Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Бандарэнка: «Мяркую, спатканьне з мужам дазволілі з пэўнай мэтай»


У КДБ адбылося спатканьне каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнкі з жонкай Вольгай. Ірына Халіп не была знаёмая з Сяргеем Марцалевым, разам зь якім яе будуць судзіць. Зьмітра Дашкевіча дагэтуль трымаюць на Валадарцы.

Вольга Бандарэнка: «Спатканьне было праз шкло, а калі Дзіму выводзілі, ён працягнуў да мяне руку, але дакрануцца адзін да аднаго нам не дазволілі». Паводле Вольгі Бандарэнкі, яе муж выглядае схуднелым, але не згубіў бадзёрага настрою. Вось якой Зьмітру Бандарэнку ўяўляецца палітычная сытуацыя ў краіне праз амаль 4 месяцы пасьля выбараў.

«Дзіма перадаваў усім вялікі дзякуй, хто змагаецца, выяўляе салідарнасьць, дапамагае. Сябрам і асабліва дзеячам культуры, музыкам, мастакам, якія падтрымліваюць. А яшчэ сказаў, што краіна, мяркуючы па ўсім, знаходзіцца ў такім крызісе, як палітычным, гэтак і эканамічным, што выйсьце толькі адно: каб усіх вызвалілі — і садзіцца за стол перамоваў. Канечне, я ў гэта асабліва ня веру, але ён кажа, што другога выйсьця ня бачыць.»

Як удалося атрымаць спатканьне, калі фігурантам справы 19 сьнежня ў гэтым звычайна адмаўляюць? Вольга Бандарэнка мяркуе, што ў КДБ далі дазвол на спатканьне, каб да мэдый дайшла інфармацыя, што сытуацыя ў СІЗА КДБ, маўляў, палепшылася: зараз да вязьняў пускаюць адвакатаў, аказваюць ім патрэбную мэдычную дапамогу, ліставаньне ідзе безь перашкодаў і гэтак далей. «Магчыма, гэта праўда, але адзначу, што тая ж мэдычная дапамога вельмі абмежаваная. Так, лекі Дзіму перадаюць, але яму патрэбнае лячэньне ва ўмовах стацыянару, у „амэрыканцы“ гэта немагчыма».

14 красавіка стала вядома, што справу Зьмітра Бандарэнкі перадалі ў Менскі гарадзкі суд. Разглядаць яе будуць разам з справамі журналісткі Ірыны Халіп, Паўла Севярынца і Сяргея Марцалева.
Севярынца яна хоць ведае, а з Марцалевым, кажа, увогуле незнаёмая.


Маці Ірыны Халіп Люцына Бяльзацкая: «Ірыну справу будуць разглядаць разам з Бандарэнкам, Севярынцам і Марцалевым. Севярынца яна хоць ведае, а з Марцалевым, кажа, увогуле незнаёмая».

Сяргей Марцалеў — кіраўнік выбарчага штабу Мікалая Статкевіча. Яго, як Ірыну Халіп, Зьмітра Бандарэнку, Паўла Севярынца і яшчэ шасьцёх чалавек, абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ва ўдзеле ў іх. За гэта пагражае да 3 гадоў зьняволеньня. Вядома, што Аляксандар Фядута з штабу былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева прызнаў сябе вінаватым паводле гэтага абвінавачаньня. Пазыцыя астатніх дакладана не вядомая.

Праваабаронца Наста Лойка паведаміла пра лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча, якога амаль месяц таму асудзілі за злоснае хуліганства на два гады зьняволеньня. Па той жа справе да 4 гадоў калёніі быў асуджаны маладафронтавец Эдуард Лобаў:

«Мы ведаем, што Лобава ўжо накіравалі ў калёнію, а Зьміцер яшчэ знаходзіцца на Валадарцы. Ён зараз будзе знаёміцца з пратаколам судовага паседжаньня, то бок будзе працягвацца працэдура касацыйнага абскарджваньня. У дадзены момант іх прысуд нават не ўступіў у сілу».

Усяго ў справах 19 сьнежня ўжо асуджана 10 чалавек. Тры атрымалі пакараньні, якія не зьвязаныя з пазбаўленьнем волі, а 7 чалавек, уключна з двума за злоснае хуліганства напярэдадні выбараў, асуджаныя да зьняволеньняў. Зь іх 5 ужо ў калёніях: па адным — у Воршы, у калёніі «Віцьба-3» пад Віцебскам, у магілёўскай, шклоўскай і івацэвіцкай калёніях.
XS
SM
MD
LG