Нацбанк у пятніцу зацьвердзілі праграму дзеяньняў па пераадоленьні валютнага крызісу, якая, у прыватнасьці, прадугледжвае наяўнасьць альтэрнатыўнага рынкавага абменнага курсу беларускага рубля", — паведаміў агенцтву Інтэрфакс удзельнік нарады па пытаньнях сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, якую ў пятніцу правёў Аляксандар Лукашэнка.

"На біржы будзе ўведзена другая гандлёвая сэсія, дзе абменны курс будзе ўсталёўвацца на рынкавых умовах, зыходзячы з попыту і прапановы юрыдычных асобаў", — патлумачыла крыніца.

Пры гэтым дзейны біржавы мэханізм вызначэньня афіцыйнага курсу захаваецца. Гэта значыць, афіцыйны курс будзе вызначацца на асноўных таргах, зыходзячы з прапановы ў рамках абавязковага продажу часткі валютнай выручкі. Тут Нацбанк захавае мэханізм абмежавальнага задавальненьня попыту для крытычнага імпарту (газ, мэдыкамэнты) і пагашэньня валютных крэдытаў.

"Упраўленьне інфармацыі Нацыянальнага банку не пацьвярджае і не абвяргае дадзеную інфармацыю. Такіх зьвестак у нас няма", — сказаў агенцтву начальнік упраўленьня, прэсавы сакратар Нацбанку Беларусі Анатоль Драздоў.

Былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч заявіў: "Я абсалютны праціўнік множнасьці або дваістасьці абменных курсаў. Абменны курс павінен быць адзін, ён павінен вызначацца попытам і прапановай".

"Зараз патрэбная комплексная праграма выхаду з крызісу, а ня проста дэвальвацыя і скарачэньне фінансаваньня дзяржпраграмаў", — дадаў Багданкевіч.

У Беларусі сфармаваўся "ценявы" рынак безнаяўнай валюты, абменны курс на якім перавышае афіцыйны на 50%. На "ценявым" рынку беларускі рубель імкліва таньнее — на пачатку мінулага тыдня ён перавышаў афіцыйны курс на 30%.

Афіцыйны курс беларускага рубля наблізіўся да мяжы зацьверджанага Аляксандрам Лукашэнкам калідора — ня больш за 8% да кошыка валют (даляр ЗША, эўра, расейскі рубель).

Паводле стану на 18 красавіка беларускі рубель зьнізіўся да кошыка валют на 7,57%, піша Інтэрфакс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG