Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі: допыты апазыцыянэраў у справе тэракту пачаліся


Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

У зьвязку зь менскім тэрактам у КДБ дапыталі каардынатара хрысьціянскіх дэмакратаў у Гомельскай вобласьці Юрыя Клімовіча. Пра гэта – гутарка з былым кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі, адным з кіраўнікоў стваранай партыі БХД Віталём Рымашэўскім.

Абламейка: Цяпер ва ўсіх на слыху і ў думках – тэракт у Менску. Учора Аляксандар Лукашэнка даручыў сьледзтву, ня гледзячы на пратэсты грамадзкасьці і Захаду, дапытаць лідэраў апазыцыі ў сувязі з тэрактам. Як вы ставіцеся да гэтых заяваў?

Рымашэўскі: Як да неабачлівых палітычных заяваў. І лічу, што як з боку апазыцыі, так і з боку ўлады ўсялякія спэкуляцыі на тэму тэракту вельмі небясьпечныя. Усё ж такі мы стаім перад жахлівай трагедыяй. Гэта тэракт супраць беларускага народу. Любыя спробы выкарыстаць тое, што адбылося, у сваіх палітычных мэтах, у мэтах зьнішчэньня сваіх палітычных апанэнтаў, безумоўна, недапушчальныя.

Абламейка: А вас, як аднаго з кіраўнікоў стваранай БХД, яшчэ не дапыталі ў сувязі з тэрактам?

Рымашэўскі: Не. Ніякіх сыгналаў з боку сілавых структураў у дачыненьні да мяне не было. Нашага каардынатара па Гомельскай вобласьці Юрыя Клімовіча выклікалі ў КДБ у сувязі з тым, што адбывалася. Але я спадзяюся, што гэта першы і апошні такі выпадак.

Абламейка: У апошнія тыдні яшчэ некалькі ўдзельнікаў Плошчы аказаліся на волі, а для некаторых іншых перакваліфікавалі абвінавачаньне на больш лёгкае. Чаму, на вашу думку, гэта было зроблена. Ці сапраўды такое цяжкае становішча ў эканоміцы, улады лічацца з думкай Захаду ці яны сапраўды вырашылі высьветліць рэальную віну кожнага з абвінавачаных удзельнікаў Плошчы?

Рымашэўскі: Складана ацэньваць матывацыю ўладаў. Але тое, што мы на свабодзе і што артыкул перакваліфікаваны, сьведчыць, што ўлада хоча захаваць свой твар. Ёй трэба нармалізаваць дачыненьні з Захадам і яна будзе рабіць усё магчымае дзеля гэтага. І гэта трэба скарыстоўваць, вызваляць тых, хто знаходзіцца за кратамі ці ўжо асуджаны.

Слухаць гутарку цалкам:

Гутарка зь Віталём Рымашэўскім, 14 красавіка 2011 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG