Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Карэтнікаў: "Спрабуем паўплываць на Лукашэнку празь Юшчанку"


Юрась Карэтнікаў

Юрась Карэтнікаў

Аналітыкі не выключаюць, што пагрозы на адрас апазыцыі, якую ўлады пакуль што агулам вінавацяць у магчымай датычнасьці да тэракту ў менскім мэтрапалітэне, могуць выклікаць новую хвалю міграцыі дэмакратычных актывістаў.

Найбольш верагодным месцам часовага прыстанку можа стаць сталіца Ўкраіны, дзе спыніліся ўжо некалькі палітычных плыняў беларускіх апазыцыянэраў. Пра ўмовы існаваньня ў вымушаным ад'езьдзе расказаў лідэр арганізацыі "Правы альянс" Юрась Карэтнікаў, які пакінуў Беларусь пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў.

— На жаль, можна канстатаваць, што ўсё больш беларусаў вымушана ад'яжджаюць ва Ўкраіну. Як складаецца іх лёс, ці пускаюць яны тут карані, або гэта транзыт далей на Захад?

— Калі казаць пра сытуацыю, якая здарылася пасьля 19 сьнежня, пасьля падзеяў Плошчы, — у прынцыпе ніхто ж не чакаў, што так будуць разгортвацца падзеі, і кожны ўцякач па-свойму прымаў рашэньне, куды скіроўваць позірк. Хтосьці, я ведаю, адразу ехаў на Кіеў, шукаў тут падтрымкі ў структур, якія працуюць зь Беларусьсю. Хтосьці паехаў у Львоў, хтосьці ў
пасьля Плошчы прыехалі ва Ўкраіну — гэта дзясяткі людзей, можа нават каля сотні чалавек ...
Луцк з маладых хлапцоў, хтосьці ад'ехаў у Чарнігаў. І таму, асабліва першыя часы, была нейкая нявызначанасьць. Асабіста я калі зьяжджаў — перад самым Новым годам — то ехаў да свайго сябра, зь якім мы дамовіліся, што тут змагу спыніцца. І толькі дзесьці ў сярэдзіне студзеня я выйшаў на іншыя групы беларусаў, якія тут перабывалі, якія абсалютна па розных сваіх кантактах спыніліся ў Кіеве. Якраз ад сярэдзіны студзеня мы пачалі працаваць з разрозьненымі групамі беларускіх уцекачоў, спрабаваць неяк аб'яднацца, неяк знайсьці супольную падтрымку, прыдумаць, як дапамагчы іншым. Ацанілі прыкладную лічбу тых людзей, якія пасьля Плошчы прыехалі ва Ўкраіну — гэта дзясяткі людзей, можа нават каля сотні чалавек, якія рознымі шляхамі трапілі ва Ўкраіну.

— Дык ці вялікая колькасьць беларусаў урэшце затрымліваецца ва Ўкраіне?

— Абсалютна па-рознаму складаюцца іх лёсы. Частка адпачатку разглядала Ўкраіну як часовую пляцоўку і, сапраўды, зьбіралася ехаць далей на Захад, у Польшчу тую ж самую. І людзі сюды прыехалі збольшага дзеля таго, каб зрабіць візы. На працягу студзеня асноўная частка гэтых людзей паехала далей. Частка моладзі — той жа Дубскі, іншыя актывісты — чакалі нейкіх адукацыйных праграмаў, на якія можна будзе патрапіць на Захадзе. І калі распачалася праграма Каліноўскага, то частка тутэйшай моладзі, прынамсі я ведаю трох чалавек, ужо дакладна з Украіны паехалі на гэтую праграму.

— Увогуле можна казаць, што існуе нейкая каардынацыя плыні ўцекачоў у Беларусі? І як уладкоўваліся ранейшыя плыні?

— Што тычыцца таго, хто дапамагаў нам тут, як увогуле справа каардынавалася, то я б адзначыў у гэтым кірунку найперш беларусаў, якія займаюцца "Беларускай вясной ва Ўкраіне". Ёсьць тут такая суполка, якая ўжо чатыры гады запар праводзіць такія вясновы фэстываль беларускай культуры. Але гэта ня толькі культурніцкія, але і палітычныя акцыі. І гэтыя людзі ўзялі на сябе асноўную працу па адаптацыі ўцекачоў. Яны якраз займаліся расьсяленьнем людзей, яны арганізавалі падтрымку і сярод тутэйшых беларусаў, і сярод украінскай грамады. То бок — людзі, якія гатовыя былі праявіць салідарнасьць у выглядзе канкрэтнай дапамогі. Таму што трэба было здабываць нейкія рэсурсы на ўтрыманьне гэтых людзей, і якраз вось гэтым яны займаліся.

— Аб'ектыўна трапіць ва Ўкраіну прасьцей, чым у тую ж Польшчу. Як вы мяркуеце, калі б умовы прыёму людзей былі тут неяк больш упарадкаваныя, лепш арганізаваныя, плынь уцекачоў была б большая?

— Безумоўна, большая, таму што, па-першае, багата беларускіх актывістаў проста не разглядалі магчымасьць, што кудысьці трэба будзе зьяжджаць. Асабіста я таксама быў нават безь нейкай візы — шэнгенскай ці нацыянальнай польскай, літоўскай, каб абраць шлях зьехаць на Захад. І такіх людзей вельмі шмат прыехала — як выглядае, з зусім простых прычын. Праблема ў тым, што нават мясцовыя беларусы ці ўкраінцы, якія гатовыя былі дапамагаць, яны ніколі раней гэтым не займаліся. Так, традыцыйна былі нейкія праграмы ў Літве, у Польшчы, тая ж самая праграма Каліноўскага, разьлічаная на такіх вось уцекачоў. Ва Ўкраіне, за рэдкім выняткам, палітычных уцекачоў раней не было. Можа, 1—2 чалавекі, якія сюды прыяжджалі і прасілі палітычнага прытулку. Таму тут справа арганізоўвалася абсалютна паралельна. Напрыклад, мне і маёй групе, якая разам са мной прыехала, дапамагалі тутэйшыя беларусы, якія займаюцца тут бізнэсам. Я б нават сказаў, сьвядомыя нацыяналісты, якія апошнія 6—7 гадоў жывуць ва Ўкраіне. Ведаю, што паралельна дапамогай займалася група, якая вакол "Беларускай вясны" згуртавалася. Вядомы палітык Вячаслаў Сіўчык абсалютна па іншых кантактах сюды прыехаў, таксама маючы пэўную падтрымку. Яшчэ раз паўтараю, што дзесьці толькі ў сярэдзіне студзеня мы вось гэтай групай беларусаў неяк аб'ядналіся і пачалі камунікаваць, дапамагаць іншым.

Вячаслаў Сіўчык, Юры Карэтнікаў на Кіеўскім Майдане

— Ад мясцовых палітычных арганізацый прынамсі маральная падтрымка паходзіць?


— Актыўна дапамагала беларусам украінская моладзевая арганізацыя "Нацыянальны альянс", якая ў прынцыпе ўжо ня першы год на базе Луцку
былі выпадкі, калі мы проста выпадкова сустракалі людзей каля беларускага цягніка, які адсюль ідзе ў 22:06 на Менск ...
дапамагае беларусам. Яны прапанавалі свой офіс, каб проста можна было дзесьці спыніцца, кінуць рэчы, пераночыць. То бок аддалі свой офіс для такіх беларусаў, як мы. Ведаю, што некалькі дзясяткаў чалавек толькі за гэтую Плошчу там перабывалі. Дарэчы, былі выпадкі, калі мы проста выпадкова сустракалі людзей каля беларускага цягніка, які адсюль ідзе ў 22:06 на Менск. Знаёміліся, калі яны перадавалі некія рэчы на Менск, яны казалі, што, маўляў, таксама зьбеглі. Гэта найперш удзельнікі выбарчых кампаній ці Саньнікава, ці з "Гавары праўду!". Казалі, што жывем тут у сваякоў і г.д. Іншымі словамі, выпадкова нейкія людзі праяўляліся, і мы зь імі гэтаксама наладжвалі кантакты.

— Цяперашняя тэндэнцыя можа падштурхнуць мясцовых актывістаў да таго, каб усё ж пільней зірнуць на беларускую праблему? Ці ў дадзеным выпадку ўсё перадусім залежыць ад вас?

— Так, ёсьць ужо і жаданьне, і першыя крокі зробленыя, каб і беларусы, якія тут жывуць стала, і тыя, хто трапіў сюды з нашай хваляй уцекачоў, аб'ядналіся, рабілі нейкія супольныя справы. Хоць бы прынамсі на ўзроўні каардынацыі тых групаў, якія тут існуюць — уцекачоў і сталых жыхароў, — каб рабіць канкрэтныя грамадзкія і палітычныя рэчы. Прынамсі, жаданьне гэтым займацца ўва ўсіх ёсьць. Ну, і таксама ёсьць патрэба рабіць больш сталыя сустрэчы дыяспарныя. Ужо дамовіліся з уладальнікам адной з кавярняў у цэнтры Кіева, які сказаў, што любы дзень на тыдні выбірайце, мы будзем вам даваць залю для збору абсалютна бясплатна. Так што салідарнасьць ёсьць. Дарэчы, як казалі мясцовыя беларусы, тут толькі онлайн-праглядаў Плошчы было больш за 10 тысяч. То бок цікавасьць да беларускай сытуацыі вельмі сур'ёзная, градус увагі вельмі сур'ёзны.

— З Украіны на беларускую сытуацыю ўплываць неяк магчыма?

— Чым мы тут займаемся? Ну, напрыклад, вырашылі скарыстаць добрыя асабістыя стасункі Юшчанкі з Лукашэнкам і перадалі ліст Юшчанку з тым, каб ён паспрабаваў паўплываць праз свае асабістыя кантакты на Лукашэнку, на лёс палітзьняволеных. Таксама выкарыстоўваем сувязі з дэпутатамі ўсіх узроўняў, якія маюць нейкія кантакты зь Беларусьсю, каб прынамсі паўплываць на лёсы тых, хто застаецца на радзіме.

Юрась Карэтнікаў

— То бок, на ваш погляд, паўплываць праз украінскіх палітыкаў прасьцей, чым спрабаваць нешта вырашыць праз структуры ў Беларусі?

— Так, прасьцей праз украінскіх палітыкаў, таму што тут розныя кантакты, розныя сувязі. У прынцыпе, мы хочам задзейнічаць усе кантакты. Тут ужо ня так важна, якімі сродкамі, але патрэбна дапамагаць тым людзям, якія ў Беларусі змагаюцца і сядзяць па турмах. Таму ня так ужо і важна, якімі сродкамі і які мэханізм мы будзем задзейнічаць. Мы будзем спрабаваць усе мэханізмы, якія толькі магчыма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG