Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Як грамадзтва рэагуе на тэракты, які ў гэтым сэнсе досьвед Масквы, дзе тэракты здараліся неаднойчы, у тым ліку і выбухі ў мэтро? Якія аддаленыя псыхалягічныя наступствы тэракту? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да расейскага псыхоляга Вольгі Макоўскай. Зь ёй гутарыў Юры Дракахруст.

Дракахруст: Якая псыхалягічная рэакцыя на тэракты характэрная для расейскага грамадзтва? Мне распавядалі, што цяпер у Менску людзі баяцца езьдзіць грамадзкім транспартам, тэлефануюць у міліцыю, калі бачаць людзей зь вялікімі сумкамі. І гэта нягледзячы на тое, што афіцыйна абвешчана, што злачынца затрыманы і што гэта маньяк-адзіночка.

Макоўская: Рэакцыя пасьля першых тэрактаў была вельмі вострай. Людзі панічна баяліся заходзіць у мэтро, асабліва нэўратызаваная частка грамадзтва, найбольш неабароненая – старыя, жанчыны, дзеці. Масква – горад, дзе мы вымушаныя карыстацца мэтро, але ў першыя дні пасьля тэракту ў мэтро амаль пуста ці прынамсі значна менш людзей, чым звычайна. Але потым наступае пэрыяд адаптацыі, калі шок пераадолены і страхі зжытыя. Галоўнае – увайсьці першы раз у мэтро пасьля шоку. Калі ты робіш гэта разам з усімі, робіцца лягчэй.

Вельмі важная пазыцыя СМІ і ўладаў, наколькі яны пераканаўчыя ў запэўніваньнях, што гэта – асаблівы выпадак, што ўсе меры прынятыя і кантроль узмоцнены.

У Расеі размова ідзе пра тэрарызм з рэлігійна-этнічнай подбіўкай, таму тут гарантыяў ніхто ня мог даваць. Мы бачым, што тэракты паўтараюцца, што заўсёды знаходзіцца нейкая шчыліна. Зразумела, што карані ў гэтай бяды ёсьць, і значыць гэта будзе паўтарацца.

Пытаньне ў тым, як мяняць сваё жыцьцё ў сувязі з тым, што яно стала небясьпечным. Ці трэба карыстацца толькі наземным транспартам ці пакладацца на лёс і на ўласную асьцярожнасьць. Масквічы перасталі садзіцца ў першыя вагоны, яны ўважліва аглядаюць людзей вакол іх.

Гэта нармальная рэакцыя прывыканьня, людзі і да вайны прывыкалі.

Што тычыцца беларускай вэрсіі, то яна мне падаецца вельмі размытай і непераканаўчай па матывацыях і па структуры учынку. Калі гэта маньяк-адзіночка, то чаму гэта "групавуха"? Маньякі звычайна дзейнічаюць у адзіночку. Калі гэта падлетак, які загуляўся ў вайну, то чаму ён дзейнічаў гэтак доўга? Калі гэта прошукі апазыцыі, пра што можна падумаць, бо пагрозы гучалі менавіта ў іх адрас, то павінен быць палітычны матыў.

Але гэта занадта антыагітацыйна - выкарыстоўваць масавае забойства для агітацыі на свой бок.

Такіх выбухаў ня так і шмат. І настрой грамадзтва на тое, што ў краіне ўсё ціха і спакойна, можа прывесьці да больш моцнай рэакцыі.

З такімі масавымі панікамі трэба ўмець працаваць, тут можа дапамагчы досьвед Расеі, як Расеі ў свой час дапамог досьвед Ізраілю.

Дракахруст: А якія аддаленыя псыхалягічныя наступствы тэрактаў?

Макоўская: У гэтай сытуацыі другасныя ахвяры – гэта мы ўсе, мы назіраем гэта, мы вельмі блізка знаходзімся. Гэта закранае ўсіх. Што да непасрэдных ахвяраў, то для тых, хто гэта перажыў, нават ня стаўшы інвалідам – гэта цяжкая псыхалягічная траўма на ўсё жыцьцё. Яна можа праяўляцца потым, як паўторна перажыты стрэс. Гадоў праз 10 чалавек можа раптам пачаць паводзіць сябе неадэкватна, упадаць у паніку зь любой нагоды, пакутаваць на галаўныя болі і дэпрэсію, быць няздольным падтрымліваць нармальныя, працяглыя кантакты зь іншымі людзьмі.

Такое рэха бывае ў любой траўмы, у любой вайны, у любога тэракту. Тут трэба ісьці да спэцыяліста-псыхоляга.

Ёсьць простыя парады.

Напрыклад, калі дзеці, якія пацярпелі, ня хочуць ісьці ў мэтро ці нават у дзіцячы садок, ня трэба іх туды весьці, трэба даць час супакоіцца. Трэба быць зь імі, абдымаць іх. Гэтак жа трэба паводзіць сабе і з дарослымі, якія адчуваюць асобую трывогу. Трэба зь імі размаўляць, каб яны адчувалі, што яны не адны.

Дракахруст: Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч распавядала ў інтэрвію Свабодзе, што бачыла ў маскоўскім двары, як дзеці гуляюць у тэрарыстаў – не ў "вайнушку", а менавіта ў тэрарыстаў. Гэта ўжо настолькі глыбока ўвайшло ў расейскую культуру?

Макоўская: Так, гэта ролевыя гульні. У іх адбываецца адпрацоўка дзіцячых страхаў. Хлопчыкі заўсёды больш баяцца загінуць. Яны рыхтуюцца да вайны, і гэта адбіваецца на гульнях.

Дракахруст: Хлопцы больш баяцца загінуць, чым дзяўчаты?

Макоўская: Так. Бо мы ўпэўненыя, што ў найгоршым выпадку будзем у акопе сядзець і шчы варыць, і наагул пра гэта ня думаем. А ў хлопцаў гэтая страхі больш актыўныя. У некаторых дзяўчат наагул няма гэтых думак – вось ты памрэш, цябе закапаюць... А для многіх мужчын гэта ядзерны страх, гэта на схіле гадоў вельмі бачна.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG