Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рада Бясьпекі ААН асудзіла менскі тэракт


Рада Бясьпекі ААН асуджае тэракт у менскім метро, выказвае спачуваньні Беларусі, але адзначае, што антытэрарыстычныя меры павінны знаходзіцца ў рамках міжнароднага права, уключаючы правы чалавека. З заявай на гэты конт ад імя ўсіх членаў Рады Бясьпекі выступіў яе старшыня, сталы прадстаўнік Калюмбіі пры ААН Нэстар Асарыё. Паводле яго слоў, Рада Бясьпекі ААН "рашучым чынам асудзіла меркаваны тэрарыстычны напад у Менску 11 красавіка, які прывёў да шматлікіх смерцяў і раненьняў".

Члены Рады "выказваюць спачуваньні ахвярам гэтага гнюсна акту і іх сем'ям, народу і ўраду Рэспублікі Беларусь". ААН ізноў заяўляе, як адзначыў Асарыё, што "тэрарызм ува ўсіх яго формах і праявах становіць адну з самых сур'ёзных пагроз міжнароднаму міру і бяспецы і што любыя тэракты злачынныя і ня могуць мець апраўданьня, якімі б ні былі матывы, кім бы, дзе б і калі б яны ні ажыцьцяўляліся".

Сябры Рады пацвердзілі сваю рашучасць у адпаведнасьці са сваімі паўнамоцтвамі паводле статуту ААН "змагацца з усімі формамі тэрарызму". Пры гэтым, па словах Асарыё, члены Рады нагадалі дзяржавам, што яны "павінны забясьпечыць, каб усе меры па барацьбе з тэрарызмам прымаліся ў адпаведнасці зь іх абавязаньнямі па міжнародным праве, уключаючы міжнародныя правы чалавека і міжнароднае гуманітарнае права".
XS
SM
MD
LG