Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прышэсьце барбараў у Маладэчне


Лявон Цімохін каля помніка пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі. 11 красавіка 2011 г.

Лявон Цімохін каля помніка пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі. 11 красавіка 2011 г.

25 красавіка 1993 году ў Маладэчне на цэнтральнай плошчы ў прысутнасьці некалькіх тысячаў гараджанаў быў адкрыты помнік пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі. Амаль 18 гадоў маладэчанцы ўскладалі да яго кветкі ў памятныя дні, ніхто ніколі не ўсумніўся ў ягонай мэтазгоднасьці. Але на сёлетнюю восень у Маладэчне прызначаныя “Дажынкі”, з-за чаго ўжо сёньня распачалася рэканструкцыя гарадзкога цэнтру… Маладэчанскі мастак Лявон Цімохін быў першым, хто паведаміў нашаму радыё пра пляны ўладаў адносна помніка.

Міхась Скобла: “Спадар Лявон, дзякуй, што знайшлі час і прыехалі да нас на радыё. Калі вы даведаліся, што помнік будзе зьнесены?”

Лявон Цімохін: “Учора я патэлефанаваў былой загадчыцы аддзелу культуры
Потым вырашылі зрабіць на плошчы фантан, а помнік перанесьці ў парк, у кусты, далей ад цэнтральнай плошчы, ад сьвятога месца ...
Надзеі Іванаўне Сідарэнцы. І яна расказала, што ў выканкаме зьбіраліся людзі і вырашалі, што рабіць з помнікам, на якім крыж Эўфрасіньні Полацкай. Маўляў, ён не падыходзіць пад канцэпцыю “Дажынак” (у Маладэчне сёлета будзе сьвята “Дажынкі”). Спачатку меркавалі паставіць на месцы помніка скульптуру Маці Божай. Але тут адзін мастак запярэчыў – тады Маці Божая будзе стаяць насупраць помніка атэісту Леніну. Давялося гарвыканкаму здымаць гэтую прапанову. Потым вырашылі зрабіць на плошчы фантан, а помнік перанесьці ў парк, у кусты, далей ад цэнтральнай плошчы, ад сьвятога месца. Я патлумачу, чаму месца сьвятое. На цяперашняй цэнтральнай плошчы Маладэчна ў дасавецкія часы стаяў велізарны каменны крыж. Калі прыйшлі саветы, як гавораць старыя людзі, крыж быў узарваны. І вось на месцы таго ўзарванага крыжа, дзе пакаленьні хрысьціянаў маліліся, і быў усталяваны наш помнік”.

Скобла: “Раскажыце пра гісторыю яго ўсталяваньня. Хто зьяўляецца аўтарам помніка?”

Цімохін: “Мастацкая задума належыць Сьвятаславу Паліводу, ён і цяпер жыве ў Маладэчне. Архітэктурную прывязку рабіў тагачасны галоўны архітэктар гораду Юрась Белановіч, сёньня ён – архітэктар Гамбургу. Даставіць камень на плошчу дапамог дырэктар Маладэчанскага заводу жалезабэтонных вырабаў Мікалай Івашкевіч, мы зь ім былі сябрамі выканкаму. Падрыхтоўка цягнулася ня дзень і ня месяц. Трэба было пагаварыць з гараджанамі, надрукаваць у нашай газэце адпаведныя матэрыялы. То бок, прайшла вялікая падрыхтоўчая работа для таго, каб маліцца на плошчу пры асьвячэньні помніка прыйшлі тысячы маладэчанцаў. Была акурат Радуніца, і хрэсныя хады ішлі праз увесь горад. Гэта была вялікая духоўная акцыя”.

Дабрачынная талака ў Маладэчне – помнік усталёўваецца на падмурак

Скобла: “А які ўдзел ва ўсталяваньні помніка бралі тагачасныя маладэчанскія ўлады?”

Цімохін: “Гарвыканкам тады ўзначальваў Генадзь Карпенка. Гарадзкія
Карпенка ніколі ня браў на сябе вырашэньне такіх духоўных пытаньняў ...
ўлады паводзілі сябе абсалютна дэмакратычна, за што мы іх і цанілі. Я гэта магу сказаць як сябра прэзыдыюму гарадзкога Савету дэпутатаў, дзе вырашаліся ўсе пытаньні. Карпенка ніколі ня браў на сябе вырашэньне такіх духоўных пытаньняў, ён гаварыў: “Калі народу гэта патрэбна, я падтрымаю, калі не – выбачайце”. Калі я сказаў яму пра ідэю помніка, ён адказаў тымі самымі словамі. І помнік быў зроблены – усе працавалі дабрачынна. А ўжо калі сабраліся людзі, і мы асьвяцілі помнік, тады, у апошні момант асьвячэньня, зьявіўся зь вянком кіраўнік гораду Генадзь Дзьмітравіч Карпенка. Ён як бы паставіў уладную пячатку: раз людзі так захацелі, то няхай так і будзе”.

Скобла: “Калі ўсталёўвалі – раіліся з народам. А ці раяцца, калі сабраліся дэмантаваць?”

Цімохін: “Калі яны і раяцца, дык зь вельмі вузкім колам людзей. Можа быць, з чальцамі “Белай Русі”, БРСМ, але з народам, зь вернікамі – не. Ведаю, што і да аўтара помніка, Сьвятаслава Паліводы, ніхто не зьвяртаўся. Я сёньня спэцыяльна пад’ехаў на плошчу і пабачыў, што там поўным ходам ідуць будаўнічыя работы, равуць трактары, падбіраюцца да помніка. Так бы мовіць, ажыцьцяўляецца канцэпцыя “Дажынак”.

Скобла: “Сытуацыю з помнікам я папрасіў пракамэнтаваць намесьніцу старшыні Маладэчанскага гарвыканкаму Людмілу Канановіч”.


Людміла Канановіч: “Па тэлефоне нічога сказаць не магу. Пакуль няма праекту плошчы. Калі будзе праект, тады толькі скажам. Прыяжджайце, сустрэньцеся з нашым старшынёй. Пакуль афіцыйна мы нічога не аб’яўляем і не гаворым. Пажадана, каб вы прыехалі, я не хачу па мабільным тэлефоне гэта абмяркоўваць. А адкуль у вас мой мабільны тэлефон? Звычайна я на такія тэмы размаўляю толькі ў кабінэце. Па гэтым помніку мы шукалі, падымалі дакумэнты, якім чынам ён усталёўваўся. На сёньняшні момант аніякіх дакумэнтаў па яго ўсталяваньні мы не знайшлі”.

Супольны малебен служаць ксёндз Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі і праваслаўны сьвятар Іаан Міцько

Скобла: “Гарвыканкам ня можа адшукаць дакумэнты, на падставе якіх помнік усталяваны. Што вы на гэта скажаце, спадар Лявон?”

Цімохін:
“Як гэта няма дакумэнтаў, калі сам кіраўнік гораду Генадзь
На адкрыцьці помніка прысутнічала ўся чыноўніцкая раць. Дык куды падзеліся дакумэнты? ...
Карпенка прысутнічаў і ўскладваў вянок? Разам зь ім была і дэлегацыя гарадзкога Савету дэпутатаў. Аздабленьне помніка бел-чырвона-белымі сьцягамі рабілася аддзелам культуры. Сакратар савету Валеры Костка, які, спадзяюся, вёў усю дакумэнтацыю, таксама прысутнічаў. На адкрыцьці помніка прысутнічала ўся чыноўніцкая раць. Дык куды падзеліся дакумэнты? Любыя дакумэнты можна пры жаданьні згубіць ці схаваць. Увесь народ ствараў і адкрываў помнік, ён столькі гадоў прастаяў, а цяпер – няма дакумэнтаў...”

Скобла: “Я папрасіў знанага мастака Аляксея Марачкіна вызначыць мастацкую, эстэтычную і гістарычную каштоўнасьць маладэчанскага помніка”.


Аляксей Марачкін: “Безумоўна, ён уяўляе мастацкую каштоўнасьць. Але ён мае і гістарычную каштоўнасьць, бо гэты сьветлы камень, гэты мармур прывезены з Карэліі, фактычна – з тых мясьцінаў, дзе загінулі шматлікія пакутнікі, ахвяры сталінізму. На помніку нездарма зьмешчаная выява крыжа Эўфрасіньні Полацкай – як сымбаль хрысьціянства. І дэмантаж гэтага помніка я магу расцэньваць толькі як барбарства”.

25 красавіка 1993 году. Помнік перад адкрыцьцём у атачэньні бел-чырвона-белых сьцягоў

Скобла: “Помнік быў асьвечаны сьвятарамі асноўных беларускіх канфэсій. Ці зьвярталіся вы, спадар Лявон, па дапамогу да царквы, да касьцёлу?”
аб перанесьці сьвятыню, трэба зноў сабраць горад, служыць агульны малебен, але і да сьвятароў улада не зьвярталася ...

Цімохін: “Я зьвяртаўся да каталіцкага сьвятара, і ён мне патлумачыў, што аніякага пераносу быць ня можа, таму што гэта сьвятыня. Каб перанесьці сьвятыню, трэба зноў сабраць горад, служыць агульны малебен, але і да сьвятароў улада не зьвярталася”.

Скобла: “Як паказвае досьвед, перад “Дажынкамі” нашы гарады істотна ператрасаюцца. Скажам, перад леташнімі “Дажынкамі” ў Лідзе было зьнішчанае месца пахаваньня ксяндза Фалькоўскага – удзельніка паўстаньня 1863 году. Якім чынам вы мяркуеце бараніць помнік?”

Цімохін: “Мы можам бараніць толькі словам. Я думаю, што гэта наш хрысьціянскі абавязак. Я хачу зьвярнуцца да паважаных кіраўнікоў нашага гораду, нашай вобласьці: “Паважаны спадар Дамаценка, паважаны спадар Батура, ад вас залежыць, ці будзе апаганена беларуская сьвятыня – помнік ахвярам сталінскага тэрору. Я вас прашу ад імя тых тысячаў людзей, якія сваёй працай, фізычнай ці духоўнай, спрычыніліся да яго ўсталяваньня. Гэты помнік – абярог нашай будучыні, у тым ліку будучыні вашых дзяцей. Ня дайце граху перайсьці вашу дарогу! Не давайце сьвятыні псам! Вы ж ведаеце, што сталася з тымі людзьмі, якія руйнавалі храмы і зрывалі зь іх крыжы. Апамятайцеся!”

P.S. Перадача “Прышэсьце барбараў у Маладэчне” выйшла ў эфір 12 красавіка, а 18.45. А праз тры гадзіны помнік быў дэмантаваны. Ягонае месцазнаходжаньне застаецца невядомым.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG