Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палажанка:"У прэзыдэнта ёсьць нянавісьць да незалежнай свабоднай моладзі"


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка назваў блефам і глупствам
заявы аб тым, што тэракт ў Менску стане падставай для расправы над апазыцыяй. Аднак ён адзначыў, што сярод апазыцыі "ёсьць і баевікі", якіх ён паабяцаў паставіць на месца. Як рэагуюць на такія заявы ў дэмакратычнай апазыцыі?


Пад час суботніку 16 красавіка Лукашэнка завіў журналістам, што ведае пра баевікоў сярод апазыцыі. Гэта, маўляў, "асабліва "маладафронтаўцы", іншыя незарэгістраваныя арганізацыі". Ён паабяцаў паставіць іх на месца паводле закону. Паводле актывісткі "Маладога фронту" Насты Палажанкі, такія ацэнкі Лукашэнкі зьвязаныя з будучымі судамі над удзельнікамі пратэстаў 19 сьнежня, "каб прысуды не падаваліся дзіўнымі".

Наста Палажанка
"У прэзыдэнта ёсьць нянавісьць да гэтай незалежнай свабоднай моладзі, якую яму так і не ўдалося падпарадкаваць пад тое, што ён хацеў бачыць у гэтай краіне. Нават седзячы ў "амэрыканцы" я чытала шэраг артыкулаў у "Савецкай Беларусі", што дзяржава прайграе моладзевую палітыку. Насамрэч, дзяржава будзе заўжды прайграваць моладзевую палітыку, грунтуючыся на рэпрэсіях і страху. Безумоўна, Малады фронт раздражняе гэту ўладу – сваёй самастойнасьцю і выбітнасьцю сярод моладзевых структураў. Ён раздражняе тым, што ён ня паў за кошт усіх рэпрэсіяў, якія мы вытрымалі. І я перакананая ў тым, што і не ўпадзе. І калі спадар Лукашэнка кажа, што нам давядзецца адказваць па закону, то па такім жа законе будзе адказваць і ён".

Паводле Насты Палажанкі, гэта паказальна, што людзі ў пагонах ваююць з моладзьдзю, якая прапагандуе нацыянальную ідэю і хрысьціянскія каштоўнасьці, здаровы лад жыцьця.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі называе лухтой закіды Лукашэнкі на адрас моладзевых арганізацый, што яны зьяўляюцца баевікамі. Ён адзначае, што сябры ці былыя актывісты такіх арганізацый як моладзь БНФ, Малады фронт, сацыял-дэмакраты ці моладзь АГП праходзяць па справе аб масавых беспарадках.

Алесь Бяляцкі
"Гэтыя моладзевыя грамадзка-палітычныя арганізацыі прадукуюць кадры для рэальнай палітыкі, для палітычных партый. Тут Лукашэнка супярэчыць сам сабе. З аднаго боку кажа, што ня будзе перасьледаваць актывістаў, а зь іншага боку, ён будзе разьбірацца і ставіць на месца прадстаўнікоў моладзевых арганізацый. І найперш называе Малады фронт. То гэта, дарэчы. ёсьць адна з прычынаў суровага стаўленьня да лідэраў Маладога фронту Зьміцера Дашкевіча, Насты Палажанкі, Алея Кіркевіча, Эдуарда Лобава, якія асуджаны абсалютна беспадстаўна ці суды над імі яшчэ будуць. Таксама дзіўныя выказваньні адносна Анатоля Лябедзькі, што ён яго выпусьціў з турмы. Нешта мы ня бачылі ніякага ўказа прэзыдэнта аб памілаваньні. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае сытуацыю беззаконьня, якая творыцца ў краіне, калі пытаньне асудзіць ці выпусьціць вырашае адзін чалавек".

Палітоляг Алесь Лагвінец адзначае, што Лукашэнку немагчыма верыць, калі ён кажа, што тэракт ня стане падставай для расправы над апазыцыяй. Бо зь іншага боку, ён заяўляе пра баевікоў сярод апазыцыі.

Алесь Лагвінец
"Рэжым выкарыстоўвае бесчалавечныя спосабы змаганьня супраць палітычнай апазыцыі. Малады фронт, наколькі мне вядома, не вядзе ніякіх дзеяньняў накіраваных на экстрэмізм ці тэрарызм. Тое, якім чынам кіраўнік Маладога фронту быў пасаджаны ў турму, празь які суд і зь якімі ілжэпаказаньнямі паказвае, што рэжым выкарыстоўвае любыя нагоды і прыдумляе іх, каб людзей саджаць у турму. Тэракт, які адбыўся, гэта трагічная падзея. Гэта адна справа. Агрэсіўнае, ваяўнічае, негуманнае змаганьне ўлады з апазыцыяй зусім іншая справа. То бок, відавочна, трэба расьсьледаваць і знайсьці вінаватых у тэракце. І такія жудасныя трагедыі якраз павінны быць нагодай для нацыянальнага адзінства. Але мы бачым, як сябе паводзіць улада".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG