Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагноз Камароўкі: даляры ў абменьніках


Як вы мяркуеце, ці можна будзе празь месяц ізноў свабодна купіць даляры ў абменных пунктах?

Адказваюць экспэрты:


Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч, былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі: Не. Для гэтага трэба шмат умоваў: трэба правесьці дэвальвацыю, трэба атрымаць крэдыты, трэба абвясьціць праграму стабілізацыі сытуацыі. Я мяркую, што месячны тэрмін -- гэта недастаткова. Няма перадумоваў. Я асабіста ня бачу, каб нашая ўлада была гатовая прызнаць памылковасьць рашэньняў па разбурэньні валютнага рынку і абвясьціць пра тое, што пераходзім на новую мадэль эканамічнага разьвіцьця, што мы маем намер абмежаваць і рублёвую грашовую масу. Да таго ж я ня думаю, што будзе магчымасьць хуткага павелічэньня экспартнай выручкі.

Сяргей Жбанаў
Сяргей Жбанаў, эканамічны аглядальнік "Белгазеты": Я мяркую, што гэта хутчэй за ўсё будзе немагчыма. Бо было заяўлена кіраўніцтвам Нацбанку, што ў межах іх сучаснай канцэпцыі (і гэтая пазыцыя была падцьверджаная прэзыдэнтам) краіна зараз зьбіраецца назапашваць золата-валютныя рэзэрвы, а не траціць іх на задавальненьне патрэбаў у прыватнасьці рынку наяўнай валюты.

Прэзыдэнт сказаў, што "золатавалютныя рэзэрвы -- гэта сьвятое". Раней выкарыстоўваўся іншы слоган, што "насельніцтва -- гэта сьвятое", калі справа заходзіла пра патрэбы насельніцтва ў замежнай валюце.

Што тычыцца тэхнічнага боку, то трэба, каб Нацбанк пачаў прадаваць валюту банкам, каб яны маглі забясьпечыць свае абменныя пункты. Але для гэтага патрэбныя валютныя інтэрвэнцыі. А для гэта патрэбныя рэзэрвы ў адпаведных аб'емах. Але мы ведаем, што да цяперашняга часу ніякіх пазытыўных пераменаў у гэтай сфэры не адбылося. Усім, хто гэтым цікавіцца, вядома, што ўрад і Нацбанк толькі вядуць перамовы аб прыцягненьні гэтых крэдытаў. Я мяркую, што нават пасьля таго, як будзе атрыманы першы, урадавы расейскі крэдыт у памеры аднаго мільярда даляраў, наўрад ці гэтыя грошы будуць кінутыя для інтэрвэнцый на рынак для задавальненьня попыту насельніцтва.

Міхась Залескі
Міхась Залескі, эканаміст: Так, можна будзе. Алей жа зьявіўся, зьявяцца і даляры. Адтуль жа, адкуль і алей зьявіўся. У нас усё добра і забаронена, каб было вельмі кепска. Таму ў нас усё зьявіцца. Нам агенцыя Moody's панізіла краінавы рэйтынг, бо ў нас праблемы з фінансамі. Яны адзначылі, што мы арыентуемся на высокі тэмп росту вытворчасьці і зьнешнія запазычанасьці. Пазычым грошы і дамо ўсім. Рускія дадуць 3 мільярды і ўсё.

АДКАЗВАЕ КамароўкА:


Спадарыня: "Немагчыма – нават і думаць няма чаго. Бо зараз усе хапаюць грошы і ўкладаюць у даляры. Валюта заўсёды была запатрабаваная. І каб грошы захаваць – трэба іх укласьці ў даляры".

Спадар: "Не. Бо яе няма і ня будзе празь месяц. Ну, адкуль ёй узяцца? Няма экспарту – няма і даходаў, а расходы ў валюце вялікія. Я думаю, што не раней, чым праз паўгода ўсё стабілізуецца".

Юначка: "Я думаю, што не, валюты ўсё роўна ня будзе. Людзі выкупляюць, бо нашы грошы за мяжой нічога ня вартыя, яны ня лічацца за грошы. Іх па картцы не прымаюць і пераслаць іх нікуды нельга. А даляр усюды прымаюць".

Юнак: "Я думаю, што нельга будзе набыць валюту. Бо адкуль яна зьявіцца, калі яе няма. Нават расейскі крэдыт не дапаможа".

Юначка: "Думаю, што так. Ну колькі ж можна? Рана ці позна закончыцца вось гэты чарговы ажыятаж. Ізноў гэты курс падскочыў – закончыцца ж гэта".

Спадар: "Думаю, што так – ажыятаж ужо пайшоў на спад і ён спадзе. Неяк гэтыя працэсы звычайна разьвіваюцца цыклічна – і пра дэвальвацыю чуткі таксама хадзілі даўно. Зараз пік напругі і рана ці позна ён павінны прайсьці".

Спадарыня: "Я думаю, што празь месяц яшчэ не. Неяк падаецца, што не – адчуваецца напруга ў людзях і цалкам у краіне".

Юначка: "Я думаю, што так -- празь месяц можна будзе вольна набыць валюту. Гэта такія страхі, якія бываюць у нашым грамадзтве пэрыядычна. Так было год таму, як мы памятаем, калі пасьля 1 студзеня кошты вырасьлі. Гэтак жа будзе і цяпер – пройдзе ажыятаж. Проста зараз людзям страшна, яны хвалююцца за сваю будучыню і бягуць у абменьнікі, стаяць у чэргах, каб набыць валюту. Думаю, што ўсё гэта закончыцца".

Юнак: "Празь месяц валюта ня зьявіцца. Я думаю, што ёй няма адкуль узяцца пакуль што. Крэдытаў не прадбачыцца, а таму ня зьявіцца валюта і нельга будзе памяняць".

Спадарыня: "Празь месяц, думаю, што не, бо ажыятаж вялікі. Да прыкладу, мне вось спатрэбіліся даляры, я цягам месяца спрабую іх набыць. Прыходжу ў банк і калі нехта перада мной здаў 20 даляраў і я наступная, то я магу іх набыць. Але калі перада мной стаіць чалавек, які кантралюе гэтую сытуацыю – мянялы, так бы мовіць, то тады набыць валюту не рэальна. Думаю, што празь месяц будзе тое ж самае".

Прагноз экспэртаў:


Так – 1

Не – 2

Прагноз Камароўкі:


Так - 3

Не - 7

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG