Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец выкладае Біблію сукамернікам


З былым міліцыянтам Аляксандрам Класкоўскім у турме сустрэлася жонка. Павал Севярынец дапамагае сукамэрнікам вывучаць Біблію. Што думае Наста Палажанка пра будучыя суды над удзельнікамі плошчы? Вязьня Дзьмітрыя Буланава вярнулі са шпіталя на Валадарку.

Намесьнік старшыні "Маладога фронту" Наста Палажанка час ад часу атрымлівае лісты з "амэрыканкі" ад Паўла Севярынца. Паводле гэтых лістоў Павал ў вязьніцы выкладае Біблію для сваіх сукамэрнікаў. "Прайшлі тое, потым прайшлі гэта", -- цытуе Севярынца Наста Палажанка. Вось што напісаў Павал у апошнім лісьце.

Павал Севярынец
"Вось апошні ліст. Просіць трымацца. Кажа, што вельмі непакоіцца за Дашкевіча. Піша, што закончылі азнаямленьне са справай, расьпісаліся і чакаюць суду. "Рана ці позна, калі дасьць Бог, сустрэнемся". Перадае прывітаньні ўсім, хто зь ім лістуецца, некаторыя лісты ён ўсё ж атрымоўвае. Павіншаваў усіх з Дабравесьцем. Цытата з Бібліі і ўсё".

Наста Палажанка кажа, што сама з мэдыяў даведалася пра накіраваньне яе справы ў Менгарсуд. Разам з Палажанкай будуць судзіць Някляева, Рымашэўскага, Дзьмітрыева, Фядуту і Вазьняка. Ім пагражае да 3 гадоў зьняволеньня за арганізацыю групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх. Калі адбудзецца працэс і дакладна ў якім судзе яшчэ невядома. Актывістка ня выключае, што на той жа дзень будуць прызначаныя працэсы над іншымі групамі абвінавачаных. "Каб было меней рэзанансу ад судовых працэсаў", -- кажа Наста Палажанка.

У тую групу, дзе будуць судзіць кандыдатаў на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, патрапіў малады менчук Дзьмітрый Буланаў. Пра Буланава было вядома, што на Валадарцы ён захварэў на хваробу суставаў, ня мог хадзіць і для лячэньня быў пакладзены ў турэмны шпіталь. Пытаюся ў маці абвінавачанага ўдзельніка Плошчы, як ягонае здароўе зараз? Клаўдзія Буланава:

трымаецца, настрой у яго нармальны, мы яго падтрымліваем ...
"Зараз быццам бы лепей, яго вярнулі са шпіталя на Валадарку. Зноў ходзіць. Але вось я зь ім у сераду сустракалася, тэмпэратура яшчэ ў яго была, 37,2. Чакае суду. Але трымаецца, настрой у яго нармальны, мы яго падтрымліваем".

Вязень Аляксандр Класкоўскі падчас спатканьня з жонкай Натальляй пацьвердзіў тое, што казаў пра "амэрыканку" Алесь Міхалевіч. Размова вязьня з жонкай адбылася падчас іх спатканьняў у СІЗА КДБ. Натальля Класкоўская:

Аляксандар Класкоўскі
"Ён пацьвердзіў словы Міхалевіча. Сказаў: "Наташа, тое, што казаў Міхалевіч – ўсё праўда". Яшчэ паведаміў, што прыходзіў да яго чалавек з пракуратуры і пытаўся, ці ёсьць у яго скаргі. Саша гэта ацаніў так: "Сьмешна. Калі б я сказаў, што ёсьць скаргі, то з табой тут бы не сядзеў". Відаць, меў на ўвазе, што адбілі б ужо ўсё, што магчыма.

Яшчэ казаў, што, канешне, вінават перад намі і што самы вялікі тэрмін яму пагражае. Нават задаваў пытаньне сьледчаму, чаму такі вялікі тэрмін? "Ну ладна, удзел. Тут, мяўляў, згодзен з абвінавачаньнем. А арганізацыя? Якой я арганізатар?" Але, кажа, сьледчы нічога нават ня мог адказаць."

Акрамя ўдзелу ў беспарадкаў Аляксандар Класкоўскі абвінавачваецца ў іншых злачынствах. Пад куртку былы міліцыянт апрануў міліцэйскі кіцель, што стала падставай абвінаваціць яго ў прысваеньні ўлады. Пры затрыманьні 21 сьнежня Аляксандр Класкоўскі быў моцна зьбіты спэцназаўцамі. Сваякі мяркуюць, што яму помсьцілі як былому міліцыянту.

Нагадаю, пра катаваньні ў СІЗА КДБ заявіў у сакавіку экс-кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч, калі яго вызвалілі з "амэрыканкі" пад падпіску пра нявыезд. Міхалевіч казаў пра расьцяжкі, катаваньні холадам і сьвятлом ды іншыя незаконныя захады ўзьдзеяньня на вязьняў. КДБ гэтыя зьвесткі Міхалевіча абверг, а вось былы вязень "амэрыканкі" Алесь Атрошчанкаў, ужо асуджаны на 4 гады, пацьвердзіў. Аляксандр Фядута, які выйшаў з "амэрыканкі" на мінулым тыдні, ня лічыць, што да яго ўжывалі катаваньні, хаця і распавёў, што на кароткі час яго таксама ставілі "на расьцяжку".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG