Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абласны суд пагадзіўся з пакараньнем пакалечанай прадпрымальніцы


Ліля Лагуціна
Ліля Лагуціна
Калегія ў крымінальных справах Гомельскага абласнога суду адхіліла касацыйную скаргу сьветлагорскай прадпрымальніцы Лілі Лагуцінай на пакараньне годам абмежаваньня волі.

«Гэта нейкі тэатар», — сказала пасьля паседжаньня калегіі спадарыня Лагуціна.

Прадпрымальніца абскарджвала вырак Сьветлагорскага раённага суду, які прызнаў яе вінаватай у супраціве і гвалце над чатырма міліцыянтамі з дэпартамэнту аховы.

Крымінальную справу супраць спадарыні Лагуцінай завялі пасьля таго, як яна паскардзілася ў раённую пракуратуру, што міліцыянты пакалечылі ёй руку падчас затрыманьня мужа. Жанчына кажа, што махнула сумкай, каб міліцыянты адчапіліся. Адзін зь міліцыянтаў, паводле яе слоў, так закруціў ёй руку, што сама яна ўжо не змагла вярнуць яе назад. Лекары канстатавалі ня толькі вывіх, але й складаны пералом.

Міліцыянты, аднак, ня выклікалі «хуткую дапамогу», а павезьлі Лагуціну «разьбірацца» ў райаддзел міліцыі.

У справе фігуруюць дакумэнты, што пасьля інцыдэнту ў аднаго зь міліцыянтаў быў сіняк на твары. Раённая пракуратура зьвінаваціла Лілю Лагуціну ў супраціве й гвалце над чатырма супрацоўнікамі міліцыі.

Адвакат Яўген Грабоўскі зьвярнуў увагу калегіі, што раённы суд падчас вынясеньня выраку Лілі Лагуцінай грунтаваўся на супярэчлівых сьведчаньнях нібыта пацярпелага міліцыянта Яўгена Мельнікава, якія да таго ж мяняліся ў залежнасьці ад выстаўленых абвінавачваньняў падабароннай.

У сваю чаргу судзьдзя Мікалай Емельяновіч пытаўся ў Лагуцінай, ці была яна цьвярозай падчас інцыдэнту?

Жанчына на тое паведаміла: «Мы выходзілі з рэстарацыі. Медэкспэртыза паказала, што ў мяне было 0,53 праміле алькаголю».

«А ў мужа?» — запытаў судзьдзя.

«Ня ведаю. І пры чым тут муж? Ён за свой учынак атрымаў пакараньне. А мне за што руку зламалі?»

Спадарыня Лагуціна не пагаджаецца з пакараньнем і надалей зьбіраецца аспрэчваць вырак:

«Усё, што зьвязана з органамі ўнутраных спраў, вельмі цяжка адсуджваць. Мне зламалі руку, і вынесеным пакараньнем прыкрываюць віну міліцыянтаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG