Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарсуд адмовіўся мяняць меру стрыманьня для Саньнікава


Андрэй Саньнікаў да суду застанецца ў СІЗА КДБ. Справа Ўладзімера Някляева перададзеная ў менскі гарадзкі суд. Другі тыдзень няма лістоў ад Мікалая Статкевіча.

Адвакат былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава паведаміў пра чарговую няўдалую спробу дамагчыся зьмены меры стрыманьня для падабароннага. 15 красавіка Менскі гарадзкі суд разглядзеў скаргу на падаўжэньне тэрміну ўтрыманьня пад вартай, але пагадзіўся з рашэньнем сьледчых.

Адвакат Андрэй Варвашэвіч нагадаў: «Раней адвакат Сапелка скардзіўся на абраньне меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, потым ён абскарджваў адмову ў менскім гарадзкім судзе, і таксама марна. Пазьней, калі Павал Сапелка спыніў сваю працу, мера стрыманьня была працягнутая. Адвакаты абскардзілі падаўжэньне. У панядзелак скаргу разглядалі ў Цэнтральным судзе, не задаволілі, мы абскардзілі ў гарадзкім, але зноў безвынікова».

Паводле зьвестак, стан здароўя Андрэя Саньнікава падчас апошняга спатканьня з адвакатамі быў «здавальняючы».

15 красавіка прадстаўнік пракуратуры Менску Сяргей Балашоў паінфармаваў, што да Саньнікава — у суд накіравана крымінальная справа паводле артыкулу аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Адказнасьць за гэтае правапарушэньне прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да 15 гадоў.

Спадар Балашоў таксама ўдакладніў, што па адной крымінальнай справе разам з Саньнікавым праходзіць Ігар Васілевіч, Алег Гнедчык, Фёдар Мірзаянаў і Ўладзімер Яроменак, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Таксама ў Менгарсуд для вызначэньня тэрытарыяльнай прыналежнасьці накіравана справа былых кандыдатаў на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага. Разам зь імі па справе праходзяць кіраўнік перадвыбарчага штабу Някляева Андрэй Дзьмітрыеў, актывісты штабу Аляксандар Фядута і Сяргей Вазьняк, а таксама намесьніца кіраўніка зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт» Наста Палажанка.

Другі тыдзень няма лістоў ад вязьня «амэрыканкі» Мікалая Статкевіча, паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч.
Апошні ліст, які атрымала, быў датаваны 3 красавіка.

«Апошні ліст, які атрымала, быў датаваны 3 красавіка. Пра дзень суду таксама нічога сказаць не магу. Адзінае, што магу паведаміць — гэта пра Сяргея Марцалева. Што іх будуць судзіць у судзе Заводзкага раёну. Ня ведаю, паводле якой падсуднасьці яны іх перадаюць. Навінаў няма. І я ня ведаю, чым мы перад імі вінавацімся. То лісты ідуць добра, то зноў ніяк.»

Справа, якая перададзеная ў суд Заводзкага раёну Менску з гарадзкога суду, складаецца з спраў жонкі Саньнікава Ірыны Халіп, сузаснавальніка БХД Паўла Севярынца і кіраўніка штабу Статкевіча Сяргея Марцалева. «Калі пачнецца працэс і прозьвішча судзьдзі паведамяць не раней за панядзелак, 18 красавіка», — сказалі сваякі Ірыны Халіп.

Ірыну Халіп, Паўла Севярынца і Сяргея Марцалева вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ва ўдзеле і іх. Абвінавачаным пагражае да 3 гадоў зьняволеньня. Ірына Халіп болей за два месяцы ўтрымліваецца пад хатнім арыштам, Павал Севярынец і Сяргей Марцалеў з 19 сьнежня знаходзяцца ў СІЗА КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG