Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузінскі банкір: «Тое, што адбываецца ў Беларусі, у нас немагчыма»


Марыям Мэгвінетухуцэсі

Марыям Мэгвінетухуцэсі

Падзеі на валютным рынку Беларусі выклікаюць неразуменьне ў міжнародных фінансістаў. Якім чынам у дадзенай сытуацыі мусіць дзейнічаць Нацыянальны банк? Чаму беларускія ўлады ўпарта адмаўляюцца ад дэвальвацыі рубля? На пытаньні Ігара Карнея адказвала Марыям Мэгвінетухуцэсі, сябра рады дырэктараў «TBC bank», аднаго з найбуйнейшых банкаў Грузіі.

У Беларусі два банкі — «Беларускі народны банк» і «Беларускі банк малога бізнэсу» — маюць у сваёй структуры значную долю грузінскага капіталу. Але ў той час як лары, нацыянальную валюту Грузіі, даводзіцца штучна абясцэньваць, каб мясцовая прадукцыя была канкурэнтаздольнай, улады Беларусі ад дэвальвацыі адмаўляюцца катэгарычна.

Марыям Мэгвінетухуцэсі, сябра рады дырэктараў «TBC bank», аднаго з найбуйнейшых банкаў Грузіі, лічыць, што ў падобнай сытуацыі асноўную ролю рэгулятара фінансавых працэсаў павінен узяць на сябе Нацыянальны банк краіны. Але якая павінна быць гэтая роля — суровага наглядальніка ці дарадцы?

— Магу сказаць, што незалежнасьць, прафэсіяналізм і сіла нашага грузінскага цэнтральнага банку — як рэгулятара — выявіліся падчас крызісу. Як вы можаце прыгадаць, адбыўся міжнародны валютна-фінансавы крызіс, плюс быў канфлікт з Расеяй. То бок для банкаўскай сыстэмы горшых умоваў нельга сабе нават уявіць. Але факт у тым, што ніводзін з грузінскіх банкаў не збанкрутаваў, таму што была вельмі моцная і прафэсійная рэгуляцыя, правільна выбудаваная. Вядома, да крызісу мы неаднойчы казалі, што, маўляў, занадта строгі Нацыянальны банк і г.д. Але насамрэч крызіс паказаў: яны мелі рацыю ў тым, што прад’яўлялі досыць жорсткія патрабаваньні да банкаў, і асабліва да капіталу — першаснага і другаснага капіталу.

— То бок, нягледзячы на крызіс, на збройны канфлікт з Расеяй, курс лары да асноўных валют істотна не зьмяніўся?

Грузінскі лары ня хоча дэвальвавацца.
— Не, зусім нязначна, калі глядзець на самой справе. Яшчэ раз паўтару: з аднаго боку, гэтаму спрыяе правільная фіскальная палітыка Нацыянальнага банку, зь іншага боку — манэтарная палітыка таксама. І асноўная праблема, якую Нацыянальны банк павінен у першую чаргу ўрэгуляваць, — гэта інфляцыйныя моманты. Для іх цяпер гэта галоўны прыярытэт. Але на гэты час, як мне бачыцца, усе захады, якія зараз робяцца, досыць эфэктыўныя.

— Ці прымальная сытуацыя, калі цэнтральны банк дыктуе падначаленым установам свае ўмовы? Напрыклад, каб валютны калідор на продаж валюты фізычным асобам быў ня большы за 2% ад афіцыйнага курсу, або — ня большы за 10% для безнаяўных апэрацый…


— Для нас гэта навіна, мы не ўяўляем сабе ніякага падобнага дыктату. Бо для ўсіх нас, хто працуе ў грузінскай фінансавай сфэры, гэты сэктар заўсёды быў настолькі свабодны, што шмат каму гэта проста незразумела. Барані Божа, але мы не ўяўляем сабе нічога падобнага. Прынамсі, у нашай найноўшай гісторыі такога не было. Лібэральныя адносіны з боку нашага цэнтральнага банку былі заўсёды, і ніколі так жорстка гэтая сфэра не рэгулявалася.

— Беларускі фінансавы рынак перажывае сапраўдную паніку. Нацбанк перастаў прадаваць камэрцыйным банкам валюту для абменьнікаў, у выніку чаго людзі кінуліся скупляць усё, што можна — разыходзіцца золата ў зьлітках, срэбныя манэты…

— Зразумела, інвэстуюць у мэтал… Магу сказаць, што нічога падобнага ў Грузіі не было. Была нязначная дэвальвацыя лары, але на самой справе гэта пацягнула за сабой толькі тое, што людзі свае зьберажэньні, якія яны трымалі ў лары, тэрмінова перавялі ў даляры. Але ўсё гэта было адкрыта, цывілізавана. Такога моманту, каб валюта зусім на рынку зьнікла, натуральна, не было.

— То бок валюту заўсёды можна было і набываць, і прадаваць абсалютна свабодна?

— Так, заўсёды абсалютна свабодна можна было прадаць ці набыць валюту. Іншымі словамі, свабодна канвэртаваную валюту можна ўвозіць і вывозіць з краіны без аніякіх праблемаў. Заўсёды, пачынаючы ад абвяшчэньня краінай незалежнасьці, можна было свабодна і купіць, і прадаць любую валюту. Пытаньняў у гэтым зьвязку не ўзьнікала ні раней, ні цяпер.

— Міжнародны валютны фонд рэкамэндуе Беларусі правесьці дэвальвацыю. Улады не ідуць на такі крок у тым ліку і таму, што пры падобным раскладзе абяцаны заробак у 500 даляраў зноў ператворыцца ў фікцыю. У Грузіі палітыка часта ўмешваецца ў фінансавую сфэру?

— Палітыка, мабыць, заўсёды ўзьдзейнічае на фінансавы сэктар, дакладней, на яго асобныя напрамкі. Але ў асноўным у Грузіі і палітыка эканомікі зьвернутая на выяўленьне прыярытэтаў для далейшага разьвіцьця. Прыкладам, на працягу апошніх некалькіх гадоў такой палітыкай было фінансаваньне інфраструктурных праектаў, будаўніцтва гатэляў для разьвіцьця турызму і г.д. То бок у гэтым сэнсе — так, ёсьць падказка кірунку разьвіцьця, куды інвэставаць самой краіне, у якія галіны. Гэта, вядома, заўсёды дзейнічала. Але не інакш.

— Дэвальвацыя лары пры нейкіх умовах магчымая? Вы бачыце нешта, што магло б нэгатыўна паўплываць на курс нацыянальнай валюты?

— Мы лічым, што ў гэтым годзе будзе сур’ёзны эканамічны рост, Міжнародны валютны фонд лічыць гэтаксама. Таму ў нас няма ніякай падставы для сур’ёзнай дэвальвацыі лары.

— Найбуйнейшы ў краіне «Банк Грузіі» ўжо працяглы час мае бізнэс-інтарэсы ў Беларусі. «TBC bank» разглядаў такую магчымасьць?

— Мы глядзелі на розныя рынкі. Але пакуль прадстаўленыя пераважна на Каўказе, як прыклад — у Азэрбайджане. Мы лічым, што гэта вельмі пэрспэктыўны рынак. Беларусь, я лічу, таксама досыць пэрспэктыўны рынак, зыходзячы перадусім з геаграфічнага становішча краіны. Яна насамрэч знаходзіцца ў Эўропе. Таму я веру, што ў Беларусі будуць пэрспэктывы, калі, вядома, будуць праведзеныя адпаведныя рэформы. У прынцыпе, кірунак цікавы. Але для нас пакуль што Каўказ — гэта больш прыярытэтны рынак, і зараз мы не асабліва глядзім у бок Беларусі. Прынамсі пакуль што — не.

— Пакуль што на ўзроўні размоваў, але абмяркоўваецца магчымасьць увядзеньня візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Грузіяй…

— Ну вось, мяркую, што гэта будзе таксама вельмі праблематычным момантам для далейшага існаваньня прадстаўніцтваў любых грузінскіх кампаній ў Беларусі. На вялікі жаль.

Галоўны офіс «TBC bank» у Тбілісі.
XS
SM
MD
LG