Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Будуць штучна прышпільваць гэтага забойцу да апазыцыянэраў"


Які ўплыў на псыхалягічны стан грамадзтва аказаў тэракт 11 красавіка? Ці можна сказаць, што гэтая трагічная падзея стала пераломнай у сьвядомасьці беларусаў, ці яна сталася толькі нязначным эпізодам? Ці выйграла ўлада ў інфармацыйным поле на фоне трагедыі? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы "Экспэртыза Свабоды" адказвае кандыдат філязофскіх навук Уладзімер Падгол і палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

Эфір 15 красавіка

Віталь Цыганкоў
Уладзімер Падгол
Аляксандар Класкоўскі


Цыганкоў: Які псыхалягічны ўплыў аказвалі падзеі 11 красавіка на беларускае грамадзтва? Ці стала гэтая тэма галоўнай у беларускім грамадзтве? Як, на вашую думку, большасьць насельніцтва адрэагавала на тое, што ўлады хутка абвясьцілі пра злоўленых падазраваных у гэтым тэракце?

"Страх, і разбурэньне ўяўленьня пра ўладу як абаронцу"

Падгол:
Уладатрымальнікі мэтанакіравана пасьля 11 красавіка займаюцца рэанімацыяй пэўных глыбінных слаёў мэнталітэту беларусаў. Па-першае, гэта страх. Адбыўся выбух, сьмерць у самым цэнтры Менску. Улады тым самым самі сябе распранулі. Гадамі Лукашэнка казаў, што Беларусь – самая спакойная кропка ў сьвеце, а тут нябожчыкі і выбух у цэнтры Менску. Таму першая рэакцыя – гэта страх, і разбурэньне ўяўленьня пра ўладу як абаронцу.

Цыганкоў: Я нагадаю, што ў інтэрвію Свабодзе вядомы сацыёляг Алег Манаеў сказаў, што ён ня лічыць, што расклад сацыяльна-палітычных сілаў і настрояў у выніку выбуху ў мэтро "Кастрычніцкая" істотна зьменіцца. "Тая частка, якая не давярала ўладзе, — у яе недавер будзе ўмацоўвацца. Тыя ж, хто давяраў уладзе ці сумняваўся, — у іх давер будзе павялічвацца", -лічыць Манаеў. .Ці лічыце вы, што ў выніку тэракту нешта ў электаральных перавагах насельніцтва зварухнецца ў той ці іншы бок?

Класкоўскі:
Я згодны з прафэсарам Манаевым, бо сапраўды, улада пасьля моманту шоку, пачала даволі прагматычна дзейнічаць у сваёй звыклай парадыгме -- а менавіта ўзвышаць сябе, і мазаць чорнай фарбай апазыцыю. Найперш мэсідж такі – улада моцная, яна ўсё кантралюе, і сілавыя структуры працуюць эфэктыўна, хай ворагі не плявузгаюць.

Цьвёрды электарат Лукашэнкі, відаць, сапраўды ў гэта паверыць, але крытычна настроеная частка грамадзтва ставіць непрыемныя пытаньні. У Інтэрнэце ўвесь час знаходзяць нейкія нестыкоўкі ў заявах улады, ставяцца там і больш жорсткія пытаньні да ўлады. Так што, я мяркую, у выніку тэракту застаўся і паглыбіўся вось гэты даўно засьведчаны сацыёлягамі раскол у беларускім грамадзтве. І ўлада сьвядома яго паглыбляе – мабілізуе свой традыцыйны электарат, і запалохвае іншадумцаў.

Цыганкоў: У свой час падзеі 11 верасьня ў ЗША прывялі да радыкальных пераменаў у палітыцы, псыхалёгіі амэрыканцаў, зьменаў у стаўленьня грамадзтва да многіх пытаньняў. Ці стане выбух 11 красавіка ў Менску нейкім пераломным момантам ці гэтая падзея даволі хутка забудзецца?

Падгол: Праз некалькі месяцаў маглі б сысьці на нуль падзеі Плошчы 19 сьнежня. Аднак цяпер выбух умацуе Лукашэнку ў тым, каб павялічыць рэпрэсіі супраць апазыцыі. Я вам працытую невялікі кавалак з артыкулу Паўла Якубовіча з "СБ-сегодня" 14 красавіка: "Вельмі падобна, што Шарамет указаў правільную адрэсу, дзе высьпявалі забойцы – апазыцыйнае асяродзьдзе". Трэба зазначыць, што Шарамет у адным з сваіх артыкулаў напісаў, што мажліва, выбух мог зрабіць апазыцыянэр-адзіночка. І гэты сказ падхапілі афіцыйныя ідэолягі. А сам Лукашэнка жэзлам паказвае – фас на апазыцыю

Цыганкоў: Уладзімер, а вы не лічыце, што гэта проста звычайная рыторыка ўладаў, і акрамя заяваў нічога ня будзе?

Падгол: Я так не лічу. Мой прагноз такі – уся сілавая машына будзе паўтараць практыку 2005 году, 2008 году. Будуць штучна прышпільваць гэтага забойцу да апазыцыянэраў. Ці ён быў на нейкім мітынгу, ці павітаўся з нейкім дзеячом, і гэтак далей.

"Трушчыць апазыцыю ва ўлады былі ўсе магчымасьці рабіць гэта і да тэракту, і незалежна ад тэракту"

Класкоўскі: Было б дзіўна, каб улада лішні раз не скарысталася сытуацыяй, каб дыскрэдытаваць апазыцыю паводле прынцыпу "ці ён скраў, ці ў яго скралі". Трэба ў абывацеля скласьці ланцужок "Плошча-тэракт-апазыцыя".

Пакуль я бачу традыцыйную двуххвілінку нянавісьці, як у Оруэла. Гэта звычайная дзейнасьць беларускай прапаганды. Але трушчыць апазыцыю ва ўлады былі ўсе магчымасьці рабіць гэта і да тэракту, і незалежна ад тэракту. І думаю, што з цягам часу гэты прапагандысцкі шал калі ня спынецца, то сьцішыцца.

Увогуле ж, паспалітыя беларусы, тыя, якія не атручаныя прапагандай, паказваюць цьвярозае мысьленьне, у іх ёсьць галава ня плячах. І тут наша нацыянальная асаблівасьць, гісторыя прывучыла хутка адаптавацца. Таму народ вяртаецца да тэмаў валютнага крызісу, росту цэнаў, праблемаў з некаторымі таварамі.

Дарэчы, адзначым, як у гэтыя дні шалёна павысілася наведваньне незалежных інтэрнэт-рэсурсаў. Наверсе скрыгочуць зубамі, ім гэта яўна не падабаецца – але інтэрнэт не заглушыш. Але менавіта калі такія драматычныя падзеі, рэзка ўзрастае ступень запатрабаванасьці і даверу да незалежных мэдыяў. Нязручныя для ўлады пытаньні грамадзтва ўсё роўна будзе ставіць.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG