Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 красавіка ў сядзібе партыі БНФ пройдзе літаратурна-паэтычная вечарына "Тэрыторыя свабоды". Імпрэза адбудзецца ў рамках культурніцкай кампаніі, скіраванай на абарону сядзібы партыі.

"Тэрыторыю свабоды" ў сядзібе БНФ будуць прэзэнтаваць літаратары Генадзь Бураўкін, Уладзімер Арлоў, Андрэй Хадановіч і Віталь Рыжкоў. Яны прачытаюць свае творы, выступяць з прамовамі. Пра свой удзел у імпрэзе гаворыць паэт, кіраўнік Беларускага Пэн Цэнтру Андрэй Хадановіч:
Андрэй Хадановіч

"Па-першае, я не партыйны чалавек, і непасрэдна мяне гэтая сытуацыя ня тычыцца. Але відавочна, што офіс БНФ ёсьць месцам, дзе гучала непадцэнзурнае слова, дзе адбываліся сустрэчы аўтараў, якім не заўсёды б дазволілі выступіць у іншым месцы. Гэта месца, дзе была самая дэмакратычная выстава-кнігарня. Яго ня будзе хапаць, калі дойдзе да кепскага варыянту сцэнару. Таксама мяне чапляе за жывое палітычная падаплёка гэтай забароны. Гэта месца, якое зусім нядаўна было цэнтрам салідарнасьці зь вязьнямі падчас і пасьля 19 сьнежня. Калі ўсімі спосабамі робіцца так, каб выпхнуць усіх іншадумцаў і нязгодных глыбока, глыбока на маргінэс, у глыбокае, глыбокае гета – зразумела, мяне гэта чапляе".

Адзін з арганізатараў "Тэрыторыі свабоды" пісьменьнік Уладзімер Арлоў сваю ініцыятыву і свой удзел у акцыі абароны партыйнай сядзібы пракамэнтаваў гэтак:
Уладзімер Арлоў

"Я пачну свой выступ, напэўна, з падзякі за тое, што цягам многіх гадоў па адрасе Варвашэні, 8 – зараз гэта праспэкт Машэрава, 8, дзе адбудзецца наша вечарына, прадаваліся мае кнігі. Пачынаючы ад дзіцячай "Адкуль наш род" і "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі", якую я напісаў разам з Генадзем Сагановічам. Я думаю, што на управе БНФ былі прадазеныя тысячы асобнікаў маіх кніг і, дзякуючы гэтаму, я, напэўна, набыў дзесяткі тысяч новых чытачоў. Я думаю, што сярод тых, хто 19 сьнежня выйшаў пратэставаць супраць афіцыйна абвешчаных вынікаў выбараў, былі тыя, хто яшчэ калісьці ў пачатковых клясах сярэдняй школы чытаў маю кніжку "Адкуль наш род?"

Культурніцкія імпрэзы – частка кампаніі ў абарону сядзібы партыі БНФ. Прагляды кінафільмаў, мастацкія выставы, літаратурныя вечарыны тут адбываюцца штодня, пачынаючы зь 1 красавіка. Перапынак быў зроблены толькі ў дні жалобы пасьля выбуху ў менскім мэтро. Ад пятніцы імпрэзы пачаліся зноў выставай беларускай мастачкі Рыты Тарайкевіч, кажа адзін з актывістаў Сяржук Семянюк:
Калі хто яшчэ не пасьпеў, але хацеў бы ахвяраваць для пацярпелых ад выбуху ў мэтро, можа гэта зрабіць у нашым офісе.

"На некалькі дзён мы вырашылі прыпыніць творчыя імпрэзы ў зьвязку з трагічнымі падзеямі ў Менску, але зараз пачынаем іх пакрыху аднаўляць і зараз будзем праводзіць штодзённа, як і абяцалі раней. Паралельна таксама працягваем збор сродкаў пацярпелым ад выбуху ў мэтро і ўжо ў панядзелак пералічым іх на афіцыйны рахунак збору сродкаў. Таму, калі хто яшчэ не пасьпеў, але хацеў бы ахвяраваць для пацярпелых, можна гэта зрабіць у нашым офісе".

Кіраўніцтва партыі БНФ абвясьціла бестэрміновую акцыю абароны сядзібы, якую камунальныя службы патрабуюць вызваліць ад 1 красавіка. Камунальныя службы Савецкага раёну Менску адмовілася працягнуць дамову арэнды памяшканьня, якое партыя БНФ займала амаль 20 гадоў. Кіраўніцтва партыі з гэтай нагоды зьвярнулася ў суд, а партыйныя актывісты з 31 сакавіка распачалі ў памяшканьні бестэрміновае кругласуткавае дзяжурства. Гаспадарчы суд распачне разгляд пазову партыі БНФ да ЖРЭА Савецкага раёну Менску 25 красавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG