Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Малалеткін завяршае галадоўку пратэсту


Сяргей Малалеткін

Сяргей Малалеткін

З 1 красавіка 49-гадовы жыхар Воршы галадаваў на знак пратэсту супраць прысудаў удзельнікам менскіх падзеяў 19 сьнежня.

15 красавіка ў 20.00 Сяргей Малалеткін мяркуе выйсьці з галадоўкі: спачатку будзе ўжываць сокі і паціху пераходзіць на звыклы рэжым харчаваньня.

Ягоная галадоўка праходзіла пад дэвізам "15 дзён голаду — замест 15 сутак арышту", бо спадар Малалеткін пэўны, што 15 сутак арышту — гэта максымальнае пакараньне, якое магло б быць прысуджанае за ўдзел у "несанкцыянаванай акцыі", як гэта кваліфікуецца ў адміністрацыйным заканадаўстве. Таму пакараньні на гады зьняволеньня, якія атрымалі апазыцыйныя актывісты, ён лічыць выключна несправядлівымі.

Сяргей Малалеткін кажа, што галадоўка далася яму цяжка. Ён мусіў адмяніць прыём лекаў, якія ўжываў штодня з прычыны хранічных хваробаў, і схуднеў на некалькі кіляграмаў. Але ён пэўны, што зрабіў слушна: "У мяне чыстае сумленьне, бо я не застаўся ўбаку ад палітычных падзеяў і пратэставаў супраць несправядлівасьці як мог. Апрача гэтага, я шмат маліўся. Гэта была асаблівая малітва — вернікі мяне зразумеюць, што ёсьць адрозьненьне ў малітве на сыты страўнік і тады, калі адбываеш чысты пост. У пэўныя моманты было дужа цяжка, але я ведаў, на што йшоў".

Сяргей Малалеткін ужо меў досьвед галадоўкі: аднойчы ён адгаладаваў тыдзень. 15 дзён бязь ежы, на адной вадзе, ён пратрымаўся ўпершыню.

"Гэта дало мне маральнае права зьвярнуцца да Ўладзіміра Пуціна і Дзьмітрыя Мядзьведзева зь лістом, дзе было напісана: "З болем у сэрцы прашу вас зьдзейсьніць годны мужчынскі ўчынак і перастаць заплюшчваць вочы на тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі". Але адказу пакуль няма", — распавёў Сяргей Малалеткін.
XS
SM
MD
LG