Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
14 красавіка ў Горадні прайшла акцыя падтрымкі журналіста Андрэя Пачобута, які знаходзіцца ў гарадзенскай турмк. Журналісты, грамадзкія актывісты, партыйцы падпісалі паштоўкі за краты, каб павіншаваць Андрэя з днём народзінаў. 16 красавіка яму спаўняецца 38 гадоў. Ахвотныя таксама далучыліся да агульнабеларускай кампаніі і падпісалі паручальніцтва ў пракуратуру з просьбай зьмяніць журналісту меру стрыманьня.

Заснавальнік Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін падпісаў паштоўку Андрэю Пачобуту, якога добра ведае:

«Я вельмі ўзрушаны, што праходзіць такая акцыя, і людзі высылаюць паштоўкі ў вязьніцу да Андрэя. Я яго вельмі добра ведаю, гэта сумленны чалавек і шкада, што ён мусіць цяпер знаходзіцца ў турме. Я вельмі ўважна чытаю ягоныя артыкулы і лічу, што там нічога такога не было, за што можна пасадзіць журналіста».

Кастусь Жынь, які раней узначальваў гарадзкую арганізацыю БНФ, тлумачыць, чаму неабходна падтрымаць журналіста Андрэя Пачобута:

«Падтрымаць толькі для таго трэба Андрэя Пачобута, што гэта вольны чалавек і змагаецца ён за тое, каб усе, хто жыве на гэтым беларускім памежжы, жылі паміж сабой у сяброўстве і адзін другому дапамагалі».

Гарадзенец спадар Уладзімір таксама напісаў у турму Андрэю Пачобуту. Ён вырашыў сказаць аб сваіх пачуцьцях у форме звароту да журналіста:
Сытуацыя, у якой невіноўныя людзі сядзяць у турме, абражае ўсіх нармальных людзей.

«Сытуацыя, у якой невіноўныя людзі сядзяць у турме, абражае ўсіх нармальных людзей. Таму неабходная падтрымка такіх людзей, як Андрэй. Ты павінен ведаць, што мноства людзей з табой, падзяляюць твае погляды і спадзяюцца, што ты хутка будзеш на волі».

Крымінальная справа супраць журналіста «Газэты Выборчэй» Андрэя Пачобута распачата 28 сакавіка.

6 красавіка яго арыштавалі, 9-га працягнулі меру стрыманьня на два месяцы. Пачобута будуць трымаць пад вартай да суду.

У крымінальнай справе два артыкулы: 368 (частка першая) — «аб абразе прэзыдэнта» і 367 (першая частка) — «аб паклёпе на прэзыдэнта». Сьледзтва вядзе Гарадзенская абласная пракуратура, у аснове справы — публікацыі Андрэя Пачобута.
XS
SM
MD
LG