Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Хашчавацкі: «Чаму замест відэа паказалі стоп-кадры?»


Юры Хашчавацкі
Юры Хашчавацкі
Новыя афіцыйныя зьвесткі пра асобаў, падазроных у тэракце: сталае ўжываньне алькаголю і нездаровая псыхіка. Незалежныя назіральнікі, аднак, сумняваюцца ў здольнасьці падобных людзей выканаць тое, у чым іх падазраюць.

15 красавіка міністэрства інфармацыі Беларусі папярэдзіла газэту «Наша ніва» пра парушэньне закону ў сувязі з публікацыяй «несапраўдных зьвестак». Маецца на ўвазе паведамленьне пра тое, што адна з ахвяр тэракту 11 красавіка нібыта заставалася на станцыі да позьняга вечара.

Якія новыя зьвесткі зьявіліся пра людзей, якіх падазраюць у зьдзяйсьненьні тэракту, і пра іхнія матывы? Афіцыйныя крыніцы ўсё часьцей кажуць пра тое, што яны ўжывалі алькаголь. Першым пра гэта загаварыў намесьнік міністра ўнутраных спраў Алег Пякарскі. Паводле яго, галоўны падазроны, які сам зь Віцебску, жыў у Менску на здыманай кватэры непадалёк ад станцыі мэтро «Фрунзенская» разам зь сябрам і маладой жанчынай. Як паведаміў міліцыянт, кватэру, дзе жылі падазроныя, знайшлі, прасачыўшы за адным зь іх, калі той нёс сьпіртное з крамы. Другі раз пра алькаголь Алег Пякарскі ўзгадаў, калі патлумачыў: затрымалі падазроных пасьля 9-й вечара, а даваць паказаньні галоўны абвінавачаны нібыта пачаў толькі а 5-й гадзіне раніцы, бо да таго часу «цьверазеў».

Журналісты дзяржаўнай «Народнай газэты» ўжо пабывалі ў пад’езьдзе дома, дзе жылі падазроныя. «Пад іх акном шмат парожніх бутэлек валялася», — цытуе карэспандэнт жыхара дома, малюючы партрэт магчымых тэрарыстаў. «Падонкі», «нелюдзі», — прыводзіць дзяржаўная газэта выказваньні суседзяў на адрас людзей, якіх яшчэ не судзілі.

Больш акрэсьлена загучаў і матыў злачынства. Беларускае тэлебачаньне прыводзіць словы супрацоўніка антытэрарыстычнага цэнту КДБ Ігара Коценева:

«У нас ёсьць вэрсія, што гэта гіпэртрафаванае пачуцьцё сваёй значнасьці, якое выявілася ў непрыняцьці, нянавісьці да посьпехаў звычайнага чалавека».

Але калі гэты чалавек толькі выканаўца, якому даручылі пранесьці і паставіць і за гэта атрымаеш бутэльку, — тут цалкам магчыма.
Схільнасьць да алькаголю і адначасова хваравітая псыхіка, якая выявілася ў перабольшанай самаацэнцы і нянавісьці да іншых людзей. Што псыхіятры думаюць пра такое спалучэньне? Менскі псыхіятар Ігар Сарокін кажа, што шмат сустракаў пітушчых, якія пад градусам пагражаюць «усё спаліць і зьнішчыць», а як цьвярозыя — то мірныя людзі:

«Усё роўна трэба мець матывацыю. А ў хворага на алькагалізм матывацыя адна — выпіць, і ўсё, яго больш нічога не цікавіць. Ані сям’я, ані праца, ані нейкія сацыяльныя рэчы. Як можна пры такой матывацыі займацца вырабам выбуховых прыстасаваньняў? Гэта ж трэба вырабіць, сплянаваць, выканаць. Але калі гэты чалавек толькі выканаўца, якому даручылі пранесьці і паставіць і за гэта атрымаеш бутэльку, — тут цалкам магчыма».

Вядомы рэжысэр Юры Хашчавацкі адзначае, што супрацоўнікі пракуратуры, якія распавядалі на ўсю краіну пра раскрыцьцё тэракту, паказвалі ў якасьці доказаў стоп-кадры, а ня ўсю відэастужку са злачынцам і зь першымі імгненьнямі выбуху:

«Чаму гэтага не паказваюць? Сыстэмы відэасачэньня працуюць жа ўвесь час, дык чаму ўсяго не паказаць, а толькі стоп-кадры? Пакажыце, як ідзе чалавек, дзе ён спыняецца. Паводле плястыкі рухаў становіцца ўсё зразумела, што робіць чалавек. А яны паказалі набор нейкіх карцінак. У адной зь іх на далёкім пляне нейкі чалавек стаіць. У мяне ўражаньне, што ўвогуле там іншы чалавек. Вось гэта мяне вельмі засмучае. Як засмучае і дзяржаўны піяр вакол гэтага ўсяго».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG