Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск у ролі “калыскі тэрарызму”


Акцыя жалобы. Віцебск

Акцыя жалобы. Віцебск

Інфармацыя пра тое, што меркаваныя тэрарысты паходзяць зь Віцебску, актыўна абмяркоўваецца ў горадзе. Імёны двух затрыманых за тэракт жыхароў Віцебску не называюцца, аднак Віцебск – горад невялікі...

І гарадзкія, і абласныя газэты перадрукоўваюць толькі тое, што паведамляецца афіцыйна, у тым ліку і і праз тэлебачаньне. Але Віцебск – горад адносна невялікі, тут не нашмат больш як 300 тысяч насельніцтва, і на форумах розных сайтаў ужо зьявіліся зьвесткі пра тое, у якім раёне жылі затрыманыя да пераезду ў Менск, і дзе яны працавалі, і нават у якой школе вучыліся… Гэта прамысловая ўскраіна, жылых дамоў у тым раёне ня так многа, таму ўдалося нават знайсьці суседзяў, якія жывуць побач з затрыманымі за арганізацыю тэрактаў:

“Сапраўды, размовы такія ёсьць, што якраз у маім пад’езьдзе жыве адзін з тых, каго затрымалі за зьдзяйсьненьне гэтага дзікунскага ўчынку, – распавядае пажылы чалавек. – З маладых я мала каго ведаю, але калі гэта тая кватэра, пра якую гавораць, то там жыве маці гэтага хлопца, я зь ёй вітаюся. І жыве мужчына. Нармальныя людзі, спакойныя, ніколі да іх міліцыя не прыяжджала, ніколі я ня чуў, каб яны скандалілі…”
Нармальныя людзі, спакойныя, ніколі да іх міліцыя не прыяжджала, ніколі я ня чуў, каб яны скандалілі
Мой суразмоўца кажа, што ня чуў, каб па гэтай справе апытвалі тых, хто жыве побач. Ён не заўважыў таксама, каб у агульным сутарэньні рабілі нейкі ператрус, каб знайсьці нейкую патаемную лябараторыю, дзе нібыта выраблялі выбухоўку.

У тое, што так спрытна, літаральна за адны суткі, “сілавікі” знайшлі вінаватых адразу ў некалькіх злачынствах, ен ня дужа верыць:

“Я нешта ня веру, што на працягу сутак вінаватых змаглі знайсьці. Каб не атрымалася так, як было зь віцебскімі выбухамі, калі “пракуркарэкалі”, што ўжо знайшлі двух “адмарозкаў”, а невінаватыя людзі па паўгоду адсядзелі ў турме, пакуль разабраліся, што яны някага дачыненьня да віцебскіх выбухаў ня маюць”.

Выбухаў у Віцебску было два: адзін 14 верасьня 2005 году, другі 22 верасьня, абодва ў самым цэнтры гораду, недалёка ад плошчы Свабоды. У выніку першага пацярпелі двое, падчас другога – каля 50-ці чалавек, сьмяротных ахвяраў не было. Вінаватых так і не знайшлі, хаця затрыманых было шмат.

Да журналістаў тады зьвярнулася маці братоў Юрыя і Віталя Мурашкаў, у якіх бацька, на той час ужо нябожчык, некалі працаваў гадзіньнікавым майстрам, і гэта стала адным з доказаў сьледзтва -- бо бляшанка з выбуховым прыстасаваньнем была “нашпігавана” дэталямі ад гадзіньнікаў… Амаль 6 месяцаў браты мусілі правесьці ў турме, але потым іх адпусьцілі і нават выплацілі кампэнсацыю. Дарэчы, маці хлопцаў, спадарыня Валянціна, распавяла, што месцам знаходжаньня сыноў міліцыянты зноў цікавіліся позна ўвечары 11 красавіка, але абодва змаглі давесьці, што ў Менску не былі.

Яшчэ адным падазраваным ў выбухах 2005 году быў супрацоўнік КДБ Андрэй Дзямідаў. Яго затрымалі праз два гады, у 2007, але таксама адпусьцілі, бо не было доказаў.

Меркаваньні адносна раскрытага злачынства ў Віцебску розныя: адны вераць усяму, што кажуць па беларускім тэлебачаньні, іншых гэта толькі абурае:
Гэтыя тэрарысты-падрыўнікі проста ідыёты! Няўжо яны не разумелі, што ў мэтро ўсё відаць праз камэры відэаназіраньня?
Спадар: “Гэтыя тэрарысты-падрыўнікі проста ідыёты! Няўжо яны не разумелі, што ў мэтро ўсё відаць праз камэры відэаназіраньня? Я насамрэч веру, што гэта яны зладзілі выбух, і Лукашэнка ня хлусіць, і ня верыць у гэта няма падставаў”.

Спадарыня:”Дужа гэта дзіўна, што доўгі час нікога не маглі знайсьці, а тут усе раскрылі за адны суткі! Ну, але няхай гэта будзе на сумленьні “сілавікоў”. А ўвогуле што мне дужа не падабаецца – тое, што наш урад усе хоча “сьпіхнуць” на апазыцыю. Чулі выступ Лукашэнкі, і зь ягоных заяваў вынікае, нібыта ўсе гэта – справа рук апазыцыі”.

Сяргей Серабро
Сапраўдная дыскусія разгарнулася на незалежным сайце “Народныя Навіны Віцебска”, дзе былі разьмешчаны некалькі артыкулаў пра выбухі ў менскім мэтро. Распавядае рэдактар сайту Сяргей Серабро:

“Найбольш камэнтароў – 60 штук – пад артыкулам пра тое, што затрыманыя ў Менску ўзялі на сябе выбух у Віцебску. Людзі зьдзіўленыя такой нечаканай і хуткай разьвязкай. Ёсьць нават сатырычныя камэнтары: “Дзіўна, чаму яны яшчэ не прызналіся ў забойстве Кэнэдзі!” Вялікі недавер да таго, што сапраўды гэта знойдзены вінаватыя. Бо так доўга шукалі, хто зрабіў выбухі ў Віцебску, і тут раптам пасьля менскага тэракту іх знайшлі за адны суткі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG