Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашы карэспандэнты ў розных рэгіёнах наведалі сёньня абменныя пункты валюты. Даляраў і эўра ў свабодным продажы няма нідзе. Людзі чакаюць у чэргах у спадзяваньні на тое, што нехта здасьць валюту, каб тут жа яе набыць. Але такіх знаходзіцца вельмі мала. І мяняюць галоўным чынам дробныя сумы. У многіх мясьцінах зьявіліся валютчыкі, гатовыя памяняць беларускія рублі на даляры і эўра па курсе, які значна больш высокі за афіцыйны.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Налятаюць на абменьнік, як шулякі»

У Гомелі ля стацыянарных і перасоўных абменных пунктаў валюты ўвесь час дзяжураць гараджане, спадзеючыся на ўдачу: можа, нехта здасьць даляры ці эўра.

На вуліцы Савецкай ля двух абменьнікаў «Белпрамбудбанку» стаяць у чаканьні па паўдзясятка чалавек. Апошнім у адным зь іх — малады чалавек, які кажа, што без валюты ня можа набыць запчасткі для машыны замежнай вытворчасьці:

«Здаў хтосьці — вось і бярэш валюту. Патрэбныя зараз даляры, дык і стаю. Трэба запчасткі набыць, а іх прадаюць толькі за даляры».

У жанчыны, якая бавіць час ля абменьніка з самага ранку, свая патрэба:

Не магу купіць валюту, каб набыць тавар.
«Учора я працавала. Сёньня — выходны, стаю тут па валюту. Для працы мне патрэбна. Я — прыватная прадпрымальніца. Не магу купіць валюту, каб набыць тавар».

Жанчына кажа, што для яе прыдатныя й расейскія рублі, бо па тавар яна езьдзіць у Расею. Але ж і так званай «расеі» ў абменьніках таксама няма. Жанчына ўпэўнена кажа, што сама дзяржава паціху вядзе дэвальвацыю рубля:

«Гэта — дэвальвацыя, ня больш і ня менш. У краіне бракуе валюты. Больш, напэўна, імпартуюць, чымсьці за мяжу прадаюць».

Сярэдняга веку мужчына таксама заклапочаны пошукам валюты. Кажа, што рыхтуецца да вясельля дачкі, якое будзе ўлетку. Узяў крэдыт у беларускіх рублях, але яны хутка абясцэньваюцца:

«Я тут не стаю, у асноўным — ля вакзалу. Па дзьве гадзіны, па тры. Бывае, людзі цэлы дзень стаяць і ня купяць. Я ўзяў крэдыт на вясельле, і гэтыя грошы пераводжу ў валюту, каб не прапалі. Наагул, ня ведаю, што робіцца. Без абвесткі ўтварылі такое. Гэта нядобрасумленна ў дачыненьні да беларускага народу».

Ля чыгуначнага вакзалу — тры абменьнікі: Франсбанку, Тэхнабанку і Белпрамбудбанку. Усюды чэргі чакальнікаў — дзе большыя, а дзе й меншыя.

Расеец, які прыехаў у Гомель, дзіву даецца: «Налятаюць на абменьнік, як шулякі».

Людзі ад доўгага чаканьня сапраўды ўзрушаныя. І кінуць чаргу таксама не выпадае. Гаворыць прадпрымальніца Аксана:

«Будзем хадзіць, пакуль сытуацыя ня зьменіцца. Закупкі ня можам рабіць. Праца стаіць!».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Набываюць даляр за 3200 рублёў, прадаюць — за 4000»

На Гарадзеншчыне надалей немагчыма свабодна набыць валюту ў абменьніках. У апэрацыях з набыцьцём валюты ўсё большую ролю адыгрываюць так званыя валютчыкі, пра якіх усе ўжо даўно забыліся. Але зараз яны прапануюць адзіны рэальны шлях, каб купіць даляры.

Калі яшчэ ў абласным цэнтры даволі шмат людзей дзяжураць побач з абменьнікамі, каб адразу набыць валюту, якую нехта здасьць, то ў раённых гарадах гэтых людзей значна меней, бо валюты ў абменьнікі амаль ніхто не здае.

Прадпрымальнік з Мастоў распавядае, што зараз, хто хоча здаць валюту, ідзе да валютчыкаў альбо на рынак да прадпрымальнікаў, бо там за яе дадуць болей. І такая сытуацыя паўсюль.

У абменьніку валюты няма, у валютчыкаў — ёсьць

Спадар: «Адрадзіліся валютчыкі, якія раней працавалі. На сёньняшні дзень у іх можна набыць даляр за 4 тысячы рублёў, а яны купляюць за 3200 — маржа даволі вялікая».

У раённых цэнтрах шэры курс валюты хоць не нашмат, але адрозьніваецца. Адмыслоўцы тлумачаць гэта колькасьцю валюты, якая ходзіць у тым ці іншым горадзе ў шэрым абароце. Вось, да прыкладу, колькі каштуе валюта зараз у Лідзе.

Спадар: «Бяруць з рук па 3300, а прадаюць па 3800…».

У Горадні валютчыкам можна здаць даляры за 3500 рублёў, а набыць — за 3800. Адмыслоўца ў гэтай справе тлумачыць.

Спадар: «Ясна, што ў Горадні маржа меншая, бо там абарот валюты значна большы, чым на раёне. Таму на раёнах валютчыкі яе і падымаюць, каб мець свой заробак».

На сёньняшні дзень даляр лічыцца па 5 тысяч… Яшчэ тыдзень, і бізнэс ляжа ўвесь.
Найбольш адчувальна нястача валюты адбіваецца на прадпрымальніках, якія набываюць яе, каб купляць тавар за межамі краіны. Асабліва, са слоў аднаго з ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, уражвае тое, як валютчыкі могуць рэгуляваць валютны курс.

Спадар: «На сёньняшні дзень даляр лічыцца па 5 тысяч. Учора мне яшчэ казалі 3300–3400, а сёньня раніцай абвясьцілі — 5 тысяч. Яшчэ тыдзень, і бізнэс ляжа ўвесь…».

Спадар распавядае, што тыя з прадпрымальнікаў, хто займаецца продажам імпартаваных тавараў, ня ў стане іх прадаваць, бо курс даляра штодня расьце.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


У банках валюты няма, попыт валютчыкі таксама не задаволяць

Набыць валюту ў банках у рэгіёне практычна не ўяўляецца магчымым. У чэргах каля абменьнікаў на Берасьцейшчыне ў асноўным стаяць прыватныя гандляры, якія спадзяюцца набыць валюту для закупу тавараў. Валютчыкі таксама ня ў стане забясьпечыць попыт, курсы ў іх надзвычай высокія.

Каля абменьнікаў у Берасьці чэргаў практычна не назіраецца. Набыць тут валюту практычна немагчыма. Час ад часу зьяўляюцца невялікія сумы ў межах 20–50 даляраў. Жыхарка Берасьця Натальля амаль цэлы дзень змарнавала на тое, каб знайсьці ў абменных пунктах 100 даляраў:

«Зараз набыць валюту немагчыма. Я была ў банку на Машэрава, прайшлася па абменных пунктах, якія знаходзяцца па бульвары Касманаўтаў, у банку каля ўнівэрсытэту — БрДУ. Нідзе няма даляраў, ці эўра. Не разумею, чаму такое адбываецца — магчыма, што зьвязана з ажыятажам. Варта чакаць дэвальвацыі беларускага рубля. Тым больш што было сказана, што даляр падаражэе. Але наколькі — невядома».
Нават і ня ведаю, што цяпер параіць чалавеку, якому патрэбныя даляры.

У такіх варунках простаму чалавеку, калі тэрмінова патрэбныя даляры, практычна няма выйсьця. Былы валютчык Канстанцін, які цяпер стаў прыватным перавозчыкам, кажа, што валютчыкаў практычна не засталося, дый валюты ў іх ня хопіць на ўсіх. Таму адзінае выйсьце — стаяць у чарзе каля абменьніка:

«Нават і ня ведаю, што цяпер параіць чалавеку, якому патрэбныя даляры. Заняць чаргу каля абменьніка ў банку. Але цяпер там валюту практычна ніхто не здае. А чэргі займаюць у асноўным гандляры з рынкаў. Нехта здасьць пэўную суму, а яны адразу ж набываюць. Ім пільна патрэбныя замежныя грошы, каб набыць тавар для продажу».

Прыватны прадпрымальнік зь Берасьця Зьміцер кажа, што цяпер шмат хто сапраўды спадзяецца на валютчыкаў. Але найменшы ў іх курс — 3500 рублёў за даляр ЗША:

«Ніяк цяпер не ўратуесься. Адзіная надзея — шукаць валютчыкаў. Попыт нараджае прапанову. Пра валютчыкаў практычна забыліся. А цяпер, паколькі валюты ў банках няма, то народ кінуўся да тых, у каго, на іх думку, могуць быць даляры. Але і гэта часта бывае марным. Курсы ў валютчыкаў даволі высокія. Найменш даляры прадаюцца імі за 3500 рублёў. Але гэта калі пашанцуе».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Чарга па валюту — ад чацьвёртай гадзіны раніцы

На Магілёўшчыне валюта — самы дэфіцытны тавар. Пытаньне, дзе яе набыць, — самае актуальнае.

У Магілёве, каб набыць валюту, даводзіцца гадзінамі стаяць ля абменных пунктаў. Як здабываецца валюта, апавядае прадпрымальнік Ігар:

«Ва ўнівэрмагу людзі займаюць чаргу ў чатыры гадзіны раніцы. І стаяць, пакуль адчыніцца ўнівэрмаг. Потым бягуць да абменьніка. Штурхаюцца — хто першы, хто другі. Крык, гвалт, лаянка. Некаму даводзіцца вазіць у Расею, каб абнаяўліваць у банкаматах. Але там дужа маленькія сумы выдаюцца. Трэба мець дужа шмат картак. Адбываецца нейкая ўтопія. Думаеш ня як прадаць і зарабіць, а як вярнуць свае грошы бяз стратаў».

У суразмоўцы пытаюся: а як жа валютчыкі? Ці зьявіліся яны?

У валютчыкаў цяпер больш працы, чым раней.
«Дык яны нікуды й не зьнікалі. Яны як былі пятнаццаць гадоў таму, так і сёньня ёсьць. Цяпер у іх працы шмат. На сёньняшні дзень чатыры тысячы каштуе адзін даляр. Ужо людзі грошы і ў абменьнікі ня хочуць несьці».

Падобная сытуацыя і ў Бабруйску. Пра сытуацыю з валютай апавядае тамтэйшая прадпрымальніца Алена:

«Людзі займаюць чэргі а 6-й раніцы, каб быць першымі ля касы. І сядзяць суткі. Людзі там прыносяць па дваццаць, пяцьдзясят даляраў, таму, калі патрэбная вялікая сума, то людзі стаяць днямі ля абменьнікаў. Мая сястра за дзень семдзесят даляраў купіла. Яна плюнула й у валютчыкаў купіла, праўда, пераплаціла».

Карэспандэнт: «А ў валютчыкаў ці дарагая валюта?».

Прадпрымальніца: «Дужа дарагая. Калі ў абменьніку, за сто даляраў 311 тысяч, а ў валютчыкаў — 350 тысяч».

Карэспандэнт: «А ці вядзецца барацьба з валютчыкамі? Можа, міліцыя зьявілася ля абменьнікаў?».

Прадпрымальніца: «Пакуль няма. У нас жа заўжды валютчыкі была закрытая тэма. Іх пэрыядычна „хлопаюць“, каб была „палачка“, але я думаю, што ўсе яны працуюць у адным напрамку. Проста так жа валютчыкі ня будуць стаяць. У кожнага, відаць, ёсьць свой так званы „дах“ абароны — ці чыноўнікамі, ці міліцыянтамі».

Леанід Заіка
Эканаміст Леанід Заіка: «Зусім натуральна, што ў сытуацыі, калі банкі ня могуць курс дэвальваваць, з-за чаго ўзьнікае розьніца ў курсах і выяўляецца няздольнасьць дзяржаўнай банкаўскай сыстэмы рэгуляваць гэты працэс, то, натуральна, узьнікае другасны рынак. А цяпер у Беларусі абмен па безнаяўным курсе ідзе ўжо больш як чатыры тысячы за адзін даляр, і я спадзяваўся, што ўлада зноў ня будзе наступаць на тыя ж граблі. Гэта — валютныя граблі».

Карэспандэнт: «Ці вялікія прыбыткі маюць так званыя валютчыкі?»

Заіка: «Я зь імі таксама размаўляў і не лічу, што яны маюць звышпрыбыткі. Пераважна гэта жанчыны, старэйшыя за 50 гадоў. Яны стаяць ля абменьнікаў, каб „закалаціць“ свае няшчасныя паўдаляра… Іншая справа, што наяўнасьць „чорных валютчыкаў“ — гэта вынік дрэннай працы дзяржаўнай банкаўскай сыстэмы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG