Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Трагедыя не дае ўладзе ніякіх індульгенцыяў"


Аляксандар Лукашэнка на месцы тэракту ў мэтро 11 красавіка

Аляксандар Лукашэнка на месцы тэракту ў мэтро 11 красавіка

Заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што "пятай калёны" ў Беларусі ня будзе, ягоны загад дапытаць апазыцыйных актывістаў, якія выказваліся па справе аб тэрактах, пра блюзьнерства і скокі на касьцях, нібыта ўчыненыя эўрапейскімі партнэрамі і "пятай калёнай", мы папрасілі пракамэнтаваць прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі.

Старшыня Фонду разьвіцьця прававых тэхналёгій Алена Танкачова брала ўдзел у слуханьнях па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якія правёў у Страсбуры палітычны камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што "дайшло да блюзьнерства". Маўляў, "у нас трагедыя, а нашы так званыя "эўрапейскія партнэры" ў Страсбуры распавядаюць пра нейкія правы чалавека. А нашы дамарослыя — пятая калёна — заклікаюць санкцыі ўвесьці. Скокі на касьцях". Спадарыня Танкачова назвала абразай згадку яе прозьвішча на беларускіх тэлеканалах у спалучэньні з выразам "скокі на касьцях".

"Такія заявы я ўспрымаю як уласную абразу. І па вяртаньні буду высьвятляць, адкуль такога кшталту тэкст наагул зьявіўся з экранаў беларускага
Такія заявы я ўспрымаю як уласную абразу. І па вяртаньні буду высьвятляць, адкуль такога кшталту тэкст наагул зьявіўся з экранаў беларускага тэлебачаньня...
тэлебачаньня. Сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы пачалася з хвіліны маўчаньня і жалобы, салідарнасьці з загінулымі і сем'ямі загінулых. І калі беларускія тэлеканалы кажуць, што пра гэта не было сказана ні слова, то ня трэба мераць па сабе. Мы атрымлівалі словы спачуваньня. І гэта тое, што мы перажывалі тут самі. І мая дачка выйшла са станцыі мэтро "Кастрычніцкая" за дзесяць хвілін да выбуху. І, паверце, папракаць мяне ў тым, што я скачу на касьцях і не суперажываю разам гэтую трагедыю — для мяне гэта асабістая зьнявага".

Паводле Танкачовай, абмеркаваньне сытуацыі з правамі чалавека ў Страсбуры было заплянавана раней і не магло не адбыцца. А тэма правоў чалавека была, ёсьць і будзе актуальнай пры вызначэньні эўрапейскай палітыкі адносна Беларусі.

"Такой высокай і сыстэмнай цікавасьці практычна ва ўсіх структураў, зь якімі мы працавалі, да беларускага пытаньня я ня памятаю за апошнія дзесяць гадоў. То бок правы чалавека і Беларусь — гэта кантэкст, які сёньня для Эўропы актуальны, важны і ў якім будзе разьвівацца далей абмеркаваньне палітыкі адносна Беларусі".

Паводле прадстаўніка аргкамітэту партыі "Беларускі рух" Віктара Івашкевіча, зьнявагі і рэпрэсіі не вырашаюць праблемы дачыненьняў з суседзямі і ў эканоміцы.

Віктар Івашкевіч
"Крык і лямант — гэта ад таго, што Лукашэнка ня ведае, як вырашаць праблемы. І хоча гэтым крыкам і лямантам прыкрыць сваю няздатнасьць як кіраўніка краіны. Добра, калі спэцслужбы расьсьледуюць і расьсьледуюць да канца, знойдуць вінаватых у гэтай трагедыі. Але гэта не здымае зь іх адказнасьці за тую дзікасьць, якую яны ўтварылі 19 сьнежня".

Спадар Івашкевіч адзначае, што "імкненьне прыкрыць трагедыяй сваю няздольнасьць вырашаць палітычныя і эканамічныя праблемы — гэта якраз і ёсьць скокі на касьцях".

"Бо пры чым тут трагедыя і тое, што зьявіліся дэфіцыты ў крамах і людзям не даюць мяняць даляры ў абменьніках? Гэта якраз і ёсьць спэкуляцыя — мяшаць усё ў кучу. Ёсьць злачынства, якое было ўчыненае пакуль што невядомымі людзьмі, і гэта трэба дасьледаваць, падаваць справу ў суд. Гэта адна справа. А вырашэньне палітычных і эканамічных праблемаў — гэта іншая справа, якой павінны займацца ўлады. І трагедыя, якая здарылася, не дае ніякіх індульгенцый уладам на прадмет іх няздольнасьці вырашаць сацыяльна-эканамічныя праблемы. Вось зьмешваньне ўсяго ў адну кучу — гэта і ёсьць спэкуляцыі і скокі на касьцях".

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч падчас тэракту ў менскім мэтро знаходзіўся ў Брусэлі на міжпарлямэнцкім форуме дэмакратычных сілаў. Ён абураны закідамі Лукашэнкі на адрас апазыцыі:

Станіслаў Шушкевіч
"Там выступаў Ежы Бузэк. Краналі справы Беларусі. Але разумелі, што гэты акт вельмі выгадны нашаму нелегітымнаму прэзыдэнту. Тое, што ён хоча абыгрываць яго, гэта зразумела. Але ён дагуляецца, бо нельга на касьцях людзей рабіць скокі. Скакаў на касьцях ён".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG