Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч пра тэракт у менскім мэтро, беларусаў і савецкага чалавека


Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч

Свой погляд на сэнс і наступствы тэрарыстычнага выбуху ў менскім мэтро мы папрасілі выкласьці пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч. Зь ёй гутарыў Юры Дракахруст.

Кар.: На ваш погляд, якія высновы вынікаюць з таго, што і ў Беларусь прыйшоў сапраўдны тэрарызм?

Алексіевіч: Мы зараз можам сказаць, што мы таксама не змаглі адсядзецца на завалінцы. У адной з найлепшых аповесьцяў Быкава "Знак бяды" герой думае, што перасядзіць вайну на хутары. А сканчаецца тым, што вайна яго зацягвае і ён гіне разам зь сям'ёй. Так і тут: гэтыя парадак і стабільнасьць, пра якія мы так шмат гаварылі, пра якія наша ўлада гаварыла, ня могуць супрацьстаяць глябальнаму сьвету, у якім нешта адбываецца з чалавекам. Страчаны сэнс жыцьця, каханьня, працы. Чалавек застаўся ў пустаце, ні з чым, твар у твар са сьмерцю.

Але самае страшнае -- што мы ў руках самотніка. Здаецца, што такіх будзе ўсё больш – тых, якія не вытрымліваюць ціску гэтага сьвету.
Частка людзей ідэйна займаецца зьнішчэньнем сабе падобных. Але самае страшнае -- што мы ў руках самотніка. Здаецца, што такіх будзе ўсё больш – тых, якія не вытрымліваюць ціску гэтага сьвету.

Кар.: Але калі справядлівая вэрсія сьледзтва, можа тут словы пра ўключэньне ў глябальны сьвет не зусім дарэчныя? Проста чалавек з псыхічнымі адхіленьнямі, але з добрымі тэхнічнымі здольнасьцямі. Ад гэтага ж ніхто не застрахаваны.

Алексіевіч: Сёньня ўлада прымае меры, якія, магчыма, вынікаюць зь яе сьветапогляду: трэба ціснуць, трэба сілай усё спыніць і яно спыніцца. Такі курс узяты пасьля выбараў, курс на сілу, на кантроль над грамадзтвам. Гаворыцца, што трэба дапытаць апазыцыю, тых, хто інакш думае, маўляў, яны павінныя ў тым, што ў паветры нейкі мікроб разбуральных ідэяў. Але гэты мікроб -- у паветры ня толькі Беларусі, ён у паветры ўсяго сьвету.

Мне пагрозы прэзыдэнта нагадалі мае ўражаньні, калі я была ў чарнобыльскай зоне неўзабаве пасьля выбуху. І там вакол рэактара вялізарная колькасьць людзей бегала з аўтаматамі. Поўная бездапаможнасьць чалавека перад новым выклікам. І зараз нешта падобнае адбываецца ў Беларусі. Здаецца, што калі ўсіх запалохаць, усіх пракантраляваць... Ды немагчыма ўсіх пракантраляваць. Як вы пракантралюеце маньяка-самотніка?

Тэрарызму можна супрацьпаставіць толькі ідэі, але ідэй сёньня ў сьвеце няма.
Тэрарызму можна супрацьпаставіць толькі ідэі, але ідэй сёньня ў сьвеце няма. Пасьля таго, як перасталі працаваць моцныя ідэі сацыялізму, фашызму, якія, хай шляхам сілы і крыві, маглі згуртаваць нацыю, то сёньня чалавек самотны. І сучасны тэхнагенны сьвет выклікае пратэст. Людзі са слабой псыхікай шукаюць такія формы самарэалізацыі. Мне здаецца, што ўсе бясьсільныя перад гэтым выклікам. Гэта ня толькі наша праблема.

І калі сёньня я чытаю, што, маўляў, Лукашэнка ўзарваў... Кепска, што людзі так думаюць, што гэта магла зрабіць улада. Я ня думаю, што наш сялянскі мэнталітэт здольны на такія рэчы, мы што зьверху, што зьнізу -- аднолькавыя людзі, гэта маларэальна. Мы проста ўключыліся ў гэты глябальны разбуральны працэс.

Кар.: Вы ўжо пачалі гаворку пра рэакцыю грамадзтва на выбух. Назіралася некалькі аўтаматычных рэакцыяў літаральна пасьля яго. Частка адразу адрэагавала (гэта было бачна, прынамсі, ў Інтэрнэце): гэта ўлада, гэта Лукашэнка, і думаць больш няма пра што. А з боку прадстаўнікоў улады мы чулі развагі пра тое, што і выбух у 2008 годзе, і падзеі 19 сьнежня, і валютны крызіс, і цяперашні тэракт -- усё гэта зьвёны аднаго ланцуга, вакол ворагі. Усё гэта гаварылася адразу, як толькі стала вядома пра тэракт. Што азначае такая аўтаматычная рэакцыя адных і іншых?

Алексіевіч: Яна азначае, што мы людзі пляскатага сьвету. Мы выйшлі са сьвету таталітарнага і аказаліся ў аўтарытарным сьвеце. Чорнае -- белае, белае -- чырвонае... Прызнаць, што сьвет больш складаны, чым адносіны Лукашэнкі і апазыцыі -- гэта для многіх людзей вялікая праца. Яны ізноў гатовыя дэлегаваць адказнасьць за тое, што адбываецца, некаму аднаму. Тым больш, што ўся сыстэма замкнёная на адным чалавеку. Яму прыпісваецца і ўсё лепшае, і ўсё горшае.

Гэта гаворыць аб інтэлектуальнай бездапаможнасьці і ўлады, і апазыцыі, і грамадзтва.
Гэта гаворыць аб няздольнасьці да самастойнага мысьленьня. Сьвет значна больш складаны, асабліва сучасны сьвет. А мы замкнуліся ў гэтай беларускай капсуле і сядзім у ёй нявылазна. І здаецца, што сьвет -- гэта нашы стасункі з нашым прэзыдэнтам. Гэта гаворыць аб інтэлектуальнай бездапаможнасьці і ўлады, і апазыцыі, і грамадзтва.

Кар.: Многія людзі -- і беларусы, і замежнікі -- адзначылі, што ў сытуацыі гэтага выкліку беларускае грамадзтва прадэманстравала даволі высокі ўзровень салідарнасьці і ўзаемадапамогі: таксісты вазілі людзей бясплатна, стаялі чэргі здаваць кроў. Вы згодныя з тым, што, нягледзячы на нязвыкласьць выкліку, беларускае грамадзтва прадэманстравала сваю моц?

Алексіевіч: Нешта падобнае адбывалася ў Японіі. Выклікала захапленьне тое, як яны паводзілі сябе ў гэты жахлівы час. Не было марадзёрства, нават аўтаматы з газіроўкай і шакалядам ніхто не чапаў. Я была ў Японіі і бачыла, што народ адчувае сябе адзіным цэлым.

І калі я слухала і чытала пра тое, што адбывалася ў нашым грамадзтве ў гэтыя дні, я падумала, што гэта зусім непадобна на тое, што адбывалася пасьля тэрактаў у Расеі.
І калі я слухала і чытала пра тое, што адбывалася ў нашым грамадзтве ў гэтыя дні, я падумала, што гэта зусім непадобна на тое, што адбывалася пасьля тэрактаў у Расеі.

Я зразумела, што ў Беларусі дагэтуль жыве савецкі чалавек. Мы пра гэта заўсёды гаворым са знакам мінус. Але ў яго было шмат перавагаў. Я мяркую, што менавіта гэта, плюс наша сялянская мэнтальнасьць, адыгралі сваю ролю. Быў гэты савецкі чалавек, які мог ахвяраваць сабой дзеля іншага чалавека. Мог і прасядзець у куточку, нічога не зрабіўшы для іншага, але мог зрабіць і тое, што нашы людзі і прадэманстравалі.

Мы дарма сьпяшаемся разьвітвацца з нашымі каштоўнасьцямі, якія напрацаваныя. Людзі ня выжывуць паасобку, трэба адчуваць сябе адзінай нацыяй, адным народам.

Там былі факты, якія ўражвалі. Калі жанчына выклікала таксі, казала, што ў яе дзіця не адказвае на тэлефон. І таксіст яе падвёз і ня ўзяў грошай. Гэта тое, што нам трэба шанаваць у сабе.

Гэтыя сілавыя прыёмы, якія ўжывае ўлада, яны вельмі небясьпечныя тым, што замест аднаго народу стане два. Падчас такіх падзеяў бачна, што людзі -- гэта ня тое, што пра іх кажа і ўлада, і апазыцыя. Гэта выдатныя савецкія людзі, якіх я люблю.

Кар.: Аднак вы ў свой час пісалі, што нам трэба пераадолець нашу культуру сьмерці, наша ўменьне паміраць і няўменьне проста жыць і радавацца жыцьцю. Але такія сытуацыі гавораць пра тое, што забываць гэты досьвед проста не атрымліваецца.

Алексіевіч: Проста ў сучасным сьвеце мяжа паміж вайной і мірам сьцёртая.
Калі ты толькі ўпусьціш страх у сябе -- ты прапаў, табе трэба зьяжджаць.
Тэрарызм цалкам разбурае традыцыйны вобраз сьвету. Я была ў Ізраілі, дык там людзі жывуць на антыдэпрэсантах. Увесь час. Калі ты толькі ўпусьціш страх у сябе -- ты прапаў, табе трэба зьяжджаць. Інакш ты ня вытрымаеш. Такі цяперашні час і нам нікуды ад гэтага не падзецца. Немагчыма жыць асобнай выспай, хай мы нават паставім кулямёты і ракеты ўздоўж мяжы.

І гэтыя якасьці нашага народу -- здольнасьць выжываць, згуртаванасьць, мужнасьць жыць, на жаль, яны ізноў патрэбныя.

Сьвет ня робіцца лепшым, як мы рамантычна верылі 20 гадоў таму, у часы перабудовы. Таго сьвету не атрымалася і ў пэўным сэнсе мы да гэтага гатовыя.

У мяне ў новай кнізе будзе расповед маці, дачка якой стала інвалідам пасьля тэракту ў маскоўскім мэтро. І яна казала -- я вельмі старалася не азлобіцца, але ў мяне гэта не атрымалася.

Я сама бачыла ў маскоўскім двары, як дзеці гуляюць у тэрарыстаў. І ўсе з ахвотай хочуць быць тэрарыстамі, ніхто -- ахвярамі. Гэтая гульня ў тэрарыстаў стала часткай нашага жыцьця.

У нашым сьвеце на зьмену гуманітарнаму чалавеку зьяўляецца чалавек палітычны. Усё гуманітарнае даверана царкве, якая спраўляецца з гэтым ня лепшым чынам, а займаецца дрэс-кодамі, гамасэксуалістамі і немаведама чым яшчэ. Чалавек палітычны і рацыянальны ня выжыве ў сучасным сьвеце, выжыве толькі гуманітарны чалавек. І атамізаваны чалавек ня выжыве.

З таго нашага жыцьця, якое мы пакінулі ў мінулым, нам трэба сёе-тое і ўзяць у дарогу. Я не кажу, што сталінскія лягеры -- гэта добра. Але калі вы ўвесь час жывяце, як на вайне, то ўзьнікае пачуцьцё чалавечага братэрства, суседзтва – і яго ня трэба губляць дзеля Мэрсэдэса і паездкі на Канары. Свабода аказалася больш складанай, чым мы думалі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG